Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Клаўдзія Каліна - Песня вясны

   Злая Зіма пасля доўгай вандроўкі падалася назад у свой край, дзе ніколі не бывае лета, дзе ўсё закута ў лёд і занесена снегам.
   Яна ішла па дрымучым лесе. А следам з мяшком снегу за плячамі бегла Завея. Яе сівыя кудлы былі не прычэсаны, адзенне вісела на ёй пашарпанымі шматкамі.
   – У-у-у-у! – жаласна завывала Завея. – Гэта бязлітаснае Сонца так рада Вясне, што хоча загубіць нас.
   – Не выходзь на прагаліны, трымайся ценю, – сказала Зіма.
   А за імі з праталінкі на праталінку бегла басаногая Вясна. На плячах у яе сядзелі дзве птушкі і весела спявалі:

Уцякай, злы Мароз,
Кідай санкі, бяры воз!

   Там, дзе ступала Вясна, падымала галоўку блакітная кветачка пралеска. Яна выпроствала сваю зялёную ножку і цягнулася ўсе вышэй і вышэй да Сонца.
   Убачыла Зіма пралеску,  азірнулася  і гнеўна пагразіла Вясне:
   – Я замарожу твае кветкі!
   Вясна ўсміхнулася, кіўнула на блакітнае неба і адказала на пагрозу:
   – Паслухай, як заліваецца звонкай песняй жаваранак. Яго ты не замарозіш. А гэта мой пасланец.
   Злосная Зіма закрычала што мела сілы на Вясну:
   – Рана ты смяешся! Глядзі. – І дзьмухнула Зіма холадам на блакітную кветачку, а Завея страсянула галавой, заматляла сваімі кудламі і сыпнула з мяшка снегам.
   Вясна знікла ў снежнай завірусе. Зіма ўзрадавалася сваёй сіле. Яна бачыла, як упалі шэранькімі камячкамі і схаваліся ў кустах жаваранкі, як паніклі і апусцілі галоўкі пралескі.
   – Ха-ха-ха! – зарагатала Зіма. – Хто з нас дужэйшы? Дзе твае кветкі, Вясна? Чаму змоўк жаваранак? Я ўсё загубіла, усё памарозіла. А мая служка Завея замяла іх снегам, пахавала навекі.
   Выйшла Зіма з-пад густых ялін на паляну, радасна паглядзела на засыпаную снегам зямлю і гукнула зноў:
   – Прыгажуня-вясна, хто тут гаспадыня, я ці ты?
   Пачула гэта ласкавае Сонца, выглянула з за хмар і сваімі цёплымі праменнямі прайшлося па зямлі. Адразу падняўся ўгору жаваранак. Зноў палілася ў вышыні цудоўная песня Вясны і Сонца. Зноў падняла галоўку сіняя пралеска. Памытая снегавой вадой, яна яшчэ больш пахарашэла.
   Застагнала ад лютай злосці Зіма, падхапіла Завею ды ходу далей, на поўнач.

 

Похожие статьи:

Клаўдзія КалінаКлаўдзія Каліна - Буслы

Янка КупалаЯнка Купала - Явар і каліна

Клаўдзія КалінаКлаўдзія Каліна - Зімовы Дуб

Пераказы, дыктантыГалінка каліны ў лётным планшэце

Клаўдзія КалінаКлаўдзія Каліна - У студзеньскую ноч