Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Кандрат Крапіва - Мілы чалавек

   Сатырычная камедыя «Мілы чалавек» (1945) стала выдатнай з'явай не толькі беларускай, але і ўсёй савецкай камедыяграфіі. Выдатнай і нечаканай, калі ўлічыць, што менавіта на сярэдзіну — канец 1945 г. прыладае новы ўсплёск параднай літаратуры. Арыгінальная, нязвыклая камедыя і па сваёй форме: сцэнічная ўмоўнасць даведзена драматургам да самага высокага ўзроўню — гледачы прысутнічаюць пры непасрэдным стварэнні камедыі, калі аўтар вуснамі аднаго з галоўных герояў Язвы абмяркоўвае з імі і персанажамі далейшае развіццё дзеі. I гэта яшчэ не ўсё. «Мілы чалавек» з'яўляецца рэдкім у мастацкай практыцы творам — апалогіяй жанру сатырычнай камедыі. Заявіўшы ў пралогу аб правамернасці, жыццяздольнасці і неабходнасці гэтага жанру, аўтар трыма актамі дзеі бліскуча даказаў свой тэзіс. Да мэты ж яго прывяло майстэрскае, бязлітасна-вынаходлівае зрыванне маскі з мілага чалавека — Дзям'яна Дзям'янавіча Жлукты. Такіх людзей, якія, усякімі няпраўдамі ўхіліўшыся ад фронту, вельмі камфортна — за чужы кошт — уладкоўваліся ў глыбокім тыле, Кандрат Крапіва сустракаў нямала. Нават сярод сваіх знаёмых-землякоў. I яго да глыбіні душы абураў цынізм гэтых філосафаў жывата, якія раскашавалі-жыравалі ў час, калі іншыя пралівалі на франтах кроў. Адсюль аўтарская няшчаднасць сатырычнага выкрыцця Жлукты, гнюснага дэзерціра, які ў лістападзе 1941 г. прыбыў у тылавы горад Н., каб пераседзець ваенную навалу. Жаданне выжыць любой цаной, гатоўнасць адштурхнуць слабейшага, культ уласнага трыбуха — вось, па сутнасці, гэтым і вычэрпваецца яго жыццёвае крэда. Цікава, што ўсё гэта Жлукта называе прынцыпамі. Праўда, іх у яго толькі два: першы — я хачу жыць; другі — я хачу жыць па-людску. Гэта значыць, жыць з шыкам. Дзеля дасягнення сваёй мэты ён адкрывае ў горадзе блаткантору па аказанні паслуг, не прадугледжаных законам, паступова ўцягнуўшы ў махінатарскія цянёты вялізную колькасць «патрэбных» людзей — прадстаўнікоў улады, кіраўнікоў розных прадпрыемстваў. «Жлукта — гэта ж страшны тып. Гэта зяпа, міла ўсміхаючыся, злопае вас так, што вы і не агледзіцеся... У той час, калі людзі перажываюць вялікія цяжкасці, калі праліваецца святая кроў нашага народа, гэты агідны клоп тлусцее на нашай бядзе». Гэтыя словы належаць Антону Макаравічу Канягіну, намесніку старшыні гарсавета горада Н. Праўда, сказаны яны ў заключнай сцэне камедыі, а да гэтага менавіта Канягін быў самым актыўным патуральнікам і заступнікам Жлукты. I не заўсёды бескарысным.
   Мяняюцца часы, а разам з імі і нашы погляды на многія этычныя паняцці. Аднак развянчанне жлуктаўшчыны — цынічнага махлярства, беспрынцыповасці, кумаўства, пратэкцыянізму і ашуканства грамадства ў карыслівых мэтах — не страціла сваёй актуальнасці: і ў рыначных адносінах чалавек павінен заставацца чалавекам.

Похожие статьи:

Кандрат КрапіваКандрат Крапіва - Махальнік Іваноў

БиографииКандрат Крапіва

Кандрат КрапіваКандрат Крапіва. Хто смяецца апошнім. Аналіз твора

Кандрат КрапіваІдэйная накіраванасць камедыі Кандрата Крапівы "Хто смяецца апошнім"

Кандрат КрапіваКандрат Крапіва — байкапісец. Ідэйная накіраванасць баек, іх мастацкія асаблівасці. Сатыра і гумар у байках