Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Васіль Быкаў - Жоўты пясочак. Аналіз апавядання
У апавяданні "Жоўты пясочак" Васіль Быкаў дасканала абмаляваў шэраг вобразаў, аб'яднаных адзінствам часу, прасторы і праблемы, але дыхатамічных ва ўнутраных канфліктах. Падзеі, якія зрабіліся прадметам мастацкага асэнсавання пісьменніка, датычацца 30-х гадоў ХХ стагоддзя -трагічнай старонкі ў гісторыі нашай нацыі. Мастак дэманструе і аналізуе сутнасць жахлівых эксперыментаў над чалавекам, іх уплывы на чалавечую свядомасць.
Васіль Быкаў "сабраў" у сваім творы прадстаўнікоў розных сацыяльных груп, кожны з якіх, аднак, выразна індывідуалізаваны. Усе яны па волі лёсу апынаюцца ў "крытай машыне", дзе няма ні вокнаў, ні маленькай шчылінкі, усе падсвядома разумеюць, што гэты шлях, хутчэй за ўсё, апошні ў іх жыцці, але кожны заглыблены ва ўласны канфлікт — і кожны выконвае сваю мастацкую місію. Менавіта дзеля выяўлення "наканавання", што выпадае таму ці іншаму герою, дзеля выяўлення яго сэнсавай маштабнасці пісьменнік сплятае мастацкія вобразы са шматлікіх вонкавых і ўнутраных дэталяў, псіхалагічных адценняў і эмацыянальных прыкмет. Падобную мастацкую "методыку" П. Паліеўскі назіраў у творчасці Л. Талстога, адзначаючы, што за "дробнасцю" дэталяў і эпізодаў, "сіла якіх у індывідуальнасці, вызваленасці ад "агульнага", паўстае сэнсавая значнасць, дзе "амаль кожная дэталь вобраза даводзіцца ім да ступені галоўнай, кожная выглядае каштоўнай "знаходкай", а сам вобраз будуецца на варыяцыях некалькіх такіх дэталяў, падпарадкаваных агульным кампазіцыйным лініям".
Першым, каго прадстаўляе чытачу В. Быкаў, — гэта Аўтух, селянін-аднаасобнік, палахлівы, па-сялянску крыху няўцямны. Ён вымалёўваецца пісьменнікам ці не з педантычнасцю — да рухаў, жэстаў, псіхалагічных нюансаў. Тут адыгрываюць сваю ролю нават нязначныя эпізоды і дэталі: аборына, якая развязалася на лапці; успаміны, як гвалтам прымушалі ўступіць у калгас: абрэзалі зямлю, пожні, "ліквідавалі" гумно, пуню і ток; недарэчныя перад смерцю думкі пра пакінутую ўласную гаспадарку: "застаўся шнурок нявыбранай бульбы...". Не толькі мітуслівыя думкі, але і паводзіны Аўтуха адпавядаюць вобразу селяніна, які, у адрозненні ад іншых "сатаварышаў па няшчасцю", больш "палітычна-граматных", не можа паверыць, што гэты шлях у крытай машыне — апошні. Ён задаецца мноствам пытанняў, тузае іншых, высвятляючы куды іх вязуць: "Бо завошта караць Аўтуха, які з яго польскі шпіён?".
Другі герой — прадстаўнік інтэлігенцыі "ў першым калене" — аднавясковец Аўтуха, нават з гэткім жа прозвішчам — Казёл. З доляй іроніі пісьменнік дае візітоўку гэтага персанажа: Як навучыўся на настаўніка і пачаў пісаць вершы, дык змяніў тое нягеглае прозвішча на лепшае і падпісваўся пад вершамі, што часам друкаваліся ў газетах, Фелікс Гром". Лёсы шэрагу айчынных пісьменнікаў у вялікай ступені атаясамліваюцца з лёсам гэтага героя, які "памкнуўся ў "Маладняк", пачаў пісаць знарок прыўзнята, задзірыста, "бурапенна". Стараўся перайначыць у сабе прыроджаныя, а значыць, абыватальскія схільнасці і густы — усю гэтую любасць да бору і лесу, нязначных праяваў жыцця, засвоіць іншую эстэтыку, інакшы слоўнік, напоўнены грымотай заводскіх цэхаў, дымам фабрычных труб, калектыўнай працай людзей, будаўнікоў камунізму".
Прыняць гэткія эстэтыку і стылістыку змушаны былі шматлікія таленавітыя пісьменнікі, але і гэта не сталася ні выйсцем, ні панацэяй. У любым, нават самым бяскрыўдным радку "літаратуразнаўцы з наганамі на баку" вычытвалі "крымінал", "замах на сацыялістычную рэчаіснасць" і "шкодніцкую ідэалогію". Пільна вычытвалі, публічна "выкрывалі", неадкладна выносілі гнеўныя вердыкты, накшталт: У саюзе з інтэрвэнтамі кучка буржуазных і дробнабуржуазных інтэлігентаў, ідэолагаў кулацтва, усяго капіталістычнага бруду рыхтавалі сумесна з сусветным імперыялізмам новую крывавую лазню рабочым і сялянам Беларусі і Савецкага саюзу. Разам з выкрыццём контррэвалюцыйнай, шкодніцкай работы Лёсікаў, Ластоўскіх, Некрашэвічаў, Цвікевічаў сарвана канчаткова вопратка "народных", і яны паўсталі перад рабочымі і сялянамі ва ўсёй сваёй нагаце". Так, дзякуючы пільнасці "свядомых грамадзян", дзейнасць "варожых элементаў" тэрмінова "прыпынялася", як, дарэчы, і іх жыццё. Гэтую сітуацыю Васіль Быкаў цалкам дакладна спраектаваў і ўвасобіў у вобразе і ў лёсе Фелікса Грома.
У адрозненні ад іншых герояў, характар Сурвілы раскрываецца пісьменнікам паступова. Гэты персанаж у адносінах да сваіх спадарожнікаў існуе пэўны час інкогніта. Яны не могуць зразумець, чаму "мужчына ў скуранцы", які гаспадарыў у кабінеце следчага, знаходзіцца сярод іх. Але чытач, надзелены магчымасцю "чуць" яшчэ і думкі героя, разумее сутнасць справы. Самотна-роспачныя развагі Сурвілы адыгрываюць у тэксце немалаважную ролю: ствараецца аб'ектыўны псіхалагічны партрэт героя, робяцца відавочнымі яго маральныя арыенціры. "Трэба было выбіць — і прызнанне, і сведчанне, — прозвішчы, даты, сустрэчы. Часам перабіраў, гэта праўда. Але ж на карысць справы, не для сябе". Партрэт персанажа, яго ўнутраны стан удала дапаўняюць асобныя рэплікі героя — грубы адказ на пытанне Аўтуха, пільная рэакцыя на паведамленне Шастака, што ён з Зялёнага Луга: "Ты ж гарадскі, казаў. Паказваў на допыце: з Камароўкі. Во — выясняецца! А то ўсё — рабочы, чыгуначнік. Блытаеце нешта, Шастак". Асобныя фразы, агульны стыль маўлення, інтанацыі падкрэсліваюць, што Сурвіла па-ранейшаму пачуваецца "на пасадзе", "пры адказнай справе". У вобразе Сурвілы тыпізуюцца "салдаты арміі Дзяржынскага", апантаныя выканаўцы даручэнняў. Адмысловым эпізодам, жахліва-красамоўным па сутнасці, Васіль Быкаў прадэманстраваў бездакорную "адказнасць" сурвілаў перад уласным "сумленнем". Герой згадвае, як аднойчы яму давялося расстрэльваць маладзенькую студэнтку, але "тады ён меў невялікі чэкісцкі досвед і паддаўся на дзявочую прывабнасць", таму наўмысна стрэліў міма. Той "ганебны ўчынак" доўгі час пакутліва непакоіў чэкіста, таму ён асабліва "стараўся" ў далейшай працы. "Тое старанне дало свой плён, і пасля, ужо ў следчым аддзеле, ён паказаў за паўгоддзя найлепшыя вынікі — 127 чалавек, падведзеных да вышэйшай меры, — болей, чым у каго-небудзь іншага". Гэтым эпізодам пісьменнік адначасова даводзіць і жах існавання ва ўмовах "Вялікага Страху", што "настойліва насаджала ў краіне сталіншчына, якая не толькі фізічна знішчала мноства людзей, але і расчалавечвала чалавека, растоптвала ў яго душы спагадлівасць і спачувальнасць, міласэрнасць і пачуццё справядлівасці, здольнасць адчуваць чужы боль, звычайную суседскую прыязнасць, сяброўскія і сваяцкія пачуцці".
Блізкім да вобраза Сурвілы — па матывацыі антыгуманных дзеянняў, па сваёй злачыннай сутнасці — з'яўляецца ў апавяданні Шастак, "партыец-бальшавік", у якога ў турме "былі свае абавязкі: дагадзіць следчым, запомніць і як мага дакладней перадаць ім, пра што гаварылі арыштанты". Прозвішча героя спецыфічнае па этымалагічных асацыяцыях: "шасцёрка", як самая дробная "асоба" ў картачнай гульні (але ад якой у пэўнай ступені залежыць агульная сітуацыя), ці шасцярэнька , як адзін з неабходных элементаў у агульным дзяржаўным механізме. Вельмі падобныя лёсы Сурвілы і Шастака нібыта персаніфікуюць вядомае: не капай яму іншаму... Абодва героі па сутнасці з'яўляюцца "калегамі" ў адносінах да "памкаменданта Косцікава", яны і трымаюцца з ім у пэўнай меры "па-сваяцку". Ды і ён час ад часу выказвае ім сякую-такую "калегіяльную ўвагу": частуе папяросай Сурвілу, у гутарцы з Шастаком "мякчэйшы", чым з іншымі. Шастак, як і Сурвіла, да апошняга спадзяецца на разуменне з боку таварышаў і, адпаведна, на вызваленне: Бо завошта ж яго расстрэльваць? Яго ўзнагародзіць трэба за ягоныя пяцімесячныя турботы ў турме, за паслугі, якія ён аказваў органам і партыі". Ён да апошняга ўздыху застаецца здрадлівым, паслужлівым, клапоцячыся, каб датэрмінова "не раскрыцца, не зазлаваць, да канца выканаць свой сакрэтны абавязак". Сутнасць вобраза дапаўняецца лаканічнымі, але вельмі каларытнымі эпізодамі: найперш, калі Шастак цалкам сур'ёзна ўспрымае цынічны жарт Косцікава — "аб'яўленне благадарнасці": "Дзякуй, таварыш... Грамадзянін начальнік. Каб гэта залічылася..."; пазней — эпізодам, дзе Шастак, улагоджваючы Косцікава, з падхалімскай паспешлівасцю абураецца паводзінамі Валяр'янава, заўважаючы: "Мабыць, мала стралялі...". Безумоўна, у вобразе Шастака Васіль Быкаў увасобіў кагорту тых спецыфічна "далучаных" да "вялікай справы" дзеячаў, якія на самой справе з'яўляліся дробнымі, але неабходнымі "вінцікамі", "шасцярэнькамі", якія "круцілі" рухавік магутнай вынішчальнай машыны і якімі ў любы момант можна было лёгка ахвяраваць, бо знойдуцца новыя, гэткія ж "надзейныя".
Ствараючы вобразы ў вялікай ступені сімвалічныя, надзяляючы іх індывідуальнымі, але і вельмі характэрнымі рысамі, прыкметамі, якасцямі, аўтар дасканала тыпізуе ў іх цэлыя колы, слаі грамадства. Пісьменнік "выпрабоўвае" герояў у надзвычайных абставінах і дэманструе дэфармацыю або трываласць характараў, светапоглядаў, перакананняў.
Дакладная абмалёўка вобразаў, псіхалагічная выверанасць, надзяляюць іх "рэальнай жыццёвасцю".
Неадназначным сэнсам надзелены ў апавяданні Зайкоўскі — "звычайны маскоўскі грабежнік", які таксама далучаны да "палітычных" вязняў. Ён, у адрозненне ад іншых герояў, трымаецца з канваірам развязна, з выклікам, дазваляе сабе з яго здзекліва пацяшацца. Лексіка героя -"подлая стукачка", "замачыўшы мільтона", "рваць кіпці" — давяршае вобраз. Але незалежнасць, бунтарскі характар, раскаванасць, бясстрашша Зайкоўскага выклікаюць міжвольную сімпатыю. Тым не менш, здзейсненыя ім злачынствы (у тым ліку і забойства чалавека), не даюць падставаў дзеля празмернага захаплення героем. Гэты вобраз дазволіў пісьменніку выявіць свабоду як унутранае адчуванне. Зайкоўскі не мог не разумець, што ланцужок яго крымінальных дзеянняў аднойчы скончыцца. Гэтаму герою, у адрозненне ад іншых, няма чаго губляць — ні сям'і, ні "ўласнасці", ні тых, хто будзе па ім сумаваць. Ён успрымае свой прысуд як непазбежнае пакаранне, а па якім артыкуле, з якой фармулёўкай — якая розніца? Менавіта адчуванне ўласнай асабістай свабоды пазбаўляе яго боязі, унутрана разнявольвае. Тут згадваецца сцвярджэнне Васіля Быкава, што "кожнаму свой шлях да свабоды наканавана прайсьці асобна". Свой шлях Зайкоўскі "пераадолеў", пераасэнсаваў у "крытай машыне". Вобраз Зайкоўскага ў пэўнай ступені атаясамліваецца з вобразам лынькоўскага Ваські Шкетава, а шматзначная фраза: "Я можа больш палітычны, чым вы разам узятыя!" вельмі блізкая па сэнсе да Васькавай перадсмяротнай: "Эх, позна, позна, і так рана, рана...". Зайкоўскі, знаходзячыся на самай справе "наўзбоч" ад праблем, якія з'яўляюцца клопатам астатніх герояў, мае магчымасць больш аб'ектыўна ацэньваць сітуацыю, сутнасць падзей. Сэнсавая "знакавасць" вобраза дапаўняецца апошняй фразай, звернутай да Косцікава: "Будуць расстрэльваць самога, каб не ў гэтай яме. Каб нам не смярдзеў".
Гэтая рэпліка падкрэслівае, што сутнасць далейшага ходу "вялікай барацьбы" для Зайкоўскага прадказальная.
У вобразе Валяр'янава В. Быкаў тыпізаваў "ворагаў пралетарыяту", прысуд якім быў вынесены, як заўважыў сам герой, "не пазаўчора, а мабыць, яшчэ ў семнаццатым". З годнасцю, зацятай маўклівай трываласцю Валяр'янаў пераносіць абразы "маладога, самаўпэўненага чэкіста", якіх ён нямала пабачыў на сваім вяку, "пачынаючы з дзевятнаццатага году". Для Валяр'янава, як і для Зайкоўскага, сутнасць падзей цалкам зразумелая. Ён не цешыць сябе марнымі ілюзіямі, не задае ніякіх пытанняў. Яго настальгічныя ўспаміны пра мінулае жыццё, шчымлівыя перажыванні за дзвюх дачушак, лёс якіх невядома як далей складзецца, давяршаюць эмацыянальнае ўспрыняцце і разуменне вобраза. Мастацкімі дэталямі, якія сімвалізуюць беспадстаўнасць абвінавачванняў Валяр'янава, з'яўляюцца дзіцячыя "сукеначкі і панчошкі", атрыманыя ім пад каталіцкі Вялікдзень ад сястры з Кракава: "Ужо назаўтра тыя сукеначкі і панчошкі сталі на следстве рэчавымі доказамі ягоных шпіёнскіх сувязяў з польскай разведкай". Абсурднасць "доказаў" злачыннасці, даведзеная тут да трагічнай гратэскавасці, абвастрае і адначасова тыпізуе драматызм становішча былой інтэлігенцыі, дваранства, што вынішчаліся пралетарыятам "як класавы вораг".
Менавіта як да патэнцыяльнага ворага, з нязменнай агрэсіяй, ставіцца да Валяр'янава Косцікаў. Малады чэкіст звяртаецца да яго няйначай як "буржуй", "белагвардзеец", падкрэсліваючы тым самым сваю сацыяльную перавагу. Немалаважную ролю ў супастаўленні вобраза Валяр'янава і кола "пралетарыяў" — Косцікава, Сурвілы і Шастака — адыгрывае лексіка персанажаў. Маўленне Валяр'янава — стрыманае, дакладнае, не ўтрымлівае ніякіх моўных хібаў, у адрозненне ад недарэчных русізмаў, якімі сыплюць прадстаўнікі другой групы: "благадарнасць", "да цябе абрашчаюцца...", "ашыбка" і інш.
Характарызуючы асобу Косцікава, прасочваючы яго службовую кар'еру, пісьменнік увасобіў у гэтым вобразе агульную масу "спадкаемцаў" Сурвілы — служакаў рэжыму, "павукоў у слоіку", якія ў пэўнай чарговасці нішчаць адзін другога. Гэты пастулат агучваецца ў фінале твора вуснамі Сурвілы: "Во і ты... Думаеш, уцалееш? Службай адкупісся? Не! Прыйдзе і твая чарга...". Папярэджанне Сурвілы набывае асаблівую сімвалічную выразнасць, калі ён, карыстаючыся "калегіяльнымі прывілеямі", капае сабе асобную яму, каб не быць пахаваным "у агульнай, упокат з ворагамі народа". Гэты і іншыя сімвалы, якімі напоўнены мастацкі свет апавядання "Жоўты пясочак", узбуйняюць, выразна ўзмацняюць агульную канцэпцыю твора. Асабліва маляўнічым па сэнсавай значнасці з'яўляецца тут эпізод з угразлай машынай, якая перавозіць асуджаных на месца выканання прысуду. Пяцёра нявольнікаў старанна выпіхваюць машыну з багны, Косцікаў, размахваючы пісталетам, "дырыжыруе з узбочыны", і толькі грабежнік Зайкоўскі пацяшаецца з сітуацыі, седзячы ў кузаве: "Піхайце, піхайце! Дружней піхайце, жалкія рабы сацыялізму! Гнюсныя прыслужнікі трацкістаў! Піхайце на сваю пагібель! Шчыруйце за крывавы ЧК! Давайце, дружней! Мацней, крэпчэ і вышэ!..". Машына, якая буксуе ў твані, надзелена відавочнай знакавасцю: дзяржаўны механізм, які вынішчае людзей, прыводзіцца ў рух менавіта гэтымі людзьмі, аб'яднанымі ідэяй, мэтай, загадам.
Характарызуючы прозу Васіля Быкава, Алесь Адамовіч падкрэсліў: "Літаратура гэтага тыпу звычайна ўзбуйняе чалавечыя перажыванні, добрыя і благія якасці людзей: самі крызісныя акалічнасці раскрываюць, выяўляюць усё ў чалавеку падкрэслена, моцна. Гэтая літаратура "па-дастаеўску" праецыруе чалавечыя пачуцці, думкі, учынкі на самую "прыроду чалавека" і як бы на яго будучыню. Яна абавязкова з футуралагічнай афарбоўкай: літаратура-папярэджанне, літаратура-сігнал". У апавяданні "Жоўты пясочак" В. Быкаў стварыў па-мастацку вытанчаныя, але адначасова і абагульненыя, універсальныя вобразы. Сплеценыя з мноства кампанентаў, надзеленыя індывідуальнымі характарамі, патэнцыяльнай шматмернасцю, яны абумоўліваюць унікальную вастрыню ўражання, вызначаюць не толькі рэалістычную тыповасць, сімвалічнасць твора, але і яго відавочную прагнастычнасць.
Похожие статьи:
Васіль Быкаў → Васіль Быкаў - Пайсці і не вярнуцца
Васіль Быкаў → Васіль Быкаў - Жоўты пясочак
Васіль Быкаў → Васіль Быкаў - Аблава