Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Васіль Хомчанка - Як мяне частавалі мёдам

Увага!!! Поўны змест

   Я прывёў Івана Рыціка на свой агарод і дазволіў яму рваць і есці ўсё, што хоча і колькі хоча. Іван нарваў рэпы, салодкай і сакаўной, самай лепшай у нашай вёсцы. За гэта Іван паабяцаў калі-небудзь накарміць мяне мёдам, бо ў іх былі свае пчолы.
   I вось аднойчы настаў такі дзень. Усе дарослыя былі ў полі, а мы засталіся дома за гаспадароў. Іван гукнуў мне праз акно:
   – Гэй, Лізун, хадзі мёд есці!
   Праз хвіліну я быў у Івана на двары. Са мной прыйшоў Сашка Джам, якому я паспеў пахваліцца, што іду есці мёд, аж пакуль горка не стане.
   Іван завёў мяне ў сенцы і сказаў:
   – Вось кадушка, еш. Мёд – не рэпа, многа не з’ясі.
   – Паглядзім, – усміхнуўся я. Я думаў тады, што магу з’есці мёду хоць паўпуда.
   Кадушка была мне ледзь не па шыю, а мёду ў кадушцы толькі на самым дне.
   Іван даў лыжку. Я перагнуўся цераз край кадушкі, зачарпнуў поўную лыжку духмянага мёду і праглынуў з вялікай асалодай.
   – Не шкадуй, давай, – падахвочвалі мяне Іван і Сашка.
   Другую лыжку я таксама з’еў усмак і з ахвотай. Пасля трэцяй папрасіў вады.
   – Няма, брат, яшчэ не прынёс з крыніцы.
   Іван корпаўся ў скрыні, бразгаў там нейкімі жалязякамі і не звяртаў на мяне ўвагі. Няшчасце здарылася, калі я палез у кадушку чацвёрты раз. Я задужа перагнуўся, левая рука, якой я трымаўся за верх кадушкі, сарвалася, і я плюхнуўся галавой у мёд. Я спрабаваў нешта крычаць, матляў нагамі...
   Выручылі Іван і Сашка. Яны схапілі мяне за ногі і выцягнулі з кадушкі. Я нічога не чуў і не бачыў. Мёд быў у вушах, у роце, мёдам былі заліты вочы. Мёд цёк за каўнер.
   – Вады! – прасіў я. – Вады!
   Вада знайшлася. Іван выліў на мяне цэлае вядро, ды не разлічыў, абліў толькі спіну.
   – Бяжым на рэчку! – крыкнуў ён.
   Трымаючыся за яго руку, як сляпы, плёўся я за Іванам.
   – Хутчэй! – цягнуў ён мяне.
   Нарэшце я сяк-так разняў павекі і ўбачыў, што мы ідзём па садзе. А там стаялі вуллі. Сашка саскрабаў з мяне мёд і еў. Дармовы мёд! Такая магчымасць здараецца не часта. I тут мёд учулі пчолы...
   – Уцякай! – закрычаў Іван, а сам упаў ніцма на траву і рукамі закрыў твар.
   Я кінуўся да рэчкі. Ляцеў як куля. Сашка бег за мною. У мяне было адно жаданне – хутчэй боўтнуцца ў ваду. А Сашка не адставаў.
   – Пачакай, не нырай! – крычаў ён. – Колькі мёду прападзе.
   З разгону я скочыў у рэчку, даў нырца і сядзеў у вадзе, пакуль хапіла духу. Потым высунуў нос, дыхнуў і зноў нырнуў. Сядзеў у вадзе, пакуль не разляцеліся пчолы.
   Так аднойчы я наеўся мёду. Сашка Джам лічыў, што гэта быў шчаслівы выпадак, калі, вядома, не зважаць на тое, што мы хадзілі некалькі дзён з апухлымі тварамі.


Крыніца: Жаўранкі над полем: апавяданні / Укладальнік А. М. Бадак. – Мінск: Мастацкая літаратура, 2012. – 430 с.