Словы жудасна паміраюць,
Патухаюць, як светлякі.
Забываюць іх, не паўтараюць
І газеты, і языкі.
Толькі недзе ў далёкай вёсцы
З плёску рэк і шуму лясоў
Узляцяць, як забытыя вёсны,
Салаўямі на сто галасоў.
І ажно перахопіць дыханне,
Як у словах пявучых зноў
Затрапеча чыёсьці каханне,
Запульсуе гарачая кроў.
Ды цяжкім, раўнадушным нарогам
Іх завальвае час і быт.
І здаецца, не словы – народы
Адыходзяць моўчкі ў нябыт.
Немата ім сціскае грудзі,
Заціхае самотны ўздых...
Людзі! Людзі! Ну што ж вы, людзі,
Не ратуеце, родных, іх?..
Похожие статьи:
Генадзь Бураўкін → Генадзь Бураўкін - Я хачу прайсці па зямлі...
Биографии → Генадзь Бураўкін
Генадзь Бураўкін → Генадзь Бураўкін - Малітва
Генадзь Бураўкін → Генадзь Бураўкін - Калыханка
Генадзь Бураўкін → Генадзь Бураўкін - Шпак спявае