Я іду ў пуховых тапках,
На каціных мяккіх лапках.
Заглядаю пад павеці,
Лашчу коласу вусы.
Я ў сукеначцы з паветра,
Я ў касыначцы з расы.
Ціха, гром,
Гурчаць не трэба!
Ціха, мушка, не звіні!
Дай паслухаць, як у дрэва
Прарастаюць карані,
Як вадзіца дрэмле ў кране,
Як гусцее ў сотах мёд,
Як гарбуз вяроўку цягне
У бульбоўнік цераз плот.
Ціха сонца дагарае
I хаваецца за гаем.
Не глядзіце ўдалеч сумна.
Я тут блізка, за сцяной.
Я іду,
Я сон нясу вам.
Я завуся цішынёй.
Похожие статьи:
Пераказы → Цішыня (Паводле I. Пташнікава)
Анатоль Вярцінскі → Анатоль Вярцінскі - Тры цішыні
Пераказы → Званы Хатыні
Пераказы → Цішыня (Паводле Л. Дайнекі)
Пераказы → Чароўная асенняя пара