Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Анатоль Грачанікаў - Верасень
Зноў верасень –
Запаслівы грыбнік –
Шчыруе па імшыстых баравінах.
Трымціць раса на звонкіх павуцінах,
І травастою пах яшчэ не знік.
Немітусліва
Промні аж да дна
Прасвечваюць азёрныя глыбіні.
І гронкі ацяжэлыя каліны
Насыціліся сокамі спаўна.
Мне даспадобы
Верасень заўжды.
І не таму, што ў ім я нарадзіўся.
У верасні мне свет увесь адкрыўся
У спеласці сакоўнай – малады.
Так, свет!
І сам я ў вераснёвы час,
Прасвечаны святлом яго, як гронка,
Спяваю і не ціха, і не звонка
Для вас, абшары родныя, для вас,
Шчымліва
Адчуваючы душой
Закончаную яснасць у прыродзе,
І ў жураўліным сцішаным палёце,
І ў засцюдзелай быстрыні рачной.
Вулля
Шукае позняя пчала.
Лагодна-мяккі свет, нібы вашчына.
І дабратой прасвечана Айчына
У барвах баравіннага святла.
Адказы на пытанні:
1. Восеньская прырода ў вершы аўтара паўстае ва ўсёй сваёй прыгажосці – адчуваецца пах і шоргат апалага лісця, росныя павуцінкі на толькі пачынаючых жаўцець дрэвах, хваінках, пажоўклай траве, празрыстасць азёрных глыбінь, пара для атрымання ўраджаю, збору грыбоў.
2. Восенню многія жыхары гарадоў і вёсак любяць адпраўляцца па грыбы ў лес, атрымоўваюць асалоду ад гэтага ціхага палявання.
3. Радкі верша, у якіх выяўлены асабістыя пачуцці паэта, яго думкі і перажыванні, што нахлынулі ад сузірання восеньскай прыроды:
Мне даспадобы
Верасень заўжды.
І не таму, што ў ім я нарадзіўся.
У верасні мне свет увесь адкрыўся
У спеласці сакоўнай – малады.
І сам я ў вераснёвы час,
Прасвечаны святлом яго, як гронка,
Спяваю і не ціха, і не звонка
Для вас, абшары родныя, для вас,
Шчымліва
Адчуваючы душой
Закончаную яснасць у прыродзе,
І ў жураўліным сцішаным палёце,
І ў засцюдзелай быстрыні рачной.
4. Любоў да сваёй Радзімы, роднай непаўторнай прыроды, замілаванне яе краявідамі, глыбокае, моцнае пачуццё патрыятызму выяўлены ў радках: Шчымліва // Адчуваючы душой // Закончаную яснасць у прыродзе, // І ў жураўліным сцішаным палёце, // І ў засцюдзёлай быстрыні рачной
5. Словы, падобныя па гучанні (... барвах баравіннага святла...), у апошніх радкі верша аказаліся побач не выпадкова і надаюць адчуванне засяроджанасці, заглыбленасці, выкліканай сузіраннем прыроды.
6. Верш выклікаў успаміны пра восень, пра яе яркія колеры, бабіна лета, адлёт птушак, восеньскія лістапады. Пачуццё задуменнасці, сузіральнасці, заглыбленнасці. Інтанацыя на працягу верша можа мяняцца ад задумлівай, спакойнай, да крыху ўзрушанай, хвалюючай.
7. На рэпрадукцыі карціны Уладзіміра Сулкоўскага «Бервянец. Восень» мастак бачыць восень цёпла-сонечнай, залацістай, з празрыстым паветрам, шэра-блакітнай. Фарбы ў карціне пераважаюць жоўтыя і шэрыя. Адметныя дэталі – апалая лістота, пажаўцелыя дрэвы, яшчэ ў ліставым убранні, але ўжо пачынаючыя яго губляць. Агульны настрой – спакойны, сузіральны, цёплая атмасфера малюнка выдатна адчуваецца сонечнымі плямамі на сцяжынках і халодны блакіт вады і неба.
8. Мастак і паэт сугучна выказваюць сваё любаванне прыгожымі роднымі краявідамі. Любяць гэтую пару года, для іх яна асаблівая, непаўторная.
Похожие статьи:
Анатоль Грачанікаў → Анатоль Грачанікаў - Сон
Анатоль Грачанікаў → Анатоль Грачанікаў - Гусак і Певень
Анатоль Грачанікаў → Анатоль Грачанікаў - Развітанне
Анатоль Грачанікаў → Анатоль Грачанікаў - Вячэра
Анатоль Грачанікаў → Анатоль Грачанікаў - Не трэба жыць як набяжыць...