За лазовым пералазам
Загуменнага завулачка,
На аселіцы за вязам
Лён пасеяла зязюлечка.
Ні часіны не згуляла,
Рупілася, даглядала,
А паспеў лянок – парвала,
У снапочкі павязала.
Паглядзела на снапочкі
І заплакала зязюля:
– Дзе мае сыны і дочкі,
Для каго мне шыць кашулі?
Зарыдала, закувала…
І пайшлі скрозь пагалоскі:
Не раса на поле пала,
А зязюльчыныя слёзкі.
І цяпер яна кукуе,
Адзіноту праклінае.
Хто сівую пашкадуе,
Сіраце паспачувае?
За лазовым пералазам
Болей я не быў ні разу,
Ды не мог забыць ні разачку
Даўнюю, старую казачку.
Завязаўся горкі вузел
Там у полі, ў лесе, ў лузе.
А хто зможа і развяжа –
Казку новую раскажа.
Похожие статьи:
Пераказы, дыктанты → Птушкі шчасця
Янка Брыль → Раман Янкі Брыля "Птушкі і гнёзды". Вобраз Алеся Руневіча
Янка Брыль → Увесь свет — адзін дом (па раману Янкі Брыля "Птушкі i гнёзды")
Янка Брыль → Птушкі i гнёзды. Гнёзды за дымам. Аповесць другая
Янка Брыль → Птушкі i гнёзды. Сцюдзёны вырай. Аповесць першая