Скочыць палахліва
з-пад калёсаў заяц,
забубніць над грывай
у падлеску заедзь.
Не трашчы,
сарока, –
возчык не паверне:
на лугах шырока
размахнуўся чэрвень.
Люты чмель віецца
над чупрынай русай.
Шлях паўзе пад вецце
ў сеннай пацярусе.
Апаўдні шчаслівы,
пачарнелы, потны
сенакос з абрыву
бухне ў вір дрымотны.
Зарагоча нема,
сонцам паліваны.
Аблачынка з неба
на ручнік сарвана.
Эх, дарога лета,
ціхі крон тумана...
Колькі песень спета
і недаспявана!
Там, дзе ў лузе з любай
мёд пілі чмяліны,
закусілі губы
да крыві каліны.
Луг – стаптаны кветнік –
пасівеў, завяўшы:
снег ляціць на летнік
і на песні нашы.
1959
Крыніца: Вялюгін А. З белага камення – сіняе пламенне: Кніга паэзіі. – Мн.: Маст. літ., 1993. – 254 с.
Похожие статьи:
Сяргей Грахоўскі → Сяргей Грахоўскі - Лета
Максім Багдановіч → Максім Багдановіч - Плакала лета, зямлю пакідаючы...
Пераказы, дыктанты → Летам у бары
Пераказы, дыктанты → Шчаслівая ўсмешка лета
Якуб Колас → Якуб Колас - Лета