Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Вацлаў Ластоўскі - Князёўна Рагнеда
Тысячу з лішнім гадоў таму жыў у Полацку, на той час сталічным месце ўсёй Беларусі, князь Рагвалод. У Рагвалода былі два сыны і дачка Рагнеда. Рагнеда была вельмі гожая князёўна. Многа княжэвічаў з суседніх старонак пасылалі сватоў у Полацак, просячы рукі гожай князёўны. Прыслаў сваіх князёў літоўскі князь, князь Вялікага Ноўгарада і шмат іншых. Але князёўна беларуская была не толькі гожая, але і гордая, дык за ніводнага з іх не згадзілася ісці замуж.
Кіеўскі князь Уладзімір, пачуўшы аб харастве беларускай князёўны ад купцоў, што ехалі з таварамі, такжа паслаў сваіх сватоў да полацкага князя. Кіеўскія сваты прыехалі ў Полацак з багатымі падаркамі для князёўны. Сваты-баяры расказалі аб багацці і сіле свайго князя, а пасля з нізкім паклонам палажылі перад князёўнай падаркі і прасілі, каб Рагнеда пайшла замуж за Уладзіміра.
Рагнеда адсунула рукой падаркі і сказала:
– Не пайду за рабыніча!
Маці кіеўскага князя была нявольніца – ці, як даўней казалі, – рабыня, і Рагнеда сваімі словамі зняважыла кіеўскага князя, назваўшы яго сынам нявольніцы.
Паслы з нічым ад’ехалі ў Кіеў.
Калі даведаўся аб гэтым Уладзімір, запаліўся гневам вялікім, сабраў войска і кінуўся з аружжам у руках дабываць князёўну Рагнеду. Уладзімір акружыў войскам Полацак, дабыў і спаліў яго. У бітве забіты быў бацька Рагнеды, стары Рагвалод, і два яго сыны, а Рагнеду Уладзімір, як нявольніцу, павёў у Кіеў і прыняволіў яе там выйсці за яго замуж.
Рагнеда доўга жыла ў Кіеве, але вельмі цяжкое было яе жыццё, многа ўсялякага гора яна там перажыла, і за гэта яе людзі празвалі Гараслава, знача гаротніца.
Песня Гараславы
Кругом поле, кругом поле, неба ды трава,
Дзе ні выйду, дзе ні гляну, – скрозь чужая старана.
Тут у садочках па кусточках пташанькі пяюць,
Там у борах, там у гаях – зязюлі тужліва куюць.
Ой, зязюлька, ой, сястронка, пакукуй ты мне.
А ці помняць, ці жалеюць мяне ў роднай старане?
Ох, я! Ох, я! Горка доленька мая!..
Яшчэ я, няшчасна, не радзілася,
Горка доля па дарожцы кацілася!..
Ох, яшчэ я ў пялёнках ляжала,
А ўжо ліха доля за ножкі дзяржала!..
Яшчэ я маленька каля лаўкі хадзіла,
А ўжо ліха доля за ручкі вадзіла.
Ох, як! Ох, я! Горка доленька мая!
[1916]
Похожие статьи:
Пераказы, дыктанты → Рагвалод і Рагнеда
Алесь Разанаў → Алесь Разанаў - Рагнеда
Вацлаў Ластоўскі → Вацлаў Ластоўскі - Лабірынты