Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Камедыя Андрэя Макаёнка "Выбачайце, калі ласка!". Характарыстыка вобразаў і праблем, узнятых у творы
Трыбуналам над моцкінымі, каліберавымі, над падхалімамі, прыстасаванцамі, прайдзісветамі і авантурыстамі розных калібраў і рознай моцы з'яўляецца творчасць Андрэя Макаёнка.
Нельга не пагадзіцца з крытыкам Дз. Бугаевым, што сатырычнай камедыяй "Выбачайце, калі ласка!", змагаючыся з недарэчнасцямі ў калгасных хлебапастаўках, А. Макаёнак "на самай справе ўдарыў па галоўных падвалінах нашай таталітарнай сістэмы". Ён высмеяў і паказаў небяспечнасць таго, на чым яна трымалася, — паказуху і падман, якім было пранізана афіцыйнае жыццё ад верху да нізу. А дзе падман, там і падхалімства, і казнакрадства, і рабаўніцтва працоўнага чалавека, — злачынства і зло ў самых розных выявах.
Макаёнак з'яўляецца таленавітым вучнем і прадаўжальнікам лепшых традыцый Кандрата Крапівы. Майстэрства і талент Макаёнка выявіліся ў стварэнні канфлікту, які, як вядома, з'яўляецца асновай драматычнага твора.
Аснову камедыі складае канфлікт паміж прыстасаванцамі і кар'ерыстамі Каліберавым і Моцкіным, што бачаць сваю галоўную задачу ў тым, каб "у першую чаргу разлічыцца з дзяржавай" любымі метадамі, і здаровымі сіламі, якія "ўзначальвае" калгасніца Ганна Чыхнюк. Ідэя твора і выяўлена ў маналогу Ганны Чыхнюк, у яе пярэчанні Калібераву: "Галоўная задача — у першую чаргу добры ўраджай вырасціць, а потым сабраць яго так, каб ніводнае зярнятка не прапала. Тады і з дзяржавай разлічымся. Мы свой доўг помнім. I калгасніку трэба за сваю працу атрымаць, і налета каб было што пасеяць".
Маналог з'яўляецца прысудам усёй сістэме, пры якой магчымы такі абсурд, такія злачынствы, здзейсненыя не кім- небудзь, а самім кіраўніцтвам. "Гэта па-гаспадарску?! У людзей жа работа з рук валіцца, кал і бачаць такое кіраўніцтва".
Гэтымі словамі сялянкі выяўлена аўтарская пазіцыя і перакананне, што самай страшнай сілай валодае зло, надзеленае ўладай. Праз такое "кіраўніцтва" ў людзей не проста работа "з рук валіцца" — валіцца, рушыцца вера ў справядлівасць, парадак. У выніку паступова разбэшчваецца народ, за што і "неабходна судзіць усенародным трыбуналам" моцкіных і каліберавых. I за слоўнай, прыгожа аформленай, хоць і абсурднай, шыльдай, што іх "галоўная задача — у першую чаргу разлічыцца з дзяржавай" (галоўны лозунг таталітарнай сістэмы — чалавек для дзяржавы), хаваецца іх "сапраўдная задача". Моцкіны і каліберавы імкнуцца любымі сродкамі прасунуцца вышэй па службовай лесвіцы хоць бы ўседзець у тым крэсле, якое пад імі зараз.
Мова Каліберава — яго самахарактарыстыка; яна адпавядае тым сродкам, метадам, якімі дасягаецца мэта і рашаецца галоўная задача:
"Не зробіш — дух вон, жылы на тэлефон!", "Я цябе ў парашок сатру!", "Такі сабантуй арганізую, што моташна стане", "Гайкі трэба тужэй закручваць сваім работнікам". Такая лексіка, такі стыль кіраўніцтва — такая і ўлада. Бойкая ўлада; па ўсім відаць, што ўсталявалася яна надоўга. Але не назаўсёды.
Дынаміка сюжэта, кульмінацыя ў п'есе дасягаецца драматургам апісаннем хаўрусу кар'ерыста значнага калібру (раённае начальства!) з авантурыстам і прайдзісветам, выкрутлівым спрытнюгам Моцкіным. Як дзялок і махінатар Моцкін, бадай, пераўзыходзіць свайго непасрэднага начальніка, хоць пасаду займае значна ніжэйшую — ён усяго толькі раённы ўпаўнаважаны па хлебанарыхтоўках. Калібераў свядома дае згоду на махінацыі, прапанаваныя Моцкіным. Дамовіўшыся з дырэктарам спіртзавода (яшчэ адзін хаўрус!), раённае кіраўніцтва атрымала фіктыўныя квітанцыі, што збожжа здадзена. У кожнага з хаўруснікаў свой інтарэс: Моцкін прагне заняць галоўную пасаду на базе "Заготзбожжа", дырэктар спіртзавода Печкуроў — дабудаваць за дзяржаўны кошт шыкоўны дом. У гэтым хаўрусе кожны з іх гатовы ў выпадку чаго перакласці віну, усе свае грахі на чужыя галовы і найперш на галовы адзін другому. Нічым не грэбуюць, ні перад чым не спыняюцца, каб дарвацца да ўлады, "да славы прагныя, ды вузкія ў плячах" (К. Крапіва), каб займець "вялікі хамут" — больш высокую пасаду і шыкоўнае жыццё.
Выдатным майстрам камічных сітуацый, дэталяў праявіў сябе Макаёнак, учыніўшы трыбунал над злом. Асабліва ўражвае сцэна, калі хаўруснік Каліберава Моцкін адкрыта здзекуецца з сімулянта, што імітуе ў канцы п'есы моцны прыступ: "У яго ж камень у пячонках! Булыжнік!.. Кіньце дурня строіць!" А потым бліскучы сатырычны эфект, выкліканы гэтым "булыжнікам", яшчэ дапаўняецца не менш з'едлівай рэплікай Ганны: "За пазухай у яго камень, а не ў пячонках".
Адна з галоўных вартасцей камедыі заключаецца ў дасканалым пісьменніцкім умельстве індывідуалізаваць мову персанажаў. Так, у вобразе Гарошкі вызначальнай з'яўляецца бліскучая моўная знаходка драматурга — прыгаворка персанажа: "Хоць круць-верць, хоць верць-круць". Гэтая прыгаворка трапна выяўляе і супярэчлівы характар героя, і яго становішча. Не пазбаўлены сумлення і цвярозага сэнсу Гарошка, як ні круціцца, а ўсё роўна не можа ўсім дагадзіць і часцей мусіць рабіць насуперак свайму гаспадарскаму пачуццю і чалавечаму разуменню.
A ў дадатак да ўсяго драматург вынаходліва вар'іруе гэтую прыгаворку. Печкуроў, здзекуючыся з палахлівага бедака, суцяшае яго і раіць прывучацца да рызыкоўных аперацый: "А ты, Гарошка, не круць-верць, а круць-круць". Любімымі слоўкамі Гарошкі камедыя і завяршаецца, прычым вельмі эфектна, на ўзроўні крапівінскага "свінтуса грандыёзуса", якога трэба біць проста па пятачку. Цяпер Гарошкава прыгаварка гучыць ужо з вуснаў Ганны Чыхнюк і адрасуецца Калібераву і Моцкіну: "Хоць круць-верць, хоць верць-круць, адкажуць!"
Назвай "Выбачайце, калі ласка!" пісьменнік сцвярджае, што такім кіраўнікам даўно пара было сказаць, падабаецца ім гэта ці не: злазь з даху — не псуй гонту! На заўвагу, што іхні старшыня "вельмі добры чалавек", Ганна Чыхнюк прамаўляла па-свойму: "Жонцы трэба лагодны характар... Калгасу гаспадар патрэбен, ды добры гаспадар..."
У падтэксце сёння прачытваецца і большае: гаспадар патрэбны быў і ўсёй краіне. Бо ад гаспадара, дзяржаўцы, як сцвярджалі яшчэ мудрыя нашы продкі, залежыць росквіт і багацце краіны, дабрабыт і годнае жыццё народа.
Похожие статьи:
Андрэй Макаёнак → Андрэй Макаёнак - Трыбунал
Андрэй Макаёнак → Андрэй Макаёнак - Лявоніха на арбіце
Андрэй Макаёнак → Андрэй Макаёнак. Зацюканы апостал. Аналіз твора
Андрэй Макаёнак → Андрэй Макаёнак - Пагарэльцы. Аналіз твора