Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Васіль Хомчанка - Дождж

Увага!!! Поўны змест

   Калі сыпануў дождж, Максім і Стась пабеглі па вуліцы і закрычалі: «Дожджык, дожджык, секані, мы паедзем на кані». Далей слоў гэтай просценькай песенькі яны не ведалі і пачалі прыдумваць самі: «Дожджык, дожджык, лупцані, усіх у хату загані». I дожджык сапраўды лупцануў, часты і буйны. Хлопчыкі заскочылі ў калгасную бібліятэку, каб перачакаць непагадзь, і заселі за шахматы. Згулялі партыю, другую, а канца дажджу не было відаць. Неба зацягнулі суцэльныя шэрыя хмары.
   Дождж, цяпер ужо халодны, дробны, замжыў па-асенняму надакучліва, мабыць, надоўга.
   У бібліятэцы, самотна падпёршы далоняй шчаку, сядзела адна Насця. У паштовай каморцы не было нікога. Паштальён цётка Ганна панесла газеты ў Выселю. Насця пасядзела трохі, замкнула бібліятэчныя шафы і пайшла дамоў.
   – Глядзіце мне тут, – пагразіла яна адыходзячы. Але шахматы пакінула, не забрала.
   Застаўшыся адны, хлопчыкі згулялі яшчэ адну партыю. I тут Стась прапанаваў:
   – Слухай, давай па тэлефоне пазвонім!
   – Куды?
   – Куды-небудзь. У раён на пошту...
   – Ну яго, яшчэ пападзе.
   – Пападзе-е, – перадражніў Стась. – Я спытаю, колькі гадзін.
   – Вунь на сцяне гадзіннік. Пятая гадзіна.
   Але Стась зайшоў у каморку. Там вісеў на сцяне тэлефон – адзін на ўсю вёску Пушчу, стаяў столік і вялікі, абабіты бляхай куфар, куды цётка Ганна складвала свае паштовыя справы. Стась падняў трубку, пакруціў ручку.
   – Ало! – Стась стараўся гаварыць басам. – Ало! Гэта пошта?
   «Што табе трэба, дзяўчынка? – спыталі з другога канца проваду. – Чаму маўчыш?» – «Я не дзяўчынка, – разгубіўся Стась. – Я – Стась Дзенісевіч». – «I што ты, хлопчык, хочаш?» – «Колькі ў вас часу?» – «Шаснаццаць гадзін, трыццаць адна хвіліна». – «Дзякуй». – Стась павесіў трубку.
   – Адгадала, што не дарослы звоніць. I басам жа гаварыў. Куды б яшчэ пазваніць?
   У гэты момант разануў вушы тэлефонны званок, доўгі, патрабавальны. Максім ажно адхіснуўся. Трубку зняў Стась.
   «Пушча! Хто слухае?» – захрыпела ў трубцы. «Вёска Пушча слухае», – адказаў Стась звычайным сваім голасам. «Гэта Ганна Гусь?» – «Цётка Ганна газеты панесла ў Выселкі. Я – Стась». – «Таварыш Стась, запішыце тэкст тэлеграмы».
   – Максім, падай аловак. Што стаіш, як пень! – закрычаў Стась.
   «Таварыш Стась, не абражайце, – пакрыўдзіліся ў трубцы. – Я не пень. Я паштовая служачая». – «Ды я не на вас, а на Максіма. Дыктуйце, калі ласка». – «Тэ-ле-гра-ма. Вёска Вітунь. Аляхновічу Сцяпану. А-лях-но-ві-чу. Кажу па літарах: Алесь, Лазар, Янка...» – «Не трэба Лазара, – сказаў Стась, – я разумею: Аляхновічу. Гаварыце далей». – «Прыеду пятніцу вечарам з Эдзікам. Сустракай, цалую, Надзя».
   Стась прачытаў, тэлеграфістка сказала, што запісана правільна, і павесіла трубку.
   – Гэта мінскім цягніком. У сем гадзін, – сказаў Максім.
   – У дзевятнаццаць, – паправіў Стась.
   – Прыйдзе цётка Ганна, занясе ў Вітунь тэлеграму, – сказаў Максім. – Давай пакуль што лепей у шахматы гуляць.
   Яны селі зноў гуляць у шахматы. Як заўсёды, у час гульні спрачаліся, крычалі. Максім вяртаў назад хады, а Стась даводзіў, што так гуляюць толькі ў дзіцячых яслях. I да таго ўваходзілі ў азарт, што сваімі ж фігурамі бралі свае пешкі, потым даказвалі адзін аднаму, што фігуры стаялі так, а не так. Нарэшце Максім раззлаваўся і згроб усе фігуры ў кучу.
   Пасядзелі, памаўчалі, надзьмуўшыся. Вокны плакалі, дождж сек па шыбах з мяккім шапатлівым шумам, хмары чарнелі. Куст бэзу за акном увесь варушыўся ад дажджу.
   – Слухай, – сказаў Стась. – Цётка Ганна сёння не вернецца. Пакуль дойдзе да Выселак ды назад, і вечар настане.
   – Ну дык сам у Вітунь збегай, – буркнуў Максім, усё яшчэ злуючыся за шахматы.
   – Можна б збегаць, ды позна. Да Вітуня пяць кіламетраў. А цягнік праз паўтары гадзіны.
   – Я пайду вячэраць, – падняўся Максім. – Чаго тут сядзець.
   Падняўся і Стась. Ступілі абодва некалькі крокаў да парога. Потым вярнуліся, сабралі шахматы, паклалі ў шуфляду стала.
   – Жанчына з дзіцем едзе, – сказаў Стась. – А дождж на дварэ. Сцямнее хутка.
   – Ад куль ты ведаеш, што з дзіцем?
   – Чытай: «Еду з Эдзікам». Будзе з ім сядзець усю ноч на платформе пад павеццю.
   – Ты хочаш дачакацца цётку Ганну? – спытаў Максім.
   – А дождж на цэлую ноч зарадзіў... Слухай, давай мы сустрэнем тую жанчыну? Прывядзём сюды. У Пушчы заначуе.
   – Да платформы чатыры кіламетры, – пачухаў патыліцу Максім. – Есці хочацца. –Падумаў, памаўчаў і згадзіўся.
   Праз некалькі хвілін яны крочылі да чыгункі. Абодва былі ў плашчах, у гумавых ботах. Стась прыхапіў вяроўку – можа, прыйдзецца несці чамаданы, а Максім – плашчык на запас, для жанчыны з малым.
   Церушыў дождж, дробны, халодны. Зямля набракла, боты чмякалі па гразі. Калі зайшлі ў лес, на галовы з дрэў пасыпаліся буйныя кроплі. Ствалы асін былі чорныя, быццам абпаленыя. На суку сядзела мокрая варона і, відаць, таксама праклінала гэты дождж. Максім запусціў у яе шышкай, але варона толькі скасавурыла вока і не варухнулася.
   – Не могуць на платформе вакзал зрабіць. Хоць бы маленькі, – сказаў Стась. – А то павець адна.
   – Стась, а калі ў яе чамаданы пуды на тры? Што будзем рабіць? Панясём?
   – Так ужо і на тры. Не бойся.
   Каб скараціць дарогу, хлопцы звярнулі на поле і пайшлі, шастаючы ботамі, па ржэўніку. Плашчы намоклі, грымелі, як замёрзлыя, і кожны дотык да плашча быў непрыемны. Дарога наўпрасткі аказалася не лягчэйшай і не карацейшай. Нізкі луг, на які яны трапілі, затапіла. Вада стаяла ў іншых месцах ледзь не па калена. Прыйшлося павярнуць убок і прадзірацца скрозь хмызняк. Голле альшэўніку хвастала па тварах. У адным месцы Стась праваліўся ў яму і набраў у бот вады... Калі нарэшце выбраліся да чыгункі, цягнік ужо запавольваў ход. Паравоз, чмыхнуўшы белай, як малако, парай, спыніўся якраз насупраць хлопчыкаў.
   З аднаго вагона сігануў хлопец у чорным бліскучым плашчы, з чырвонай торбай у руцэ. Потым за ім злезла мажная кабета ў такім жа бліскучым, але ружовым плашчы. Яна растапырыла над галавой парасон, узяла ў хлопца яго торбу, аддала яму свой невялікі чамаданчык, і абое падаліся пад павець. Паравоз рушыў. З вагонаў больш ніхто не выйшаў.
   – Можа, гэта яны давалі тэлеграму? – сказаў Максім.
   – Падыдзем спытаем.
   – Эдзік! – крыкнула жанчына. – Не спяшайся.
   – Яны.
   Жанчына была поўная, з ярка нафарбаванымі губамі. На вушах блішчалі завушніцы.
   – Пасядзім тут, павінны пад’ехаць, – сказала яна.
   – Валачыцца не хочацца, – згадзіўся Эдзік, сеў на лаўку, выцягнуў і заклаў адна за адну доўгія ногі. Стася і Максіма ён разглядваў, схіліўшы галаву набок і скрывіўшы верхнюю з чорным пушком губу.
   – Вы ў Вітунь едзеце? – спытаў Стась жанчыну.
   – У Вітунь. А што?
   – Тэлеграму вашу не атрымалі. Тут такое здарылася...
   – Як гэта не атрымалі? – Жанчына пагрозліва ступіла да Стася. – А ты адкуль ведаеш?
   – У Пушчу пазванілі, перадалі тэлеграму. А ў Вітунь не было каму занесці.
   – Як гэта не было каму? Што ў вас людзей няма?
   – Тэлеграма прыйшла позна, – сказаў Максім, на ўсякі выпадак адступіўшы на крок назад.
   – А вы што тут робіце?
   – Мы прыйшлі вас папярэдзіць. I памагчы, калі трэба. Хадземце ў Пушчу. Там заначуеце.
   – Спецыяльна для гэтага ішлі? – здзівілася жанчына. – Ажно чатыры вярсты.
   – Прыйшлі вось, – усміхнуўся Стась.
   – На поплаве ледзь не ўгразлі, – дадаў, пасмялеўшы, Максім.
   Жанчына паціснула плячыма. Яркі рот яе зрабіўся падобным на літару «О». А хлопец хмыкнуў, пагайдаў нагой і сказаў:
   – Зарабіць вырашылі. Падхалтурыць.
   – Як падхалтурыць? – спытаў Стась.
   – А так. Чамаданчык паднесці. За грошы, вядома. – Ён усміхнуўся і, як сваім, падміргнуў хлопчыкам. – Ведаю... Вунь і вяроўку прыхапілі.
   – Ах, вунь яно што! – зразумела свайго сына жанчына. – У нас, на жаль, няма чаго несці, дзеткі. Дарэмна стараліся. Мы і самі занясём.
   – Мы думалі, што вы з малым дзіцем, – хмура сказаў Максім.
   У Стася пабялелі шчокі. Ён заўсёды бялее, калі яго хто моцна пакрыўдзіць.
   – Няма ў нас чамаданаў, дзеткі. Не пашанцавала вам. Але я заплачу. Толькі да Пушчы давядзіце. – Жанчыны ляпнула Стася па плячы. – Пайшлі!
   I пайшлі. Стась крочыў наперадзе і ўсю дарогу не вымавіў ні слова. I не азірнуўся назад ні разу.
   А Максім некалькі разоў сказаў уголас, не баючыся, што пачуе жанчына, якая плялася ззаду. «Бізнесмены. Не разумеюць, што людзі і без грошай могуць памагаць».
   А апрыкралы дождж усё церушыў і церушыў. I хутка зусім сцямнела.