Сяргейка нясмела заходзіць у татаў пакой. Тата нешта піша і не звяртае на яго ўвагі.
– Тата!
– Што табе?
– Я хачу, каб мы з табой ніколі не сварыліся.
– Добра, давай не будзем сварыцца.
– Ніколі-ніколі?
Тата згодна ківае галавой.
– Дай руку, – просіць Сяргейка.
Тата перастае пісаць, кладзе на стол аўтаручку і ўважліва глядзіць на сына.
Сяргейка таксама смела ўглядаецца ў татавы вочы, толькі крыху моршчыць нос.
– Што ж, вось мая рука, – кажа тата.
Яны паціскаюць адзін аднаму рукі і абяцаюць дружыць. А Сяргейка яшчэ прыгаворвае:
– Мірыцца, мірыцца і ніколі не сварыцца.
– Добра, – згаджаецца тата і пытае: – А цяпер скажы, што здарылася.
Сяргейка дастае з кішэні татавую люльку.
– Вось зламалася. Чэснае слова, сама. Я толькі ўзяў у рукі паглядзець, а яна ўпала на падлогу і зламалася.
Тата ўздыхае і ківае галавой: яму вельмі шкада гэтую люльку – дарагі падарунак знаёмага марака. Пасварыцца б на сына, каб не лазіў у шуфляду. Але як будзеш сварыцца? Толькі што паабяцалі дружыць і ніколі не сварыцца.
Похожие статьи:
Васіль Хомчанка → Васіль Хомчанка - Яблык
Васіль Хомчанка → Васіль Хомчанка - Янкава рукавічка
Васіль Хомчанка → Васіль Хомчанка - Дзве Дашы
Васіль Хомчанка → Васіль Хомчанка - Звон пад зямлёй
Васіль Хомчанка → Васіль Хомчанка - Білеты у цырк