Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Вацлаў Ластоўскі - Мары

Памяці С. Палуяна


І

   Гэй, хмары закрылі сонца, цёмныя шэрыя хмары, – толькі промень адзін-адзінокі цалуе верхі дубоў… Вузкая дарожка віецца маркотнымі ўдоламі. Віхор завывае, як люты звер на прывязі. Ідзеш, ідзеш, а сілы млеюць…
.  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  .
   На далёкіх гарах, у сонечным краю недзе садовіцца сонца. На далёкіх гарах вольныя арлы паклалі гнёзды свае. У чыстым паветры ад вод удольных плыве лебядзіная песня, рэхам раздаецца ў горах і будзіць душы прыспаныя, будзіць замершыя сэрцы. Б’юцца сэрцы ў такт лебядзінай песні, дух шыбае арлінымі шляхамі… Цесна дарожка ў горы. Віецца сцяжынка па скалах, скальныя зломы навіслі над чорнаю пропасцю, што недзе ўнізе глыбока-глыбока скрываецца.
   На далёкіх гарах у мроку адвечных лясоў, пад пакрываю жоўтага моху, спяць даўно забытыя багі, твор моцных рук мінулага веку велікалюдаў… У мроку адвечных лясоў, у заклятым гаю агняцветы красуюць, чар і дзіў у мроках павіслі. Плаваюць у хмарах вольныя арлы, пташкі свабодныя, свабодныя ў бязмерным прасторы, свабодныя ўдзень і ўночы, свабодныя, сільныя.
   А там далёка ўнізе сцелецца маркотны ўдольны край. Маркотна раскінуліся прыземістыя трухлявыя вёскі, палі, лугі і сады ў белай пакрасе; ляглі, як гнойныя раны, гарады – прытулак нядолі, роскашы і нечысці ўсякай. Дротам і рэльсамі звязаны край, як муха ў павучыннай сетцы… Там рэкі слёз плывуць, горкіх слёз, крыўды, болю. Пошасці. Кроў. Ізноў слёзы, слёзы… Там брат крыўдзіць брата, слінай злосці і жоўцю пеняцца вусны абласкаўленых рабоў. Боль перакрыўляе твары сыноў зямлі, а ўпёрты ў зямлю погляд пудзіцца шыры, бязмераў… Там рабства, рабства ў крыві і косцях. На места зруйнаваных божышч там новых стаўляюць, адзін другога закуваюць у кайданы, шалёны ўпуд знімае іх на весць аб вольным чалавеку, вольным духу…
   Гэй, далей і далей да вышы бязмернай кіруйся сцежкай заломнай!
   Далей! Агняцветаў дзіўнаю краскай душу аскрыдлю, сэрца ў камень згартую, каменем вусны адкрыю нямовам. Арла зымаю ў прасторы, вольнага арла прысвою. Карміць буду кроўю сэрца майго, каб сільны быў да лётаў шырокіх. Забаўляць яго буду агняцветнымі краскамі, каб весел быў.
   – Пій, вольны птаху, кроў з-пад сэрца! Рві вострымі кіпцямі грудзі мае! У вачах красуюць агняцветы…
.  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  .
   Туманы на горах павіслі, дымкай заслаліся вочы… Арлы сіротамі плаваюць у бязмеры, вольныя арлы…
 

ІІ

   Сіла мая, духа гарт, розуму яснасць! Не пакідайце мяне ў момант упадку майго, у момант бяссілля! Цяжка ды важка налегла жыццё, і дух ламаецца, як колас пад ветру навалай…
.  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  .
   Прыйдзе Узвіжанне – свята, свята вольнага звера, птушак паветраных, свята дзіву ўсякага поўнае, смутку поўнае. Прыйдзе нягода асенняя, слязьмі зімнымі палье зямлю, палье бор і лес. Сонейка скрыецца за хмарамі шэрымі, жоўтую вопратку скінуць дрэвы, і нагія пруткія галіны ў нямой жальбе выцягнуцца ў неба… Заплоткамі, угінкам, прыбраўшыся ў белыя ніткі павуковай пражы, набліжацца пачне к нам зімка. Зімка-бабулька старая прыйдзе да нас у позны вечар; грукат разляжыцца ў пустой хацінцы сухіх зімчыных пальцаў аб балону ваконную, грукат перш ціхі-ціхі. Пасля заляжа ў хатцы сціш нямая, магільная сціш. Вецер на дворку цяжка ўздыхае…
   Зімка-бабулька, прытуліўшыся да сценкі, стукае, стукае ў вокны…
   Ночка, убраўшыся ў чорныя дымкі, як паня ў жалобе вяльможная, прыйдзе, з рукамі, зложанымі на крыж, з пахінёнай на грудзі галавой прыйдзе, прыйдзе і сядзе пад сценкай маёй, побач з зімкай – бабулькай старэнькай, сядзе пад хаткай маёй…
   Трэснулі сцены, упуд палахлівы туліцца ў цёмным куточку, туліцца бедны і вялікі, чорнымі, поўнымі мыслі вачыма з мальбой заглядае ў вочы мае, – погляду гэтага датыкі вострыя сэрца казычуць, сэрца дрыжыць…
   Гэй, хатка мая, прасторна ты! гэй, прасторна… Сценкі калышуцца, сценкі адходзяць удаль; толькі на прызбе туляцца кумачкі родныя – ночка з зімой. Упуд трывожны чорнай савой пралятае, кажаном-вампірам на грудзі садзіцца… Кумачкі правяць казкі сабе, старыя казкі правяць сабе:

Вазьмі, маці, пяску жменю,
Пасей, маці, на каменю…
… Як прыжджэшся пяску ўсходу…
– Гэй, кумкі, гэй, кумкі, я ж трэці між вамі!..

   Кумкі хахочуць, шэлестам дзіўным іх смех раздаецца… Га, цёмна ў хаце, вецер шыбае ў галінах, плача ў коміне, як ранены звер. Хата пустая. Хлеб чорствы, хлеб горкі. Холад, холад праймае. Слёзы льюцца буйнымі каплямі… Галава расце, раздалася і не месціцца ў хаце… цяжэе галава, падае, падае…
.  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  .
 

ІІІ

   Усё прайшло, усё мінула… І тое даўняе, светлае і радаснае, не ўскалыхне ўжо душы маёй, не ўзрадуе сэрца, бо загубіла яно свой стройны кшталт, бо жыццё, праўдзівае, жорсткае жыццё, аплюло і загразіла тое даўняе, такое чыстае, светлае… Як звон разбіты ляжыць душа мая на крушні стройнага гмаху, на пабітых мармурах, з каторых калісьці дух мой каваў красу і дзіў… Бяссільны і адзінокі ляжу я, валадзіцель скарбаў бязмежных, я цар, я Лазар!..
.  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  .
   Вось вялікі агністы сонечны воблік вясёла ўсміхаецца да зямлі, да людзей, да кожнага твору з асобку. І радуецца зямлі і кожны жывы твор, усё смяецца ўцехаю жыцця, на зямлі ўсё пяе хвалебныя гімны вечна жывому і ажыўляючаму сонцу… А там далёка за цёмным лесам, за сырым борам, на граніцы вечных мрокаў станула смерць. Сільная, нічым не зможаная смерць, вартуе царства сваё…
   Вось зелянее луг, травіца сочная сцелецца кітайкаю, дышыць луг спякотай. Над ярам каліна ссыхае, атрусіла белыя кветкі, маркотна вярхоўкі схіліла: паводка карэнні падмыла ёй, сохнуць карэнні, сохнуць на сонцы… У багатых уборах зважна стаяць польныя кветкі, цешацца сонцам, святлом; кветкі не чуюць блізкага скону, цешацца жыццём… Смерць пальцам ківае з-за бору. Кветкі палягуць сконам ганебным: сонцавы праменні вып’юць іхнюю кроў. А тады п’яныя, чырвоныя сходзяць за пурпурны полаг хмар, сходзяць на начны спачынак. І так штодня прыходзіць, каб даваць і браць жыццё…
   Такі шлях вызначыла яму воля спрадвечнага Кону…
.  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  . .  .
   Непакорны дух чалавека, пажарам бунту абняты, прахам і чэзнатой смерць празывае, хоць з Стыксу мармурных вераёў смерць крокі вартуе яго. Як статуя з бронзы, трывала і вечна смерць варту спраўляе тайніцы быту.
   Узрастаюць, зміраюць народы, гора і слава мінаюць, а з Стыксу мармурных вераёў таемна і з моцай свядомай зераць прапастныя смерціны вочы.

1910

 

Похожие статьи:

БиографииВацлаў Ластоўскі

Вацлаў ЛастоўскіВацлаў Ластоўскі - Прывід

Вацлаў ЛастоўскіВацлаў Ластоўскі - Лабірынты

Вацлаў ЛастоўскіВацлаў Ластоўскі - Варона і рак

Вацлаў ЛастоўскіВацлаў Ластоўскі - Пад старасць адгукнецца