...З доўгіх дошак труну майстравалі,
брус дубовы часалі на крыж,
у пяску залаценькім хавалі...
Тата, тата, як спіш ты, што сніў?
Я стаю ля сасны на каленях,
ціха вецер калыша траву...
Нібы рукі твае, праменні
мякка гладзяць мне галаву...
*
Я прайшла, даражэнькі тата,
надта многа дарог на зямлі.
А ішлося мне цяжкавата,
ды нягоды сагнуць не змаглі.
Я над кніжкамі ў цемры карпела,
залівалася ў голад слязьмі...
Я з бядоты, татуля, хацела
выйсці ў людзі і жыць з людзьмі!
*
Не салгу: памагалі дужыя
і слабеншыя, як сама.
Абміналі знарок дасужыя,
хоць, па праўдзе сказаць, дарма.
Маладосць, нібы ранак, займалася,
з мірам ехалі з фронту байцы...
А ці чуў ты, як не трывалася
час ад часу тваёй дачцы?
Чуў у полі дубок пакрыўлены,
чула цемра нямая:
«Тата, тата, мяне пакрыўдзілі,
тата, я ледзь жывая!..»
*
Але можна суцішыць рану,
можна з памяці выкінуць злосць...
Вось жа я з каленяў устану і пайду,
быццам ты ў мяне ёсць!
Зноў адчуюць прывычныя ногі
прахалоду свайго бальшака.
Павароты новай дарогі
мне пакажа Ушача-рака...
*
У людзей былі настаўнікі славутыя,
у людзей былі настаўнікі – бацькі...
Па табе ж ляжалі кніжкі некранутыя,
не трымаліся у пальцах алаўкі.
Але ўсё ж, калі не кідае гарэзаю
мяне ў працы, дык навука тут твая,
хоць не ведаў ты ніякае паэзіі,
апроч гэтай: «Дуня – ягадка мая!..»
*
На куце ты ў мяне не сядзеў,
не панела сама на вяселлі...
Ён прыехаў з тайгі, дзе гібеў, –
хлапчукоўскія сколні у белі...
Распісаліся лёгка, без кроз
на паперыне, скроенай гладка...
Я тады не ўракалася слёз –
і яны не канчаюцца, татка.
Але хлопчык-сцяблінка расце,
бегунок, смехунок нечуваны...
Хай жа сядзе ў яго на куце
яго тата, у белле прыбраны!
*
Мне і ў смутку любы долы нашы родныя,
мне сіроцтва не глушыла жаўрукоў...
А чаму растуць з бацькамі – ды нягодныя,
а чаму не цешаць любасцю бацькоў?..
Нажылася, ажно горка, як падумаю,
як падумаю – дык скора бабін век...
А дзяўчынкаю нясу табе бяду маю,
самы родны, неўміручы чалавек.
1966
Похожие статьи:
Васіль Жуковіч → Васіль Жуковіч - Дзе прывітанне?
Артур Вольскі → Артур Вольскі - Татаў родны куток
Анатоль Грачанікаў → Анатоль Грачанікаў - Бацька і сын
Мікола Гіль → Мікола Гіль - Татава аўтаручка
Мікола Гіль → Мікола Гіль - Чаго смяяўся кот Васька