Галубочак аднаногі,
дзень галодны твой згарае.
Пачакай жа, я з дарогі
прыбярог табе акраец.
Ну, хутчэй збірай жа крошкі:
верабейкі сталі хапаць...
Падляці бліжэй хоць трошкі!
Ты баішся ў рукі трапіць?
Асцярожны стаў ад гора,
гэта гора, як забудзеш!
Ад паўстанку блізка горад –
вельмі розныя там людзі...
Пэўна, там згубіў ты ножку;
паплаціўся за што ёю?
Пэўна, быў пасыпаў крошкі
хтосьці жорсткаю рукою.
Як цяпер ты?.. Дзе начуеш?
Дзе сяброўка, галубочак?
Вось і поезд мой, ці чуеш,
як ён свішча, як грукоча?
Ну, паехалі са мною!
Рады волі ты галоднай!..
Як жа выжывеш зімою
на зямлі пустой, халоднай?
Похожие статьи:
Васіль Жуковіч → Васіль Жуковіч - Жураўліны вырай
Васіль Жуковіч → Васіль Жуковіч - Першы снег
Васіль Жуковіч → Васіль Жуковіч - Зіма
Васіль Жуковіч → Васіль Жуковіч - Адляцелі жураўлі
Васіль Жуковіч → Васіль Жуковіч - Слухай родную прыроду