Жыццё маё – цяжкі з гадамі бой,
І чым далей, то ўсё даўжэй прывалы,
Буксуюць вершы, быццам самазвалы,
Ды знаю я: надыдзе момант той,
Калі не хвоі снамі баравымі
Атуляць мой дарожны неспакой,
А схіляцца зларадна нада мной
Мае гады з бародамі даўгімі.
Чаго прыйшлі, за цудамі якімі?
Якога мне яны жадаюць сну?
Яшчэ я ўстану, падапруся кіем,
Старэчыя бароды расхіну.
За ўсе гады вазьму з гадоў даніну,
З дарогай разлічуся рэштай дзён,
Астатнія, як костку, смерці кіну
За той парог, дзе векавечны сон.
1961
Похожие статьи:
Максім Багдановіч → Максім Багдановіч - Не кувай ты, шэрая зязюля...
Пімен Панчанка → Пімен Панчанка - Прысніўся сон
Э → Элегія
Рыгор Крушына → Рыгор Крушына - Элегія
Максім Танк → Максім Танк - Ой, не гніце, ветры