Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Змітрок Бядуля - За праўду

   За тое, што чалавек гаварыў праўду, людзі адрэзалі яму язык. Чалавек анямеў. Але ён добра ўсё бачыў і чуў, што рабілі людзі навокал і пасля гэтага, і не даваў ім супакою сваімі крыкамі без слоў аб тых няпраўдах, што яны чынілі.
   Людзі выкалалі яму вочы. Чалавек аслеп. Але вушамі сваімі ён добра чуў, дзе што дзеелася і, ўзяўшы ліру ў рукі, ён ім зайграў песню аб праўдзе, такую адважную і гнеўную песню, што аж людзей страхоцце прабрала.
   Людзі адрэзалі чалавеку рукі, каб ён не мог будзіць іх сумленне сваімі песнямі. Але чалавек і пасля гэтага не супакоіўся: дзе толькі здаралася якое злачынства, ён там стаяў нямым сведкам, паламаным, пакалечаным крыжам, і відам сваім напамінаў ім аб праўдзе.
   Людзі забілі чалавека. На яго акрываўлены труп накінулі крушню каменняў. Але кожны раз, як толькі праходзілі каля гэтай крушні, яны ўспаміналі аб гэтым чалавеку і аб праўдзе…
   Людзі раскінулі каменні па дзікіх палях, а труп спалілі на агні, каб і знаку ад не асталося. Але яны не магі ўціхамірыць той буры, што чалавек выклікаў у іх душах…
   Непакой у іх сэрцах рос. І пракліналі людзі памяць чалавека за тое, што ён сумленне іх чапаў. Праклінаючы яго імя, яны гэтым самым увекавечылі яго змаганне за праўду.
   Хто стаіць за праўду, той ніколі не згінуць не можа.

1920.

Похожие статьи:

Уладзімір ДубоўкаУладзімір Дубоўка - Праўдзівы хлопчык

Казкі ЖыццяЯкуб Колас - Чыя праўда?

Змітрок БядуляЗмітрок Бядуля - Велікодныя яйкі

Змітрок БядуляЗмітрок Бядуля - На каляды к сыну

Уладзімір ДубоўкаУладзімір Дубоўка - Ніколі праўда не ўмірае