Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Анатоль Бутэвіч - Цікаўная котка
Увага!!! Поўны змест
Жыла-была ў адной гарадской кватэры котка. За пярэсты колер поўсці назвалі яе Рыскай. Гаспадынька Надзейка не магла нацешыцца ёю, маленькай, пушысценькай, на кароткіх тоўстых ножках. Котка была вельмі цікаўная. Да ўсяго ў кватэры пільна прыглядалася, усё хацела пакратаць сваімі мяккімі лапкамі, паспрабаваць на зуб.
Бывала, залезе на стол, абнюхае ўвесь посуд і незнарок сапхне кубачак. А сама схаваецца пад канапу ці то ад шуму, ці то ад страху, каб не пакаралі.
А то зачэпіцца кіпцікамі за карункавую фіранку і гушкаецца, як на арэлях, пакуль разам з ёй не сарвецца на падлогу. I так заблытаецца ў тоненькай тканіне, што і вылезці без дапамогі Надзейкі не можа.
Іншым разам доўга пазірае на гульню рыбак у круглым акварыуме, а пасля ўскочыць на столік і лапкай драпае па шкле, нібыта спрабуе падагнаць рыбак, каб не ленаваліся хутчэй плаваць.
А то спалохана-здзіўлена пазірае на экран тэлевізара. I вельмі радуецца, калі Надзейка выключыць тых клыкастых пачвар-кракадзілаў, што спадцішка хапаюць сваю ахвяру.
Сапраўднае раздолле было Рысцы ў двары. Тут ужо цікавых рэчаў нюхаць – не перанюхаць, драпаць – не перадрапаць, кусаць – не перакусаць…
Ад усяго гэтага хадзіла Рыска з паколатым носікам, з абламанымі кіпцікамі і бруднымі лапкамі.
А неяк Надзейчын тата прыехаў дамоў на вялізнай бліскучай цаццы на чатырох колах. Пасля гэтага яны з татам ездзілі на машыне то ў лес, то на рыбалку, то да бабулі ў вёску. Рыску з сабой не бралі, пакідалі ў кватэры. Калі вярталіся, Рыска радасна круцілася вакол машыны. Часам ёй удавалася залезці на вялізную цацку і пабегаць па яе бліскучай паверхні. Пасля гэтага на белай фарбе заставаліся брудныя сляды, якія тата выціраў, ціха сварачыся на котку.
Але цікаўнасць перамагала, і Рыска залазіла на гэту цацку зноў. Яна зазірала праз выпуклае шкло ўсярэдзіну, дзе было яшчэ болей розных дзівосных забавак.
I вось аднойчы, калі Надзейчын тата забыўся зачыніць дзверцы, Рыска ціхенька залезла ў машыну. Ну і здаволіла ж яна сваю цікаўнасць, абнюхваючы і драпаючы незнаёмыя рэчы. У прадаўгаватым люстэрку, што вісела высока ўгары, убачыла… коціка, які ўважліва пазіраў на яе, нібыта запрашаў пазнаёміцца.
Рыска таксама зацікавілася гэтым пушысцікам. Захацелася наблізіцца да яго, панюхаць чырвоную пыску і паторгаць за доўгія вусы. Яна залезла на нейкі чорны абаранак, стала на заднія лапкі ужо зусім блізка той пушысцік, вось-вось дацягнецца да яго…
І раптам нешта пад лапкамі Рыскі як заверашчыць, як зойдзецца доўгім пранізлівым крыкам!
Рыска маланкай скацілася з чорнага абаранка, выскачыла з машыны і зашылася ў куст бэзу. Ледзьве выбавіла яе адтуль Надзейка.
Пасля таго здарэння Рыска доўга не падыходзіла да крыклівай цацкі. Надзейка заўважыла, што і да іншых рэчаў яна пачала адносіцца насцярожана.
Носік у Рыскі загаіўся, а кіпцікі на чыстых лапках сталі вострымі і бліскучымі.
Але ці надоўга?
Похожие статьи:
Анатоль Бутэвіч → Анатоль Бутэвіч - Крэўскі замак
Анатоль Бутэвіч → Анатоль Бутэвіч - Бярэсце
Анатоль Бутэвіч → Анатоль Бутэвіч - Каложская царква
Яўген Крупенька → Яўген Крупенька - Злезла з печы котка Мурка