Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Васіль Хомчанка - Шырокая вуліца

Увага!!! Поўны змест

   Канец дня, самая гадзіна пік. На вуліцах роў, гам, шум ад машын і людской мітусні. Дзённая гарачыня не ўбавілася і пад вечар, ветрыка няма, і ў горадзе проста не прадыхнуць.
   Я сяджу ў міліцэйскай машыне з інспектарам ДАІ старшым лейтэнантам Амельчыкам. Машына стаіць недалёка ад скрыжавання дзвюх цэнтральных вуліц. Светафор няспынна мігае сваімі трыма вокамі. I паток машын перад гэтым святлом то спыняецца і замірае, то зрываецца з месца і імчыцца. Вуліца шырокая, асфальт яе бліскучы, выслізганы коламі, расчэрчаны белымі лініямі і падобны на матроскую цяльняшку.
   Старшы лейтэнант Амельчык, размаўляючы са мной, ні на хвіліну не пакідае без увагі тлумнае скрыжаванне. Яшчэ добрую гадзіну будзе вось так грымець вуліца, дрыжаць гарачы асфальт, будуць імчацца патокі машын, а касякі нецярплівых пешаходаў паспешліва кідацца з тратуараў на маставую, ледзь толькі мільгане зялёнае святло.
   – Неспакойны ўчастак, – кажу я, – самае бойкае месца ў горадзе.
   Амельчык згодна ківае галавой, хоча нешта сказаць, але раптам выскаквае з машыны, і пошчак ягонага свістка ажно хвошча мяне па вушах. Я таксама вылажу і бачу, як хлопчык у сініх шортах, белай майцы-сетцы, азіраючыся ў бакі, як звярок, за якім гоняцца, імчыцца цераз вуліцу. Вуліца шырокая, ён прабег яе амаль да паловы. А машыны ў гэты момант імчацца двума стрэчнымі патокамі, па тры рады ў кожным патоку. Хлопчык ужо пасярэдзіне. На асявой лініі спыніцца б яму трэба абавязкова, ён і замарудзіў бег, але толькі на нейкі момант. Правы паток машын у адным месцы разарваўся, і хлопчык джгануў у гэты прамежак. Першыя тры машыны рэзка затармазілі, самая левая вільнула ўбок і заехала за бар’ерную лінію. Машыны, што ішлі ззаду, таксама заскрыгаталі тармазамі, а вішнёвы «Масквіч» ледзьве не чмякнуўся ў задні борт грузавіка.
   Узбегшы на тратуар, хлопчык прыпыніўся, азірнуўся і адразу ж шмыгнуў у пад’езд дома.
   Амельчык зняў фуражку, выцер насоўкай лоб. Старшы лейтэнант быў злосны і ўсхваляваны.
   – Вось, калі ласка, – махнуў ён рукой на тое месца, дзе толькі што прабег хлопчык. – Ці ж доўга яму было да бяды? А вы думаеце, ён цяпер ад страху трасецца? Не, ён ганарыцца сваёй смеласцю, спрытам. Будзе хваліцца сябрам: вось які я, нічога не баюся!..
   Памаўчаўшы крыху, старшы лейтэнант сумна дадаў:
   – Такі ўжо ўзрост. Малыя хочуць стаць героямі. Калісьці такое было і са мной.
   Заклаўшы назад рукі, старшы лейтэнант тупаў нейкі час каля машыны ўзад-уперад, раз-пораз ускідваючы на мяне свой дапытліва-пранізлівы позірк. Ён быў узрушаны, усхваляваны, твар яго быў крыху збялелы. Я зразумеў, што ён хоча мне расказаць сваю гісторыю, бо намякнуў жа пра яе, і я падрыхтаваўся слухаць.
   – Можна лічыць, – сказаў старшы лейтэнант, калі мы селі ў «Волгу», – што я пайшоў служыць у міліцыю толькі праз гэты самы выпадак, што на ўсё жыццё застаўся ў маёй памяці.
   Было гэта вось у такі ж летні гарачы дзень. Мне тады ішоў дзевяты год. Канікулы, вольнага часу хапала, і мы з ранку да вечара ганялі мяч. У той памятны дзень таксама гулялі ў футбол. Я быў з ігракоў самы малодшы і, бадай, слабейшы. Таму мяне паставілі на вароты. Так распарадзіўся наш Пецька-шасцікласнік. Я і стаяў. Лавіў мячы, а па праўдзе кажучы, больш прапускаў у вароты, за што, канечне, мне і даставалася ад сяброў па камандзе і Пецькі-капітана.
   Мы прайгралі. У пройгрышы абвінавацілі мяне, назвалі пустым месцам, дзіркай у варотах.
   «Тады самі стойце. Я варатаром не буду», – рашуча заявіў я.
   «Будзеш, – сказаў Пецька. – Ты проста баязлівец. Шэры трус, баішся мяча, баішся кідацца ў ногі».
   Абвінавачанне ў баязлівасці мяне здорава пакрыўдзіла.
   «Я не баязлівец», – сказаў я, ледзь не плачучы.
   Але ў камандзе быў строгі прынцып: словы каштана – закон.
   «Баязлівец», – падтрымала каманда капітана.
   Бясспрэчна, гэта было несправядліва. Не менш прапускалі галоў і іншыя варатары. Да таго ж мяне балюча ўразіла згодная адчужанасць маіх сяброў. Яны быццам змовіліся не прызнаваць мяне за роўнага.
   I мне, пакрыўджанаму, раптам захацелася зрабіць нешта адчайна-смелае, каб здзівіць маіх крыўдзіцеляў, выклікаць да мяне зайздрасць. Даказаць, што я не баязлівец і што нічога на свеце мне не страшна. I зрабіць гэта трэба было неадкладна, у тую ж хвіліну.
   Але што зрабіць? Кінуцца ў дом, які гарыць, і выратаваць дзіця? Высачыць і затрымаць якога-небудзь бандыта ці злодзея-кішэнніка? Знайсці чамадан грошай і аддаць міліцыянеру?.. Пажару не было, бандыты таксама не трапляліся, грошы ніхто не губляў.
   Усёй талакой мы вярталіся з пусткі – нашага футбольнага поля. Ішлі дамоў. Дайшлі да вуліцы, вось да гэтай самай. Якраз была гадзіна пік, вуліца, як і цяпер, забіта машынамі. Стаім, чакаем, пакуль зменшыцца паток або спыніцца перад чырвоным святлом светафора. Большасці з нас трэба было перайсці вуліцу, а мне не трэба. Мой дом стаяў на гэтым баку. Я ішоў разам з усімі, як на прывязі. Мне, пакрыўджанаму, абражанаму, не хацелася вось так проста расстацца з усімі. Я павінен быў неяк апраўдацца, абвергнуць несправядлівасць.
   Тут Пецька-капітан мне і кажа:
   «Каб заўтра прыходзіў на гульню. Вазьмі скураныя пальчаткі. Без іх мяч з рук выслізгвае».
   Мяне захліснула радасць. Значыць, я патрэбен, значыць, з каманды мяне не выключаць. I я не баязлівец!..
   У тую ж хвіліну я рашыў пацвердзіць, што сябрукі не памыляюцца. Што я сапраўды спрытны, адчайны, як і належыць варатару. I пацвердзіў.
   «Да заўтра! – крыкнуў я знарок моцна, каб усе ўбачылі мяне. – Я пабег!»
   I скокнуў на маставую. Хоць мне і не трэба было пераходзіць вуліцу, пабег. Шмыгнуў перад самым носам аўтобуса, легкавушкі, грузавіка.
   А машыны якраз імчаліся на зялёнае святло, беглі ў некалькі радоў, і між імі была зусім малая дыстанцыя. Я мітусіўся сярод іх, лавіраваў, скакаў уперад, адскакваў назад, але ўпарта прабіваўся на тратуар. I мне ўжо засталося мала прабегчы.
   Вось тут і адбылося тое, з-за чаго я пачаў усю гэту гісторыю. Ішоў грузавік, вёз поўны кузаў малака ў бутэльках. Ён рухаўся ў першым радзе, недалёка ад тратуара. Я спыніўся, хацеў быў спачатку прапусціць яго, ды не ўтрымаўся, усё-такі рашыў праскочыць перад самым яго радыятарам.
   Спыніць машыну шафёр ужо не мог. Не паспеў бы. Злева ў яго аўтобус, справа вузенькі тратуар і сцяна паўразбуранага дома. Рэзка, як гэта магчыма толькі, ён крутнуў руль управа. Машына ўз’ехала на тратуар і ўрэзалася ў сцяну. Грукат, звон шкла, скрогат металу.
   Я не спыніўся, я толькі азірнуўся назад і ўцёк. Схаваўся ў пад’езд. Пачакаў крыху. Зняў кашулю, каб не пазналі, і, аббегшы дом з другога боку, падышоў да натоўпу. Праціснуўся ў сярэдзіну.
   Шафёр з акрываўленым тварам сядзеў на тратуары і плакаў. Быў ён немалады, на ім гімнасцёрка яшчэ з вайны, на ёй планкі ўзнагарод. Каля шафёра завіхалася жанчына, мацала пульс, нешта гаварыла. Вакол гоман, людзі ахалі, охалі, абураліся, лаялі таго хлопчыка, які перабягаў вуліцу, – гэта значыць, мяне. Адзін дзядзька, паказваючы на разбітыя бутэлькі з малаком, сказаў:
   «Во, колькі дабра загублена. З зарплаты шафёра вылічаць».
   А шафёр сказаў:
   «Ды няхай гэтыя бутэлькі залатыя будуць... Не за іх напалохаўся. За жыццё хлопчыка. Ён жа пад коламі мог апынуцца. За ўсю вайну мне не было так страшна, як цяпер».
   Ён адразу неяк панік і страціў прытомнасць. Heўзабаве пад’ехала хуткая дапамога, забрала шафёра, павезла ў бальніцу. А я пайшоў дамоў. Доўга ішоў, як хворы, як прыбіты, нібы нёс на сабе цяжкі-цяжкі мех. Так мне было балюча на сэрцы і так шкада шафёра-франтавіка... I яшчэ я ўяўляў сябе расціснутым пад коламі аўтамабіля...
   Старшы лейтэнант Амельчык змоўк. Жаўлакі на яго хударлявым твары нервова заварушыліся.
   – Вось і ўся гісторыя. I калі я цяпер вось жывы і здаровы, то толькі дзякуючы таму шафёру.
   Я спытаў у Амельчыка:
   – А як шафёр, жывы?
   – Пакалечыўся. Стаў інвалідам і на машыне працаваць ужо не мог... Ну а я, скончыўшы інстытут, пайшоў служыць у міліцыю. Вось і гаспадару на вуліцах.

Похожие статьи:

Васіль ХомчанкаВасіль Хомчанка - Янкава рукавічка

Васіль ХомчанкаВасіль Хомчанка - Дзве Дашы

Васіль ХомчанкаВасіль Хомчанка - Білеты у цырк

Васіль ХомчанкаВасіль Хомчанка - Яблык

Васіль ХомчанкаВасіль Хомчанка - Звон пад зямлёй