Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Казімір Камейша - Адкуль прыйшоў гліняны пеўнік
Некалі ў дзяцінстве падарылі мне глінянага пеўніка. Ах, што гэта быў за пеўнік!.. Статны, яркахвосты, з пышным грабянцом. А як свістаў ён! Прыкладзеш да вуснаў – і адразу ліецца яркі, густавата-цёплы галасок. А пачнеш перабіраць пальцамі па дзвюх адтулінах збоку – голас пераломіцца, як быццам перабяжыць з берага на бераг, а то і зусім рассыплецца на дробныя падгалоскі.
Доўга не ведаў я, адкуль прыйшоў да мяне гліняны пеўнік. І вось аднойчы даведаўся. Хачу расказаць пра гэта і вам.
Неяк прыехаў я ў пушчанскі гарадок Івянец, што на беразе ракі Волма. Іду па вуліцах, прыглядаюся да акон. І на кожным бачу кветкі. А растуць яны ў прыгожых гліняных вазонніцах. Тут я і ўспомніў пра свайго глінянага пеўніка.
І яго, і тыя вазонніцы, аказваецца, стварылі адны і тыя ж людзі, івянецкія ганчары. І пайшоў я на тутэйшы завод мастацкай керамікі, дзе яны працуюць.
У прасторных цэхах кіславата пахла свежай глінай, павольна беглі стужкі канвеераў, моцна дыхалі цяплом электрапечы. Каля іх завіхалася многа людзей. Канвееры неслі да печаў яшчэ сырыя вазы, кубкі, сподкі. Але ўвесь сакрэт адкрыўся мне, калі зазірнуў у некалькі пакояў, што былі тут, у цэху. Гэта рабочыя месцы вядомых усёй рэспубліцы ганчароў Міхаіла Звярко, Антона Пракаповіча.
…Круціцца і круціцца ганчарны круг – невялікі станок з кружочкам наверсе. Міхаіл Звярко бярэ ў руку камячок мяккай карычневай гліны, кладзе яго на круг – і вось ужо творыцца сапраўднае дзіва. Спрытныя рукі ганчара вырабляюць самае неверагоднае. Камячок расце, выгібаецца, набывае форму. Вось ён пачынае звужацца ў гарлавінку, зверху зноў крыху расшыраецца. Здагадваешся, што гэта павінен быць гарлачык. Усё і сапраўды нагадвае дзіва, як быццам на вачах тваіх распускаецца незвычайная кветка.
І вось гарлачык гатовы. Майстар ставіць яго на паліцу і кладзе на круг новы камячок гліны. Галоўнае зроблена, але шлях гарлачыка яшчэ не завершаны. Яму трэба прайсці загартоўку ў печы. Потым яго пакрыюць глазурай і адправяць у печ другім кругам.
Бачыў я на фабрыцы самыя розныя вырабы: збанкі, міскі, вазы, гліняных баранчыкаў і птушак.
Нялёгкая праца ў ганчара. Цяпер круг верціць электрычны матор. А калісьці круцілі яго нагамі. І рабілі яны за дзень столькі рухаў, што, калі б перавесці іх у крокі, атрымалася б адлегласць у семдзесят кіламетраў. Гэта – шлях ад Івянца да Мінска.
Круціцца ганчарны круг. Вырастае ў руках майстра гарлачык.
А вось каб стварыць глінянага пеўніка, ганчар карыстаецца спецыяльнымі палачкамі. Гэта – горлышка, шыпуль, трасціна. Нараджэння яго бачыць не давялося, але пасля наведвання ганчароў мне здалося, што я пабываў у дзяцінстве і сустрэў свайго глінянага пеўніка.
Похожие статьи:
Рыгор Барадулін → Рыгор Барадулін - Пеўнік-весялун
Казімір Камейша → Казімір Камейша - Гліняны пеўнік
Станіслаў Шушкевіч → Станіслаў Шушкевіч - Хрыпаты пеўнік