Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Вацлаў Ластоўскі - Мост у Кутах
Куты – гэта засценак, якіх нямала сустрэнеш, едучы трактам з Вільні ў Полацк. Толькі нашы Куты, папраўдзе, ляжаць у куце паміж рэчкай і лесам, вярсты на тры ў бок ад гасцінца.
Вось у гэтых кутных Кутах жыло калісь двое гаспадароў: Рыгор Задзірака і Тамаш Неўступака. Жылі, хлеб жавалі – сварыліся, мірыліся, на кірмашы выпівалі, на вяселлях гулялі, на хаўтурах плакалі, ну, а калі дзела даходзіла да чубоў, то таксама церабілі адзін аднаму на славу сваіх Кутоў. Адным словам, жылі, як бацькі і дзяды, і былі здаволены жыццём, сабой і сваімі Кутамі.
Хаты нашых гаспадароў стаялі абапал рэчкі: адна на адным беразе на ўзгорку, другая на другім, ды таксама на ўзгорку, і былі падобны да сябе, як дзве родныя сёстры, з той толькі розніцай, што Рыгорава раніцай зерыла на Тамашову чырвонымі ад сонечнага свету вокнамі, а Тамашова – вечарам. Значыць, з хатамі ўсё ў парадку было, але вось з зямлёй куды горш, бо Тамашоў клін ляжаў за рэчкай на Рыгоравым баку, а Рыгораў клін на Тамашовым баку. З гэтага відаць, што, каб праехаць з возам ці перагнаць жывёлу праз рэчку, патрэбен мост. Мост такі быў. Прадзедамі яшчэ быў будаваны з дубовых планак, цяжкі і крэпкі. Але ўсё мае свой век. дажыў яго і кутоўскі мост. Адной вясны вада падмыла зруб, і мост – бэлечка за бэлькай – павандраваў у свет далёкі.
«Пайшоў мост упрочкі,толькі той бяды, – казалі суседзі, – уброд пераедзем!» І ездзілі ўброд усю вясну, але пасля вясны, адвечным звычаем, прыйшло лета, трэба было вазіць сена, а з возам не тое што ўлягку: калёсы загразнуць, і – ні ўзад ні ўперад! Ведалі гэта добра суседзі і не памыкаліся ехаць з возам праз брод, але і не браліся будаваць мост. Рыгор казаў, што правіць мост павінна земства. Тамаш не верыў у земства, але ўсю надзею пакладаў на двор: «За прыгону з панскага загаду мост будавалі», – казаў ён, апіраючы гэткім спосабам сваё права на даўнасці. Але ні двор, ні земства не прыходзілі з падмогай у Куты, бо мост ляжаў на зямлі гэтых двох гаспадароў і ім толькі самім патрэбен быў.
А час не стаяў, але ўсё плыў і плыў, маўляў, тая рэчка. Не агледзеліся, як і Спас надышоў, а маста як не было, так не было. Збожжа і сена ўсё яшчэ на пацеху мышам і варонам стаяла на полі. Кутоўцы, страціўшы веру ў земства і двор, пачалі між сабой сварыцца, каму з іх двох трэба мост будаваць. Кожны панукаў другога, а другі ўпіраўся. Сваркам –канца не было, завялі справы ў судох. Але пакуль што час плыў. Трэба было ўжо ярыну вазіць, жыта малаціць, а тут рэчка ад дажджоў частых, як на злосць, разлілася шырэй, а стагі і мэндлікі ўсё пахмурней паглядалі на гумны. Глумілася дабро.
Гаспадарам шкада было сваёй працы і суседа свайго: злосць даўно перакіпела, цяпер ужо суседзі больш вінавацілі парадкі на свеце, чымсьці сябе. Шкадавалі адзін аднаго, але не ведалі, як бядзе памагчы. У суды, у воласць і да земскага ездзілі разам, разам дабіваліся праўды, разам залівалі гора сваё манаполькай, але ўсюды спатыкалі адзін адказ, што гэта іх суседская справа, бо мост на іх зямлі ляжыць і больш нікому не патрэбен. Рыгор з Тамашом даўно гэта ведалі, але ім ішло аб тое: хто яго павінен правіць? Ім адказвалі, што яны самі павінны. «Добра. Але дзе ж загад?» – пыталіся. Загаду не было.
Раз у суботу сышліся Тамаш з Рыгорам каля броду, селі на каменьчыку і пачалі гутарку. Гутарка іх была поўна жоўці: чулі яны кроўны жаль да ўсяго і ўсіх на свеце, чулі, што крыўда ім робіцца, але не маглі згадаць, скуль на іх ідзе ўсё гэтае няшчасце?
– Вось часы насталі! – бедаваў Тамаш. – Дыхаць цяжка людзям на свеце, праўды нідзе ніякай!
– Дзе цяпер праўды шукаць?! Даўней – дык начальства было, важнае начальства… Узяць хоць бы даўнейшага нашага пасрэдніка. Суд і праўда напагатове ў яго!.. Раз, два і гатова!..
– Нашто там пасрэднік, – не было лепшага парадку, як, вечны пакой яму, пры нябожчыку пану старым. Пазаве аканома – жыва табе і загад і каманду прыпісаць загадае…
– Нішто чалавек быў… – пахваліў Рыгор.
Тамаш, пыкаючы люльку ў задуме, як бы прыпамінаючы нешта, казаў:
– Балюча білі!..
– Дык што, што балюча, – але парадак быў, лад быў, а цяпер што?..
Рыгор сярдзіта плюнуў у старану.
– Даўней прыйдуць к табе і паглядзяць, ці ўсё ў парадку, а цяпер ты да іх ідзеш, і то праўды няма ніякай, во калі часы насталі!..
– Не толькі часы, а і людзі змяніліся. Гэта ж даўней прыйдзе вураднік, то такога крыку наробіць, з хаты ўсіх павыганяе.
– А і цяперашні нішто, ён таксама зарадны чалавек…
– Можа б, ён нам раду якую дасць? – глянуў Тамаш з бліскам надзеі ў вачах.
– Дык чаму ж бы не?!.
Гаспадары ажывіліся, бліснула іскра надзеі ў іхнім безнадзейным палажэнні. Наладзіўшы хутка каляску, яны паехалі ў мястэчка да вурадніка.
Вураднік спярша ніяк не мог уцяміць, аб што ім ідзе, але, зразумеўшы, абяцаў сваю помач.
Сялянам весялей зрабілася на сэрцы, поўныя надзеі і веры ў вурадніка ехалі дамоў.
На другі дзень соцкі прынёс паперу ў Куты ад вурадніка, у каторай пісалася, каб да суботы другой на руме былі звезены ўсе матэрыялы, патрэбныя на мост, а ў суботу каб работнікі чакалі з тапарамі і піламі вурадніка.
Тамаш пробаваў казеліцца, што мала часу да суботы, але Рыгор перапыніў яго, паказваючы паперу:
– Бачыш, што ў паперы напісана? Ну, то і няма што валаводзіць!
У другую суботу матэрыялы былі ўсе звезены і суседзі з парабкамі з досвіткаў чакалі вурадніка.
Каля снедання над’ехаў вураднік. З голымі галовамі, камечучы ў руках шапкі і нізка кланяючыся, гаспадары віталі яго.
Саскочыўшы з каламажкі, вураднік перш-наперш злаяў іх. Лаяў за тое, што матэрыялы не такія, пасля лаяў, што дагэтуль нічога не зрабілі яшчэ, а там яшчэ за марудную работу, за ўсё пакрысе.
Гаспадары ўслухаліся ў лайку гэту, як у бацькоўскую навуку, і, бесканечна цешучыся, працавалі да поту. Засцянкоўцы таксама раслі ад радасці.
Справіўшы пачастунак і выпіўку таму, хто-ткі вывеў іх з бяды, Рыгор праводзіў праз новы мост Тамаша дамоў і не без фанабэрыі ў голасе пытаў:
– А што, суседзе, хітра я прыдумаў?
– Хі-тра! – патаківаў Тамаш, з пашанотай углядаючыся на Рыгора.
[1910]
Похожие статьи:
Вацлаў Ластоўскі → Вацлаў Ластоўскі - Прывід
Пераказы, дыктанты → Мост ля вёскі