Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Клаўдзія Каліна - Буслы
Здарылася гэта яшчэ ў той час, калі буслы ў наш край рэдка прыляталі і ногі ў іх тады былі не чырвоныя, як цяпер, а белыя.
Аднаго разу вясной прыляцелі яны ў нашу пушчу і селі на сухую верхавіну высокай сасны, што расла на ўзлессі.
– Вось тут і зробім сабе гняздо, – сказаў бусел. – Тут рэчка блізка, балота побач, вужоў і жаб многа, будзе нам і нашым дзецям спажывы даволі.
І пачалі буслы насіць на дрэва сухое ламачча, мох, сталі будаваць сабе дамоўку.
А трэба сказаць, што вясна таго года была няўдалая: то сонца прыпячэ, то снег пойдзе, то мароз ударыць.
Прачнуліся аднойчы бусел з бусліхай на досвітку, а вакол усё снегам пакрыта. Паляцелі яны на балота, хацелі спажыву сабе здабыць, але нічога не знайшлі. Усё замерзла, заледзянела. Памарозілі буслы свае босыя ногі і вярнуліся назад.
А тут новая бяда! Вецер разбурыў і раскідаў гняздо.
Селі птушкі на сасне і зажурыліся.
– Што ж мы з табой будзем рабіць? – загаласіла бусліха. – Давядзецца памерці з голаду і холаду...
Падумаў, падумаў бусел і так адказаў буслісе:
– Не плач, сяброўка дарагая, давай паляцім да людзей. Можа, яны нас пусцяць пагрэцца. Бачыш, вунь, на ўзлессі, хата стаіць. Давай папросімся туды.
А ў той старэнькай хатцы жылі дзед і баба. Ніякае гаспадаркі ў іх не было, адна старая сівая авечка. Баба прала з воўны ніткі, рабіла панчохі добрым людзям. А дзед лавіў рыбу. Так яны і жылі.
Тае раніцы дзед з бабай якраз былі ў хаце. Раптам чуюць:
– Тук, тук, тук! – пастукаўся нехта ў дзверы.
– Пайдзі, дзед, паглядзі, хто гэта там стукае, – сказала баба.
Адчыніў дзед дзверы, глядзіць – ажно буслы стаяць. Змерзлі, дрыжаць. То адну, то другую нагу падымаюць...
– Ой, баба, зірні, якія госці да нас прыйшлі! – гукнуў дзед.
– Заходзьце, заходзьце хутчэй у хату, – сказала баба.
Упусцілі дзед з бабай буслоў у хату, абагрэлі, накармілі чым толькі маглі.
Паглядзела баба на босыя ногі птушак і кажа:
– Дам я вам, буслы, панчохі цёплыя, каб не мерзлі вашы ногі, а то вёсны ў нас халодныя часта бываюць.
І дала птушкам па пары панчох. Ды толькі панчохі тыя чырвоныя былі, з пафарбаванае пражы.
Надзелі буслы панчохі, і так ім зрабілася добра і цёпла, што і мароз не страшны.
Дзед старое кола на страсе сваёй хаты прыладзіў, і буслы зрабілі сабе новае гняздо, больш надзейнае і трывалае.
Пачалі з таго часу буслы каля людзей трымацца, рабіць свае дамоўкі на стрэхах, на дрэвах, бліжэй да людскіх паселішчаў.
А тыя чырвоныя панчохі, што дала ім добрая бабка, буслы і цяпер носяць.
Похожие статьи:
Янка Брыль → Птушкі i гнёзды. Сцюдзёны вырай. Аповесць першая
Янка Брыль → Раман Янкі Брыля "Птушкі і гнёзды". Вобраз Алеся Руневіча
Янка Брыль → Увесь свет — адзін дом (па раману Янкі Брыля "Птушкі i гнёзды")
Янка Брыль → Птушкі i гнёзды. Гнёзды за дымам. Аповесць другая