Чаму павінен плакаць чалавек,
Калі ён хоча весела смяяцца,
Калі яму ўсяго гадоў семнаццаць
I таямніца свеціць з-пад павек?
За што яму бязладнае жыццё
Суровыя сюрпрызы падкідае,
Калі яго сяброўка маладая
Нясе ў сабе ягонае дзіцё?
Навошта ён даверліва пачаў
Начную споведзь з вопытным суседам,
Калі пасля прыйшлі за ёю следам
I здрада,
I знявага,
I адчай?
Чаму такі непрымірымы век,
I помніць крыўду горкую старую,
I ўсіх памылак даўніх не даруе?..
Чаму павінен плакаць чалавек?!
1995
Похожие статьи:
Генадзь Бураўкін → Генадзь Бураўкін - Малітва
Биографии → Генадзь Бураўкін
Генадзь Бураўкін → Генадзь Бураўкін - Я хачу прайсці па зямлі...
Генадзь Бураўкін → Генадзь Бураўкін - Калыханка
Генадзь Бураўкін → Генадзь Бураўкін - Шпак спявае