Унуку Янку
Хлопчык глядзіць...
Вачам сваім веру – не веру.
Адкуль ты прыйшоў
у дом гэты, гэту кватэру?
Хлопчык глядзіць...
О божа! О маці часная!
Нічога не знае ён.
Мяне ж ён, здаецца, знае?
Хлопчык глядзіць...
Глядзіць проста ў вочы.
Хлопчык глядзіць...
Як быццам спытаць нешта хоча.
Я ведаю – што.
Няма ў мяне толькі адказу.
Калі ж ён і ёсць –
не вымавіш так вось адразу.
Хлопчык глядзіць...
Позіркам, поўным наіву.
Поўніцца сэрца маё
трывогай шчымлівай, шчаслівай.
Хлопчык глядзіць...
Я ў позірку тым дзіцячым
бачу пачатак сябе,
сваё прадаўжэнне бачу...
1989
Похожие статьи:
Анатоль Вярцінскі → Анатоль Вярцінскі - Медсястры
Анатоль Вярцінскі → Анатоль Вярцінскі - Цётка плакала па ўсім свеце...
Анатоль Вярцінскі → Анатоль Вярцінскі - Рэквіем па кожным чацвёртым
Анатоль Вярцінскі → Анатоль Вярцінскі - Гавары са мной ласкава...
Анатоль Вярцінскі → Анатоль Вярцінскі - Аналіз творчасці