Месяц Верасень багаты – у яго залатыя шаты. Ходзіць ён па зямлі і дорыць ёй свае багацці.
Зайшоў Верасень у сады цяністыя, атрос ігрушы залацістыя. Асыпаў з яблынь духмяныя антонаўкі, чырвоныя крамяныя малінаўкі, захінуў туманамі слівы сінія…
Выйшаў у поле, наставіў мяхоў бульбы, на лузе склаў у копы траву і падаўся ў лес.
Ідзе Верасень лесам, прыбірае дрэвы ў дарагія ўборы: бярэзінку – у золата, асіну – у чырвань, на дубы навесіў медны ўбор. Не забыўся і пра каліну ды рабіну, прыхарашыў іх пацеркамі чырвонымі. Пад пянёчкі ды пад кусточкі пасадзіў грыбочкі…
Азірнуўся Верасень, паглядзеў навокал: гарыць-палае асенні лес! Вось толькі ўнізе трава сухая і пажоўклая. Няма красак, адцвілі за лета.
Страсянуў Верасень з дрэў буйную расу – і дзіва! Упалі да камлёў4 зялёных сосен ды залатых бяроз драбнюткія званочкі! Зацвілі верасы! Загулі, зазванілі званочкі! Клічуць дзяцей у школу.
Багаты месяц Верасень, багаты! Ён падараваў зямлі пышныя шаты. Насыпаў поўныя засекі5 збожжа. Адзеў у золата лясы і расквеціў верасы.
Таму і завуць яго Верасень.
Похожие статьи:
Клаўдзія Каліна → Клаўдзія Каліна - Песня вясны
Клаўдзія Каліна → Клаўдзія Каліна - У студзеньскую ноч
Клаўдзія Каліна → Клаўдзія Каліна - Зімовы Дуб
Янка Купала → Янка Купала - Явар і каліна
Пераказы → Галінка каліны ў лётным планшэце