Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Творчасць Андрэя Макаёнка

   Андрэй Макаёнак нарадзіўся 12 лістапада 1920 г. у вёсцы Борхаў Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці. Пасля вайны, у час якой ён быў моцна паранены і дэмабілізаваны ў 1942 г., ён (член КПСС з 1945 г.) займае розныя палітычныя пасады. У 1949 г. заканчвае Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КПБ і ў гэтым жа годзе ўступае ў Саюз пісьменнікаў. З 1949 па 1953 г. Макаёнак узначальвае аддзел прозы часопіса «Вожык», а з 1966 г. (пасля таго, як прымаў удзел у рабоце XX сесіі Генеральнай Асамблеі ААН) па 1978 г. займае пасаду галоўнага рэдактара рускамоўнага часопіса «Неман». Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР (1971-1982), ён быў найбольш паважаным і ўзнагароджаным прадстаўніком афіцыйных уладаў. Памёр А. Макаёнак 16 лістапада 1982 г.
   У 1946 г. Макаёнак дэбютаваў аднаактнай драмай «Добра, калі добра канчаецца», за якой паследавала п’еса «Выйгрыш» (1948), што не была ні апублікавана, ні пастаўлена на сцэне пры жыцці аўтара. На пачатку 50-х ён вяртаецца да аднаактовых драм, сярод якіх такія выдатныя творы, як «Перад сустрэчай» (1950), «Жыццё патрабуе» (1950), «Аксеніна цялушка» (1951), «Крымінальная справа» (1951), «Першае пытанне» (1952) і больш позняя – «На шырокія прасторы» (1958). У 1952 г. драматург прадэманстраваў значную амбіцыю ці недальнабачнасць, стварыўшы публіцыстычную драму «На досвітку» на малавядомую яму самому тэму класавай барацьбы ў пасляваеннай Францыі. Гэты няспелы твор ва многім быў данінай часу і пазней прызнаваўся Макаёнкам за памылку.
   Значна больш цікавай і вартай увагі была першая з ягоных буйных п’ес – сатырычная камедыя «Выбачайце, калі ласка!», напісаная і ўпершыню пастаўленая ў 1954 г. У гэтым творы, скарыстаўшыся з часовай адсутнасці палітычнага кантролю над літаратурай, аўтар малюе калгаснае жыццё без аніякіх прыкрас, паказваючы карумпаваных і абыякавых да ўсяго мясцовых начальнікаў. Старшыня калгаса Сцяпан Калібераў, які мае цёмнае мінулае, абсалютна адмоўны персанаж, добра вядомы Макаёнку, чый характар і паводзіны спрыяюць стварэнню атмасферы дробнага махлярства і гультайства сярод ягоных падначаленых. Асабліва прыцягвае ўвагу чытача ягоны цынічны і неразборлівы ў сродках намеснік Мокін, асноўнае жаданне якога заключаецца ў тым, каб атрымаць кантроль над прадпрыемствам ў Гомелі. П’еса адрозніваецца не толькі цікавай ідэяй, але і багатай і дасціпнай мовай са шматлікімі афарыстычнымі выслоўямі, і такое спалучэнне спрыяе вялікай яе папулярнасці: п’еса ставілася на 160 тэатральных сцэнах.
   Непрыхарошанае калгаснае жыццё таксама пакладзена ў аснову камедыі Макаёнка «Каб людзі не журыліся» (1958 г., пастаўлена ў 1959 г.). Гэты твор мае яшчэ больш крытычны зарад, і пісьменнік быў вымушаны ўнесці многа змен у тэкст, каб супакоіць партыйных крытыкаў кшталту П. Броўкі і забяспечыць п’есе далейшае тэатральнае жыццё. Аднак пасля некалькіх прадстаўленняў п’еса ўсё ж была знята са сцэны. Дзеянне гэтага твору разварочваецца вакол крадзяжу торбы бульбы, які ажыццявіў удовы калгаснік, каб пракарміць сваіх дзетак. Не благі па сутнасці старшыня (шосты за апошнія тры гады!) робіць усё магчымае, каб пасадзіць бедака ў турму, пакінуўшы двух дзетак без бацькі. У гэтай п’есе Макаёнку аднолькава добра ўдаліся і характары, і структура, але найбольшую папулярнасць у Савецкім Саюзе і за мяжой ён атрымаў менавіта дзякуючы сваёй наступнай п’есе.
   У аснову сюжэта «Лявоніхі на арбіце» (1961) таксама пакладзены дробны крадзеж, а камічны персанаж сквапнага і бездапаможнага Лявона Чмыха, бойкага на язык, сапраўды цяжка лічыць ліхадзеем, паколькі ўсё сельскае грамадства, у якім ён жыве, выдае на карыкатуру, але само апісанне простага здарэння выглядае досыць рэалістычна. Для многіх гледачоў жонка Лявона, заўзятая будаўніца камунізму, у нечым такая ж вартая смеху, як і яе недарэка-муж, аднак значна менш сімпатычная. Частыя тосты за светлую будучыню выглядаюць камічным пустазвонствам, а элемент сатыры прыўносіцца старшынёй калгаса Міхаілам Сяргеевічам, прататыпам якога паслужыў Мікіта Хрушчоў. У п’есе гучыць і рэха твора «Выбачайце, калі ласка», асабліва ў характарах старшыні райкама партыі Глуздакова і ягонага абсалютна бесчалавечнага, падобнага да робата намесніка Цесакова, які, калі нехта спрабуе даведацца ягоную асабістую думку, выдае класічны адказ, што калі ёсць прамы загад, няма патрэбы думаць. У п’есе цэлы шэраг дасціпных момантаў, вялікая колькасць персанажаў і шмат камічных сцэнічных сітуацый, і ўсё гэта разам змяншае рытарычны элемент, у большай ці меншай ступені ўласцівы ўсім творам Макаёнка. За камедыю «Лявоніха на арбіце» драматург у 1962 г. стаў лаўрэатам Літаратурнай прэміі імя Я. Купалы, а двума гадамі пазней паводле гэтай п’есы быў зняты фільм пад назвай «Рагаты бастыён». Затым з’явіліся яшчэ сем п’есаў, аднак ні адна з іх не карысталася такой папулярнасцю, як «Лявоніха на арбіце».
   «Зацюканы апостал» (1969 г., пастаўленая ў 1971 г.) – алегарычная трагікамедыя, вельмі далёкая ад грубаватай камічна-рэалістычнай атмасферы «Лявоніхі». Гэта драма з’явілася пэўным адступленнем не толькі ў творчасці Макаёнка, але і беларускай драматургіі ў цэлым. П’еса сімвалічным чынам прадстаўляе заходняе буржуазнае грамадства, поўнае зайздрасці, эгаізму і пасіўнай палітычнай абыякавасці – усяго таго, што, па меркаванню аўтара, непазбежным чынам вядзе да злоўжывання сілай і фашызму. У творы няма ніводнага станоўчага персанажа, і ўсе героі у асноўным фігуруюць пад імёнамі Бацька, Маці, Дачка і г. д., да таго ж існуе тэлекаментатар, які каментуе ўсе падзеі п’есы. Як алегарычнае іншасказанне п’еса можа ўяўляць сабой пэўную цікавасць.
   Прыблізна ў той самы час іншая трагікамедыя, «Трыбунал» (1970), стала працягам эксперыментаў Макаёнка ў іншай галіне. Назваўшы сваю п’есу народным лубком, аўтар паспрабаваў героем вайны зрабіць простага селяніна Цярэшку Калабка, чыя непрадстаўнічая знешнасць і просты розум спалучаліся б з сапраўднай мужнасцю і жыццёвай сілай, што, у рэшце рэшт, аказвала больш моцнае ўздзеянне, чым узвышаны гераізм. Нізкія, нават фарсавыя элементы змешваюцца з сур’ёзнымі, камедыя – з праўдзівай трагедыяй. Калабок – адзін з найлепшых сцэнічных персанажаў Макаёнка, чалавек, што ўвасабляе многія бакі беларускага характару, добрыя і дрэнныя, не даводзячы, аднак, іх да карыкатурнасці. Такія характары (ён не адзіны ў гэтай п’есе) вызначаюць магутны нацыянальны дух гэтага драматычнага твора. У 1974 г. за творы «Трыбунал» і «Таблетку пад язык» (1973) Макаёнак атрымаў Дзяржаўную прэмію імя Я. Коласа. Апошняя п’еса прысвечана пярэбарам з вёскі ў горад, яна пазбаўлена сентыментальнасці, уласцівай, напрыклад, прадстаўнікам рускай вясковай прозы. Кожны з герояў, які плануе пераехаць, мае важкія падставы кар’ернага альбо асабістага характару, і зразумела, што жыццё ў сельскай мясцовасці павінна радыкальным чынам змяніцца, каб спыніўся гэты масавы зыход.
   П’еса «Кашмар», пазней вядомая пад назвай «Святая прастата» з падзагалоўкам «Небяспечная камедыя», была напісана ў 1974 г. і пастаўлена на сцэне ў 1976 г. Гэта алегорыя са Старым у цэнтры дзеяння, якая выглядае чыста публіцыстычным выпадам супраць магутнага (чытай заходняга) мілітарызму, які, па савецкім уяўленням, з’яўляецца адзінай пагрозай міру на зямлі і бяспецы чалавека. Гэты твор Макаёнка знаходзіцца ў поўнай гармоніі з афіцыйнай пазіцыяй Савецкага камітэта міру. Пісьменнік звяртаецца да гэтай тэматыкі і ў апошнім сваім драматургічным творы, «Дыхайце ашчадна» (1982), пастаўленай толькі ў 1984 г., пасля смерці аўтара. Трагікамедыя «Пагарэльцы» (1966-1980), што складаецца з аднаго пралога і эпілога, люта атакуе маральнае разлажэнне грамадства. І, у рэшце рэшт, для кантрасту трэба ўзгадаць «Верачку» (напісана ў 1976 г., апублікавана і пасгаўлена ў 1979 г.), «сентыментальны фельетон», у якім няма той заўзятасці, сацыяльнай альбо прыватнай, характэрнай для іншых твораў драматурга, але прысутнічае мяккая восеньская атмасфера шчаслівага пачуцця.
   А. Макаёнку заўсёды ўдавалася здзіўляць сваіх гледачоў, што б яны не думалі пра ягоныя эксперыменты і пошукі. У краіне сляпых аднавокі – кароль, таму ў яго нават тэарэтычна не існавала канкурэнтаў у гэты перыяд. Ягоныя п’есы маглі б мець і большы шанец пражыць даўжэй, калі б аўтар не верыў так заўзята ў ролю камуністычнай партыі ў літаратуры. Як і ягоны блізкі сябар І. Шамякін, Макаёнак быў таленавітым рамеснікам, які, пры ўсім ягоным майстэрстве, быў абцяжараны тым, што многія лічаць недарэчным пачуццём адказнасці, тлумачэнне якому дае сам аўтар у артыкуле «Аб некаторых пытаннях беларускай драматургіі»:
   «Драматургія, як і ўся літаратура, з’яўляецца важным сродкам камуністычнага выхавання савецкага народа. Вось чаму наша партыя няспынна праяўляе клопаты аб драматургіі і пільна сочыць за працэсам яе развіцця, накіроўваючы гэты працэс па шляху павышэння ідэйнай вартасці і мастацкага майстэрства».

Крыніца: Макмілін А. Беларуская літаратура ў 50-60-я гады XX стагоддзя: Манаграфія / Пер. з англ. А. Літвіноўскай / А. Макмілін. – Мн.: "Беларускі кнігазбор", 2001. – 332 с.

 

Похожие статьи:

Андрэй МакаёнакКамедыя Андрэя Макаёнка "Выбачайце, калі ласка!". Характарыстыка вобразаў і праблем, узнятых у творы

БиографииАндрэй Макаёнак

Андрэй МакаёнакАндрэй Макаёнак - Трыбунал

Андрэй МакаёнакАндрэй Макаёнак. Зацюканы апостал. Аналіз твора

Андрэй МакаёнакАндрэй Макаёнак - Пагарэльцы. Аналіз твора