Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Клаўдзія Каліна - Ліпень
Неяк раз запрасіла Вясна з заморскіх краёў да сябе ў госці пчаліны рой.
Прыляцелі пчолы да Вясны, спадабалася ім тут. Сады цвітуць, прыгожыя кветкі на лугах. Ёсць з чаго пчолам збіраць мёд. І яны збіралі нектар, пылок з кветак і за работаю не згледзелі, як Вясна адышла і прыйшло Лета.
Аднойчы ранкам вылецелі пчолы ў сад, а там усе кветкі з дрэў асыпаліся. Паляцелі пчолы на лугі, а там пракосы ляжаць. Падаліся на палеткі канюшыны, і тут усё скошана. Зажурыліся пчолы і вярнуліся да сваёй маці.
– Што ж нам рабіць? – бедавалі яны. – Лета атрэсла з садоў усе кветкі, скасіла ўсе краскі на лугах і палях… Як жыць? Вясне новага мёду не хопіць на доўгую зіму!
– Не журыцеся, мае дзеткі! – супакоіла іх пчаліная маці. – Паляцім усім роем да Лета, папросім, можа, яно дасць якую раду.
Знайшлі пчолы Лета на лузе, яно касіла траву.
– Што ж ты нас крыўдзіш, Лета? – загулі пчолы. – Вясна нас запрасіла да сябе, расквеціла сады… А ты ўсе галінкі атрэсла, лугі скасіла, усё высушыла… няўжо ты не ведаеш, што мы без красак і без работы загінем?!
Выслухала Лета пчол, задумалася.
– Не ведала я, што вам патрэбны кветкі, але пачакайце, можа, мае месяцы нешта параяць…
– Эгэ-гэ-гэ! Дзе вы, мае месяцы? – гукнула Лета.
Выбеглі з зялёнага гаю тры вясёлыя, загарэлыя летнія месяцы, сталі ў рад.
– Мы тут, Лецейка! Што загадаеш? – спыталі.
– Памажыце пчолам! – папрасіла сваіх месяцаў Лета і расказала ім пра пчаліную скаргу.
– Я толькі магу падоўжыць дзень, каб пчолы маглі больш красак абляцець, – сказаў першы месяц Лета.
– А я замест скошаных красак падгадую новыя, – паабяцаў трэці, апошні месяц.
– А што ж ты маўчыш? – спытала Лета ў сярэдняга месяца.
Сярэдні месяц доўга думаў, што яму зрабіць, каб памагчы пчолам.
– Я расквечу ліпы, яны яшчэ не цвілі! – радасна сказаў ён. – Вось і будзе пчолам удосталь і працы, і мёду.
– Вельмі добра ты прыдумаў! – зарадавалася Лета. – За тое, што ты расквеціш ліпы і дапаможаш пчолам, ты і будзеш звацца Ліпень.
– Дзякуй табе, Ліпень! Добры Ліпень! Шчодры Ліпень! – загулі пчолы і паляцелі да ліп.
І да гэтага часу пчолы дзякуюць шчодраму Ліпеню.
– Дзя-дзя-куй! Дз-дзякуй! – дзынкаюць яны над ліпамі.
Пастойце хвілінку ў ліпені пад расквечанымі ліпамі, прыслухайцеся, самі пачуеце.
Похожие статьи:
Мікола Чарняўскі → Мікола Чарняўскі - Цымбалы