Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Зоська Верас - Калядамі
У белы кажух апрануты, у белыя боты абуты, у белай шапцы, з вялізарнай барадой, таксама белай, ходзіць сабе Мароз па нашай зямлі і здалёк свеціць сваім вялізным чырвоным носам. Дзеля гэтага і назвалі яго: Мароз – чырвоны нос. Ходзіць сабе па палях і лясах, па вёсках і гарадах і ўсюды па-свойму забаўляецца. Ідзе праз поле, як дзьмухне – снег пылам падымаецца. Ідзе праз лес, як пачне дубцом па дрэвах біць – дрэвы трашчаць, калыхаюцца...
Не скончыла бабулька казкі.
З трэскам расчыніліся дзверы, насамперад уляцеў у хату клубок белага марознага паветра, а за ім, тупаючы нагамі, укаціўся ў кажух акручаны хлопчык.
Шум і крык падняліся ў хаце.
– Марозі Мароз – чырвоны нос! – крычалі дзеці, смеючыся.
– Гляньце, які ў яго нос, аж пасінеў!
– Хавайцеся, бо нас замарозіць!
Хаваліся дзе хто змог: пад ложак, пад услончыкі, за скрыню... Вясёлы, зычны смех, тупат ног і крыкі не ўнімаліся.
Увайшоўшы, Пранук сам смяяўся, але стаяў спакойна пасярод хаты, трымаючы штосьці ў руках.
– Хлопцы, сціхніце! – крыкнуў урэшце ён. – Пагляньце, што я маю!
Не так лёгка было супакоіць разгуляўшуюся грамадку. Урэшце ўдалося Прануку ўхапіць за рукаў і прытрымаць хатняга хлапца Сальвука. Пацягнуўшы яго да стала, раскрыў асцярожна прыгаршчы і паказаў пекненькага, рабенькага шчыгліка.
– Шчыглік, шчыглік! – усцешыўся Сальвук. – Хлопцы, пакіньце дурэць, хадзіце сюды. Пранук шчыгліка прынёс!
Зацікаўленыя хлопчыкі абступілі цесна Пранука і пачалі перакідаць птушку з рук у рукі, не думаючы аб тым, што бедны шчыглік, страшэнна перапалоханы і змучаны, ледзь ужо дыхаў.
Невядома, як доўга прыйшлося б цярпець птушачцы гэтыя агледзіны, каб у той час не ўвайшоў з бакоўкі старшы брат Сальвука Ёзік, гімназіст шостага класа, які прыехаў да бацькоў на каляды.
– Што вы там маеце, хлопцы, звяра нейкага злавілі? – смяяўся Ёзік.
– Бачыш, – падскочыў да яго Сальвук, – шчыгліка маем!
– То ж ён ледзь дыхае! – сказаў Ёзік, беручы птушку. – Гэй, хлопцы, як вы маглі так яго замучыць?
– А што ж мы яму рабілі? – з крыўдаю ў голасе пачаў Пранук. – Толькі паглядзелі...
– Ці ж мала вам глядзець, як яны, вясёленькія жэўжыкі, на дварэ лётаюць, канешне ў руках мець трэба? Бедная птушачка, амаль ёй сэрцайка не выскачыць!
Шчыглік, быццам разумеючы спагадныя словы Ёзіка, ціханька сядзеў у яго руцэ, круцячы галоўкай і паглядаючы чорнымі, як пацеркі, вочкамі.
– Бачыце, які ён прыгожанькі, – казаў далей Ёзік, – і такі маленькі, а колькі шкодных для раслін вусеняў, колькі рабакоў ён са свету звядзе! Гэта адзін з самых лепшых нашых прыяцеляў, бо асабліва любіць жыць у садах і віць гнёзды на грушах.
– А што ён зімою есць, калі няма ні вусеняў, ні рабакоў? – запытаўся маленькі Казюк.
– Зімою цяжка яму жывецца. Часам знойдзе ў полі або на мяжы колькі каліваў асоту, насенне якога вельмі любіць, то чартапалоху кусцік здарыцца, а то разам з верабейчыкамі пад адрынамі і хлявамі зярнят шукае. А ведаеце, дзеці, у другіх краях, дзе людзі святлейшыя, там і птушкам лепей жывецца. Там кожны гаспадар дбае аб сваёй прыяцельніцы-птушцы і памагае пракарміцца ў цяжкую для яе зімовую пару. А дзеці лучацца паміж сабою ў гурткі прыяцеляў жывёліны, даюць сабе слова ніколі не мучыць ні звярыны, ні птушкі, не выбіраць яечак, не раскідаць гнёздаў, а ўзімку апякуюць птушак і кормяць іх.
– Гэй, хлопчыкі, – аказаўся Сальвук, які да гэтай пары слухаў уважна словы брата, – а каб мы зрабілі гэтакі гурток? Ёсць нас на нашых хутарах няшмат, з дзесяцёх будзе, давайце карміць птушак, сцерагчы і прынаджваць у нашыя садочкі. Вось весела будзе, як вясною зробяць яны гнёзды каля хатаў і пачнуць шчабятаць свае песні.
У чорных вочках Сальвука свяціліся агеньчыкі.
– Добры з цябе хлапчук, – сказаў Ёзік, гладзячы галоўку брата.
– Што ж, згода? – звярнуўся зноў Сальвук да таварышаў.
– Згода, згода! – весела зазвінелі дзіцячыя галасы.
– А калі маем бараніць птушак ад іх ворагаў, то насамперад трэба выпусціць на волю нашага маленькага нявольніка, – сказаў разважна Казюк.
– А гэта праўда; толькі ж дайце яму ўперад есці, каб добра ўспамінаў нашу гасціну, – параіў Ёзік.
Похожие статьи:
Пераказы, дыктанты → Птушкі шчасця
Янка Брыль → Раман Янкі Брыля "Птушкі і гнёзды". Вобраз Алеся Руневіча
Янка Брыль → Птушкі i гнёзды. Сцюдзёны вырай. Аповесць першая
Янка Брыль → Птушкі i гнёзды. Гнёзды за дымам. Аповесць другая
Янка Брыль → Увесь свет — адзін дом (па раману Янкі Брыля "Птушкі i гнёзды")