У вясновы доўгі дзень
Так яно папрацавала,
Што, зняможанае, ў цень,
Дзе стаяла, там і ўпала.
I праспала усю ноч
На балоце каля пушчы.
Рада ўстаць – не можа воч
Ні падняць і ні расплюшчыць.
Што рабіць і як тут быць –
Сонца беднае не знае.
Стаў пастух яму трубіць,
Бачыць – не дапамагае.
Стаў ён выганяць кароў –
Ні адна не йдзе на пасту.
Між палёў, лугоў, бароў
Соннае пануе царства.
Не здагадваецца свет,
Што мінула ўлада ночы.
Дзеці снедалі ў абед,
Спалі – хто калі захоча.
I такі пайшоў бязлад,
Што не ўцяміць і старому.
Дзед прывёў унука ў сад,
Калі ўсе пайшлі дадому.
Мамы ў яслі малышоў
Валаклі пасля работы.
Тата ў магазін пайшоў,
Маміны абуўшы боты.
Вучні ўсталі, зноў ляглі,
Бо гадзіннікі стаялі,
Ўсе ж яны па сонцу йшлі,
Пеўні беспрабудна спалі.
Заблыталася ўсё ў той дзень,
Не разблыталася б, мусіць,
Каб на вязе на гняздзе
Не прачнуўся стары бусел.
Выйшаў на шырокі двор,
Глянуў у прастор бясконцы.
Не знайшоў на небе зор,
А над забалаццем – сонца.
Перадаўся буслаў страх
Ад суседа да суседа.
Махануў за птахам птах,
Прыляцелі ўсе да дзеда.
Кожны ведаў, што рабіць.
Глянулі з вяршыні вяза –
Бачаць, сонейка не спіць,
Сонейка ў дрыгве завязла.
Мітусня і валтузня
Не па ўласнай там ахвоце.
Б’ецца, беднае, паўдня,
Ледзьве бачнае ў чароце .
Промень даў нырца – і ўсплыў
На лістку, як на далоньцы.
Падхапіліся буслы
Памагчы усходу сонца.
Падчапілі – паднялі!
Колькі сілы – глянуць люба:
Шар чырвоны па зямлі
Коцяць, аж мільгаюць дзюбы.
Выкацілі на грудок.
Пад нагамі прысак дыша.
Сонейка ступіла крок
I пайшло ўсё вышай, вышай.
Вось смяецца з неба нам,
Шле ласкавыя праменні,
А сябрам сваім – буслам
З пакалення ў пакаленне
Кожнай раніцай яно
Дзякуе за дапамогу –
Не забыла, як вясной
Апалілі птушкі ногі,
А не кінулі ў бядзе
Аднаго з балотам біцца.
Болей сонца ўжо нідзе
Спаць у багну не лажыцца.
Знае, што яму рабіць,
Калі загадзя прачнецца.
Пастуху не варт трубіць –
Раніца ў свой час прачнецца.
Ведайце, сябры мае,
Добрую прывычку мае
Той, хто рана устае –
Сонейку дапамагае.
Похожие статьи:
Максім Лужанін → Максім Лужанін - На ўсходзе сонца
Эдзі Агняцвет → Эдзі Агняцвет - Галоўны дворнік
Якуб Колас → Якуб Колас - Усход сонца
Пераказы → Сонца не стаіць на месцы
Пераказы → Гімн жыццю