Пеця навязаў бярозавых венікаў на зіму, каб парыцца ў лазні, і павесіў іх пад страхой пуні.
«Хопіць нам на ўсю зіму», – цешыўся ён.
Прыйшла зіма, халодная і вельмі снежная, надзьмула высокія гурбы. Яблыні ў садзе па голле патанулі ў снезе. А каля пуні, дзе віселі венікі, гурба даставала да самай страхі.
Аднойчы выйшаў Пеця на агарод узяць венік і ледзь не заплакаў.
Ад венікаў адны агрызкі засталіся. Усе венікі з’елі казулі ды зайцы. Толькі сляды свае пакінулі. Не адну, відаць, ноч звяры прыходзілі карміцца.
Пеця прывёў бацьку да пуні, паказаў:
– Во, усе венікі з’елі.
– З’елі і дзякуй сказалі.
– Каму?
– Табе. Падкарміў іх у суровую зіму, выручыў.
Наступным летам Пеця з сябрамі нарыхтаваў венікаў і звярам. Розных: бярозавых, асінавых, лазовых. А бацька стажок сена паставіў. Калі ласка, звяры, прыходзьце карміцца, толькі нашых венікаў не чапайце.
Звяры і прыходзілі. Нават лася бачылі, скуб сена са стажка.
Похожие статьи:
Васіль Хомчанка → Васіль Хомчанка - Янкава рукавічка
Васіль Хомчанка → Васіль Хомчанка - Білеты у цырк
Васіль Хомчанка → Васіль Хомчанка - Дзве Дашы
Васіль Хомчанка → Васіль Хомчанка - Яблык
Васіль Хомчанка → Васіль Хомчанка - Звон пад зямлёй