Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Клаўдзія Каліна - Красавік
Ці ведаеце вы, чаму ў Красавіку так хораша і столькі красак?
Ды таму, што Красавік – мастак. Быў час, калі Красавік самы першы раз прыйшоў на зямлю. І не спадабалася яму пасля зімы пажоўклая трава, шэрае неба, чорная зямля… І рашыў ён усё-ўсё перафарбаваць.
Узяў Красавік фарбы і пэндзаль і перш-наперш памаляваў неба ў сіні-сіні колер, а на ім белыя-бялюткія аблокі. Затым перамаляваў палі.
Дзе зялёнай, дзе жаўтаватай, дзе шэрай фарбай мазнуў. Лугі вымаляваў у ясна-зялёны колер, а па тых лугах-мурагах давай пырскаць то блакітнай, то жоўтай, то белай, то ружовай фарбамі…
І якіх толькі красачак не з’явілася на лузе! Аж у вачах мільгаціць.
– Ну, а цяпер падамся ў лясы, – сказаў Красавік, – гляну, што там трэба падмаляваць.
І падаўся ў лес.
– Эгэ-гэ-гэ! – загукаў ён. – Сосны, яліны! Вольхі, асіны! Дубы, ясені! Ліпы, клёны, бярозы! Усе, хто зможа, ідзіце да мяне!
І пайшлі да Красавіка дрэвы, а ён каму чырвоны камель намалюе, каму жаўтаваты, каму карычневы, шэры, чорны, срабрысты… Амаль усе фарбы вымаляваў, аж стаміўся. А тут прыбегла да яго Бярэзінка, задыхалася, ледзь стаіць з апушчаным веццем.
Глянуў Красавік, а ў яго ўсяго толькі адна белая фарба асталася.
– Будзеш белаю, – кажа Бярэзінцы.
– Няхай белаю, толькі не чорнаю… Не хачу быць чорнаю!
А да гэтага Бяроза чорнаю была.
Пачаў Красавік маляваць Бярозу ў белы колер, але фарбы не хапіла, дык сям-там чорныя лапікі асталіся.
Адышоўся, глянуў на сваю работу: стаіць сярод чырвоных сосен ды шэрых ялін белая-бялюткая Бярозка, нібы тая дзяўчынка ў белай сукеначцы.
І такая яна стала прыгожая, што Красавік ажно засмяяўся. Адклаў ён убок свае фарбы і пэндзаль, выразаў з вербалозу дудку, сеў пад Бярозаю ды зайграў.
І так прыгожа, што ў Бярозы аж слёзы пакаціліся.
І цяпер, бывае, вясною сядзіць Красавік пад бярозкаю і грае на дудачцы. Пайдзіце ў вясновы лес, прыслухайцеся, можа, і сустрэнецеся з Красавіком. І на Бярэзінку паглядзіце… Стаіць яна, апусціўшы вецце, слухае песню Красавіка, і часам капне на зямлю празрыстая бярозавая слязінка.
Але бярозавыя слёзы не салёныя, а салодкія, бо плача яна не ад гора, а з радасці.
Похожие статьи:
Пераказы, дыктанты → Красавік – мастак
Артур Вольскі → Артур Вольскі - Упарты снег