На падворку –
Два каты,
Кот стары
І малады.
Верабейка
Падляцеў,
На дрывотню
Раптам сеў.
Аблізалі
Два каты
Два галодныя
Раты.
Пачасалі
Кіпцюры
І – наперад
Па двары.
Ды не скокам,
Ды не бокам,
А, прыпаўшы
Да зямлі,
Па-пластунску
Папаўзлі.
Хітры быў
Намер катоў:
Запаўзалі
З двух бакоў.
Верабейку ж
На дрывах
Ахапіў
Вялізны страх:
І ўзляцець
Ужо не можа,
І ніхто
Не дапаможа.
Што там
Птушка верабей!
Па сакрэту
Вам скажу я,
Часам
Нават і людзей
Страх
На міг паралізуе.
Але можна
І са страху
Нечуваную
Адвагу
Нечакана
Праявіць,
Калі страх свой
Заглушыць.
І як скочылі
Каты,
Два ашчэрыўшы
Раты,
Кожны злосны,
Нібы змей, –
Пырхнуў раптам
Верабей!
Што ж
З катамі-хітрунамі?
Лупануліся
Ілбамі
І – маланкамі
Ў бакі,
Улавіўшы
Гузакі.
Похожие статьи:
Юрась Свірка → Юрась Свірка - Мурлыка
Георгій Марчук → Георгій Марчук - Прыгоды дзяўчынкі Агапкі і ката Фокуса
Якуб Колас → Якуб Колас - Юрка і кот
Мікола Гіль → Мікола Гіль - Чаго смяяўся кот Васька
Пераказы → Бясплатны паказ