І
Хоць мароз яшчэ парою дакучаў ды і снег яшчэ не зняў з зямлі сваёй белай посцілкі, але ж сонейка неяк мацней ужо грэла і залівала ціхія палі і сенажаці.
Яго магутныя прамяні ўпалі і на страху Янкавай хаткі і нават заглянулі праз акенца ўсярэдзіну. Янка адчуў іх цёплую ласку, зразумеў ціхі прызыў і, хуценька апрануўшыся, выбег у садок.
Там яго бацька ўважна аглядаў кожнае дрэва. Ён адпілоўваў сухія непатрэбныя галінкі, а пасля ачышчаў пні і грубейшыя сукі ад моху.
ІІ
Угледзеўшы Янку, бацька весела крыкнуў:
– Што, сынок, сустракаць вясну выйшаў?
– А дзе ж тая вясна? Снег усюды ляжыць. Ды яшчэ гэтак сцюдзёна, – маркотна адказаў Янка, паціраючы пачырванелыя ручкі.
– Пачакай, сынок, будзе ўжо цёпла і хораша, – сказаў бацька. – Кожны дзень вясна да нас набліжаецца. Вось з гэтых пучкоў, што бачыш на дрэвах і кустах, вырастуць зялёныя лісточкі. Палі зазелянеюць. Як толькі сыдзе снег з лясных узгоркаў, глянуць на нас з-пад кустоў ляшчыны сіненькія вочкі пралесак. Помніш, колькі іх было летась?
– Я помню, помню, татачка. Дык як закрасуюць пралескі, то ўжо будзе вясна? – пытаўся Янка.
Ён пастаяў яшчэ крыху, падумаў ды пайшоў дахаты.
ІІІ
У наступныя дні надвор’е было вельмі кепскае. Дробны дождж барабаніў у вокны ад раніцы да вечара, а вецер згінаў дрэвы аж да зямлі. Доўга прыйшлося сядзець Янку ў хаце. Аж нарэшце аднае раніцы сонейка неспадзявана выглянула з-за хмар. Хлопчык выбег у садок. Якая перамена! Як цяпер інакш усё выглядала! Снегу не было нідзе ні крышку. Праз жоўтую леташнюю траву прабівалася ўжо свежанькая зялёная траўка. Кусты агрэсту пакрыліся маладзенькімі лісточкамі.
Высока ў небе звінеў жаўранак. А на страсе адрыны стаяў бусел.
Похожие статьи:
Якуб Колас → Якуб Колас - Вясна
Пераказы → Гуканне вясны
Пераказы → Абуджэнне (Паводле Я. Коласа)
Пераказы → Сустрэча вясны
Пераказы → Прыход вясны