Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Зоська Верас - Птушыная ёлка

І

   – Юрачка, устань, сынок, і паглядзі ў акно. Уначы снегу нападала.
   – Як на снезе добра ўсё відаць! Як міла кругом, як прыгожа! Татачка, а там на галінцы што сядзіць, нейкі шэранькі клубочак?
   – Гэта птушачкі, Юрачка. Яны-то не рады, што снег усё засыпаў, бо не маюць чаго есці. Ні зярнятка нідзе не знойдуць. Ды і зімна ім, маленькім. Бачыш, як наставілі пёркі?..
 

ІІ

   Засумаваў Юрачка ды моцна задумаўся... Як шкода птушачак! Пад’еўшы, пабег да суседскага хлопчыка Вінцуся.
   – Што ж, Юрачка, – прывітаў Вінцусь таварыша, – на саначкі пойдзем?
   – На саначкі пойдзем, але ведаеш, Вінцусь, птушкі бедныя не маюць чаго есці.
   – Ну дык што ж? Трэба іх накарміць!
   – Накормім, накормім! – усцешыўся Юрачка. – А чым?
   – Знойдзецца чым. Назбіраем крошак хлеба, крыху рознага збожжа...
   – А дзе мы ім пасыплем? У снег няможна, бо не знойдуць, – непакоіўся Юрачка.
   – Не, не ў снег, на дошчачку, а дошчачку на дрэва павесім... Ведаеш, Юрачка, на гэтай ялінцы, што каля плота расце...
   – Дык гэта будзе птушыная ёлка?
   – Так. Ну, ідзём...
 

ІІІ

   Умоманцік знайшліся і дошчачка, і шнуркі, і дроцікі, ды ўсё, што было патрэбна, і пачалося прыбіранне «ёлкі». Добра-такі хлопчыкі намучыліся, пакуль усё наладзілі. Але затое якая багатая была «ёлка» і колькі на ёй розных прысмакаў! На дошчачцы ляжалі крошкі хлеба, зярняты маку, жыта, ячменю, канопляў, сланечніку, лёну. На галінках віселі пучкі асоту, чырванелі букецікі рабіны, чарнелі пацеркі ягад белага бэзу... Рады былі хлопчыкі са сваёй работы і паспяшаліся схавацца, каб чаканыя госцейкі не баяліся ды хутчэй браліся за ежу.
 

ІV

   Птушкі даўно заўважылі, што каля ялінкі нешта цікавае робіцца, але не мелі адвагі. падляцець бліжэй. Прысутнасць дзяцей іх палохала.
   Ды толькі хлопчыкі ўвайшлі ў хату, паміж птушкамі пачаўся рух. Пералятаючы з галінкі на галінку, з дрэва на дрэва, па-маленечку шэрая грамадка набліжалася да цудоўнай «ёлкі». Ужо зусім блізка. Адзін пералёт – і смачнае зярнятка было б у галоднай дзюбцы! Але як адважыцца? А можа, там прыгатавана сіло!.. Не, лепш не глядзець. Ды як хочацца есці!..
 

V

   Нарэшце адзін стары верабей адважыўся і падляцеў блізка. Пррр... І вось ён каля ялінкі. Здаецца, усё ціха. Трэба паспрабаваць нешта з’есці... Падляцеў, ухапіў канаплянае зярнятка і хутчэй наўцёкі...Маленькае сэрца моцна-моцна б’ецца...Ды дарма: нішто не злавіла, не трымае. Значыцца, усё добра. Голасна зачырыкаў верабейка, і на яго кліч уся грамада зрушылася з месца.
   Падняўся гвалт, піск, чырыканне – усе апынуліся на ялінцы ды давай падмацоўвацца! Толькі зярняткі трашчалі...
   За гадзіну на ялінцы не пазнаць было галінак. Каго, каго там не было! І сінічкі, і шчыглікі, і чыжыкі, і вераб’і, нават сойкі, сарокі і вароны.
   Апошнім найбольш падабалася костка.
   Але яна была толькі адна, а варон шмат, таму ўсчыналіся сваркі...
   Праз акно, шчасліва ўсміхаючыся, паглядалі на сваіх госцейкаў Юрачка і Вінцусь.

 

Похожие статьи:

Янка БрыльРаман Янкі Брыля "Птушкі і гнёзды". Вобраз Алеся Руневіча

Янка БрыльПтушкі i гнёзды. Сцюдзёны вырай. Аповесць першая

Янка БрыльУвесь свет — адзін дом (па раману Янкі Брыля "Птушкі i гнёзды")

ПераказыПтушкі шчасця

Янка БрыльПтушкі i гнёзды. Гнёзды за дымам. Аповесць другая