Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Георгій Марчук - Шчупак

Увага!!! Поўны змест

   Жыў-быў адзін Шчупак. Як і падабае разбойніку, жыў скрытна, без радні і без сяброў. Бо з дзяцінства лічыў так: жыць у адзіноце лягчэй – не трэба ні з кім ежай дзяліцца. Сядзі сабе ціхенька адзін, плёскату менш, цяжэй рыбакам угледзець, злавіць. Шчупак нікога не слухаў і любіў толькі сябе. Нават ад маці сваёй уцёк# так і не даведаўшыся ў яе толкам, як Ярша адолець. Ёрш, маючы на спіне вострыя калючкі, разгульвае па Затоцы, не баючыся новага ворага – маладога і жвавага Шчупака. Не падабаецца яму гэты свавольны і смелы Ёрш, ды што рабіць, баіцца яго крануць, не чапае. Ежы хапала яму і без Ярша. Праўда, Ёрш трапіўся паганы. Не мінаў спакойна Шчупака, каб не пажартаваць над ім, каб не папярэдзіць астатніх рыб аб небяспецы. Толькі Ёрш і мог дазволіць сабе адкрыта ў вочы сказаць Шчупаку, што ён сілком захапіў іх Затоку-рэчку і дзейнічае тут беззаконна, як жорсткі і ненажэрны варвар. Нікому не дае спакою. Шчупак і тут змоўчаў. Думаў: «Няхай пацешыцца малеча. Ад яго слоў вага яго не ўбавіцца і апетыт не паменшыцца». А трэба сказаць, на новым месцы Шчупак рос, як цеста на дражджах. Еў не ў сябе. Не жыццё, хваліўся Яршу, а раскоша. І што ўдала: усё пад носам, не трэба праплываць сотні метраў у пошуках ежы, не абавязкова, як шалёнаму, шнырыць з рэчкі ў Затоку і назад у рэчку.
   – О-ге-ге! – ганарыўся задаволены Шчупак. – Няхай астатнія зайздросцяць майму царству. Ем колькі хачу, сплю колькі хачу. Рай, а не жыццё.
   Наведалася неяк на святы да яго старая маці, папярэдзіла, каб Шчупак не спаў на адным месцы, а ўвесь час рухаўся, гнаў ваду з рэчкі ў Затон, целам пясок рассейваў, каб не збіраўся ён, не заносіў Затоку. Толькі
   Шчупак і слухаць не хацеў, прагнаў старую маці. Цяпер Шчупак нікуды наогул не плыў, толькі разяўляў сваю ненажэрную пашчу. А ўсё чаму? Хітра выбраў сабе месца пасярэдзіне Затокі, якая з двух бакоў была звязана з галоўным рэчышчам ракі. Розныя рыбкі, не падазраючы нічога, любілі падарожнічаць па ціхай цёплай Затоцы. Тут ён іх і падпільноўваў. Мінулі веснавыя дажджы, наступіла лета, на рэдкасць сухое і спякотнае. Пачала рыба пакідаць Затоку, шукаць ратунку ў глыбокай і чыстай вадзе вялікай ракі. Не нарадуецца Шчупак на сваё багацце. Столькі ежы ў яго яшчэ ніколі не было, толькі паспявай адкрываць пашчу. Таўшчэзны зрабіўся, як цэбар, доўгі, як піла. А суша на зямлі не праходзіць, не супакойваюцца вятры-сухавеі, пячэ без стомы сонейка. Вось ужо і вады ў Затоцы паменшала. Прачнуўся неяк ад доўгага салодкага сну Шчупак, дакрануўся жыватом сваім вялізным да дна і занепакоіўся, пытае ў Ярша:
   – Што здарылася, Ёрш, чаму рыба не плыве?
   – Адкуль ёй плысці, ненажэрныя твае сківіцы? Там перасохла з аднаго боку Затока.
   – А... – супакоіўся Шчупак, – я сыты, магу і пачакаць, пакуль дажджы пойдуць ды зноў Затоку вадой напоўняць.
   І Шчупак спакойна заснуў. Мінаў час, а вады не прыбывала. Зноў прачнуўся Шчупак, толькі на гэты раз ужо ад голаду, невыноснага і страшэннага голаду. Хоць вый. Высунуў ён галаву з водарасцей, чакае. Гадзіну сядзіць нерухома, другую, трэцюю. Аж ніхто не трапляецца, бы вымерла ўся Затока. Толькі Ёрш калючы вочы муліць. І так Шчупак раптам узненавідзеў гэтага вяртлявага, вольнага Ярша, так яму захацелася ўмомант яго з’есці. Ледзь дыхаючы, высунуў ён з цяжкасцю сваё агромністае цела на сярэдзіну Затокі і кажа:
   – Ты што тут, калючая зараза, мне ўсіх рыб паразганяў, га? Дык ведай, не мінуць табе пагібелі. Плыві сюды, буду есці цябе, мярзотніка. Бач, смаркач, у маім царстве як вольна разгульвае. Ты што думаеш, так жыць без жаху ў вачах? Гэта непарадак. І Шчупак ўжо разявіў сваю галодную пашчу на няшчаснага маленькага Ярша.
   – Пачакай, – кажа Ёрш, – не чапай. Калі ты адпусціш мяне, я падкажу, як уратавацца. Толькі абяцай, што адпусціш.
   – Абяцаю, абяцаю. Кажы хутчэй як, бо не сцярплю і праглыну цябе, – прыспешваў Шчупак Ярша.
   – Табе трэба неадкладна развярнуцца і выплысці з Затокі ў раку.
   – Чаму? – не разумеў Шчупак.
   – Бо калі перасохне Затока і з другога боку, табе тут аднаму аніяк не ўратавацца. Альбо рыбакі зловяць, альбо памрэш галоднай смерцю.
   Але ж Шчупак і не надта прыслухоўваўся да разумных слоў Ярша. Бо дзе тут было, каб мудры Шчупак ды слухаўся нейкага там Ярша. Цяпер ён ведаў выйсце, але ж па-ранейшаму быў галодны, а Ёрш па-ранейшаму быў так блізка. Вось толькі цяпер Шчупак і ўспомніў сваю маці, якую прагнаў і ў якой так і не давучыўся. Ад злосці Шчупак ледзь не заплакаў. ,Ён упарта намагаўся нешта ўспомніць, ды так і не ўспомніў: як весці паляванне на Яршоў, каб не ўкалоцца яго калючкамі. Ці з хваста, ці з галавы – аніяк не мог ўцяміць. Але ж голад розуму не таварыш, голад сумленнаму слову – не радня. Падпусціў знарок Шчупак Ярша бліжэй і ўхапіў яго вострымі зубамі. Толькі і Ёрш нораў Шчупака добра вывучыў, паспеў усё ж выпусціць свае выратавальныя калючкі. Папярхнуўся, падавіўся Шчупак і выкінуў Ярша хутчэй з рота. А той, вяртлявы, бокам, бокам мінуў Шчупака дый уцёк у раку.
   Застаўся галодны Шчупак на ўсю мелкаводную Затоку адзін. Голад не адступае, злуецца Шчупак, б’ецца хвастом аб пясчаны бераг. Вырашыў, каб голад прытупіць, вады напіцца. Нажлукціўся, напоўніў свой жывот-цэбар вадою і крыху супакоіўся. Дзень праходзіць, ноч мінае, пра будучыню Шчупак і не думае, але ж голад неадступны зноў апаноўвае. Бачыць Шчупак – і сапраўды выйсця няма, трэба прыслухацца да парады Ярша, забыцца на свой гонар. Толькі, значыцца, пачаў ён свой хвост убок адносіць, аж бачыць – у пясчаны бераг хвост упіраецца. Тады хапіўся ён, адкінуў хвост на другі бок – і там бераг. Сонца ды пясок утварылі з глыбокай і шырокай калісьці Затокі невялічкі, вузенькі ды мелкі ручай. Аніяк метровай рыбіне не развярнуцца ў ім, не выплысці да ракі. Зразумеў ненажэрны Шчупак сваю блізкую пагібель і давай хвастом ваду каламуціць, плюхацца ў злосці і адчаі. На той час вясковыя бабы ішлі на папас кароў даіць. Угледзелі яны вялізную рыбіну дый бух ёй вядром па галаве. Тут Шчупаку і канец прыйшоў.

Похожие статьи:

Эдуард ВаласевічЭдуард Валасевіч - Шчупак і Плотка

Георгій МарчукГеоргій Марчук - Чужое багацце. ГДЗ

Георгій МарчукГеоргій Марчук - Чаму дрэвы не спяваюць

Георгій МарчукГеоргій Марчук - Добрае сэрца

Пераказы, дыктантыКаршун і шчупак