Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Андрэй Макаёнак - Каб людзі не журыліся

   Камедыя Андрэя Макаёнка "Каб людзі не журыліся" (1957) ("Самі с усамі") вызначаецца даволі праўдзівым паказам тагачасных калгасаў, сельскіх і раённых кіраўнікоў (хлёстка напісаныя сатырычныя вобразы калгаснага старшыні Самасеева і райпланаўскага начальніка Гудзеева) і з гэтай прычыны ў свой час сустрэла моцнае афіцыёзнае супрацьдзеянне, з-за якога аўтару прыйшлося шмат крамсаць свой твор. Прыход камедыі да гледача быў вельмі няпростым. Ад Макаёнка чакалі нечага падобнага на папярэдні твор, ды, зрэшты, і нездарма. Аднак лёс яго ў многім быў вырашаны публікацыяй не зусім дапрацаванага варыянта ў эмігранцкай газеце "Бацькаўшчына" (Мюнхен). "Было б яшчэ паўбяды ад таго, што рэдакцыя надрукавала п’есу, над якой аўтар сумесна з тэатрам працягваў працаваць, каб палепшыць твор. Мяне абурыла не гэта. Мяне абурылі тыя каментарыі, якія былі выказаны ў некаторых артыкулах газеты. Як у крывым люстэрку, там скажаюць мае ідэйныя творчыя пазіцыі і, несумненна, вырываючы рэплікі з п’есы, адвольна, па-свойму, тэндэнцыйна тлумачаць яе, ні слова не сказаўшы пра галоўнае ў камедыі – пра яе партыйную накіраванасць, дэмакратычны характар..." ("За вяртанне на Радзіму", 1959, № 40). Макаёнак даў водпаведзь "прыслужнікам імперыялізму", але яна мала што змяніла. Нясцярожлівыя дамарошчаныя перастрахоўшчыкі пастараліся "замарозіць" пастаноўку таленавітага твора. Сцэну ён убачыў толькі ў 1959 годзе.
   Пачатак дзеі драматург фіксуе з абсалютнай дакладнасцю – 1 красавіка 1955 г. I гэтую дэталь, калі ўлічыць, што ў творах Андрэя Макаёнка ніколі і нічога выпадковага не было, варта разгледзець як красамоўную падказку чытачу, рэжысёру, гледачу: шукаць дадатковы, падтэкставы сэнс. Да часу напісання п'есы ўрад краіны прыняў шэраг важных пастаноў, закліканых кардынальна палепшыць жыццяздольнасць калгасаў; селяніну стала дыхацца лягчэй. Не бачыць гэтага драматург не мог, тым не менш, не паспяшаўся біць у літаўры. Наадварот, падзейны фон у камедыі надзвычай змрочны, ноткі трывогі пранізваюць нават чыста камічныя сцэны. Вось якой атрымалася гутарка двух старшынь (былога і будучага) калгаса «Вольная праца»:

Самасееў (Кавальчуку, нявесела). Дык вы, значыцца, правяралі?
Кавальчук. Прыглядаўся.
Самасееў. Нуі што?
Кавальчук. Чэсна сказаць? Дрэнь вашы справы.
Самасееў (няўпэўнена). Відаць, нагаворы, паклёп...
Кавальчук. Трэба разабрацца.
Самасееў. Во-во-во!.. Іменна разабрацца! Тут жа такія людзі, што... За тры гады чатырох старшынь з'елі.
Кавальчук. З'елі?
Самасееў. З'елі! I гузікі выплюнулі.
Кавальчук. Чатырох?
Самасееў. Я – пяты.
Кавальчук. Ну і апетыты!
Самасееў. З гэтага калгаса анекдот пайшоў: старшыня тут адчувае сябе ўсё роўна як бульба.
Кавальчук. Бульба?
Самасееў. Калі за зіму не з'ядуць, дык вясной пасадзяць.
Кавальчук (смяецца). Забаўна. Зіма скончылася, ужо вясна на дварэ, а вас жа не з'елі?
Самасееў. Ну вот.
Кавальчук (смеючыся). Думаеце – пасадзяць?
Самасееў. Вам весела, а ў мяне сям'я.

   Якога толку можна чакаць у гэтай гаспадарцы, калі за тры гады ў ёй змянілася чатыры кіраўнікі! Але камедыя «Каб людзі не журыліся» не была б творам, вартым пяра ўдумлівага мастака, калі б у ёй прычыны недахопаў у сельскай гаспадарцы выводзіліся толькі з кадравай чахарды. I зусім не выпадкова аўтар галоўным героем абраў Цімафея Кавальчука: ён, былы дваццаці-пяцітысячнік, у 1930 г. арганізоўваў калгас «Вольная праца», а ў красавіку 1955 г., змяніўшы на пасадзе старшыні п'яніцу Самассева, мог увачавідкі праверыць, наколькі спраўдзіліся тыя абяцннні, якімі завабліваў сялян у хаўрус калектыўнай працы. На жаль, далёка не ўсё атрымалася так, як марылася. «Бяры грэх на енню душу, Цімафей, – гаворыць Кавальчуку стары калгаснік Цярэшка. – Вялікую справу ты пачаў, а да канца не давёў. Сабраў нас, аднаасобнікаў, у адну кучу, ласкуты нашы сцягнуў на жывую нітку, а вузялкі забыўся завязаць. Не паспеў. Паехаў. А што ж гэта за шытво без вузялкоў? Абы што-якое – нітка, і вылазіць – вось табе і прарэха».
   Не цяжка здагадацца, што не канкрэтнаму Кавальчуку адрасуюцца папрокі старога селяніна, праблема ставіцца ў прынцыпе. Для аўтара п'есы не было сумненняў наконт мэтазгоднасці праведзенай у 30-я гады рэформы сельскай гаспадаркі. Іншая рэч, што не ўсё ў ёй толкам прадумана, узважана, падрахавана, таму і людзям жывецца нявесела. Аўтарскія сумненні заключаліся ў тым, ці адэкватныя меры прымала кіраўніцтва дзяржавы дзеля ўхілення недахопаў, ці правільна «завязваліся вузялкі». Яго вельмі трывожыла, што без перабольшання гістарычныя ўрадавыя пастановы аб рэарганізацыі сельскай вытворчасці, прынятыя ў 1953-1956 гг., амаль цалкам ігнаравалі так званы чалавечы фактар. А без гэтага любое новаўвядзенне асуджана на правал. Прынамсі, сваім творам драматург імкнуўся прыцягнуць увагу грамадскасці да незайздроснага стану сельскага працаўніка, вымушанага жыць на ўласнай зямлі ці то госцем, ці то гаспадаром. I выяўляў ён гэтае імкненне з такой палымянасцю і вастрынёй, што выклікаў незадаволенасць пэўнай часткі дзяржаўнага чынавенства. I яны здолелі скараціць п'есе сцэнічнае жыццё да мінімуму, хоць мала тагачасных твораў маглі пахваліцца такой ступенню мастацкай выразнасці, такой грамадзянскай заклапочанасцю ў пастаноўцы сацыяльных праблем, такой насычанасцю гуманістычнага пафасу.
   Як бачым Самасееў мала чым адрозніваецца ад свайго літаратурнага папярэдніка. Самасееў перакананы, што ён незаменны і павінен займаць толькі кіруючыя пасады. I гэта пры тым, што працаваць не ўмее. Ды і сумлення не мае. Яно дрэмле ў душы Самасеева з таго часу, як пачаў лічыць сябе тым, хто можа вырашаць лёсы іншых і ўплываць на іх. Грамадскія справы Самасеева цікавяць менш за ўсё. Ён любіць выпіць, прыхапіць грамадскага багацця, паклёпнічае на сумленных працаўнікоў. I нават калі яго выключаюць з партыі, працягвае займацца тым жа. Ніколькі не сумняваецца, што яго пакаралі несправядліва.
   У творчым плане камедыя "Каб людзі не журыліся" цікавая тым, што на новым узроўні засведчыла імкненне драматурга да як мага больш поўнага раскрыцця характару не толькі галоўных, але і другарадных персанажаў. Засведчыла п’еса і яшчэ адно: узбагачэнне аўтарскай моўнай "узброенасці".

Похожие статьи:

Андрэй МакаёнакАндрэй Макаёнак - Трыбунал

Андрэй МакаёнакАндрэй Макаёнак - Пагарэльцы. Аналіз твора

Андрэй МакаёнакАндрэй Макаёнак. Зацюканы апостал. Аналіз твора

Андрэй МакаёнакКамедыя Андрэя Макаёнка "Выбачайце, калі ласка!". Характарыстыка вобразаў і праблем, узнятых у творы

БиографииАндрэй Макаёнак