Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Анатоль Бутэвіч - Крэўскі замак

З кнігі "У гасцях у вечнасці"

 

   Між маляўнічых боханаў-пагоркаў Смаргоншчыны атуленыя шаўкавістай муравой ціха дрэмлюць ссівелыя ад часу і ваеннага попелу руіны некалі магутнага і грознага Крэўскага замка. Гэта быў першы цалкам мураваны замак у Вялікім княстве Літоўскім. Збудаваны ў сутоках рэчак Крэўка і Шляхцянка на заходняй ускраіне вёскі Крэва ў 30-я гады XIV стагоддзя, замак надоўга стаў сімвалам магутнасці і дзяржаўнай моцы вялікалітоўскіх уладароў.
   Будавалі замак на балоцістым поплаве і насыпанай з пяску выдме. Таму нават пад глыбокія (2-3 метры) фундаменты падкладвалі своеасаблівыя падушкі з дробнага камення і гліны, дубовых і яловых жэрдак і галін — каб мякка было амаль трохметровай тоўшчы сценам, каб не разносілася рэха страшных падзей, што часам тварыліся тут.
   Кажуць, што падобныя збудаванні, як магутныя гняздоўі арлінай славы, былі пад сілу толькі сапраўдным волатам альбо нават самім багам. Крэўскі замак будавалі ў адначассе з Медніцкім, да якога было сем міляў. Калі дойлідам з Меднікаў бракавала мулярскага молата, яго перакідвалі ў паветры з Крэва. Пра волатаўскую сілу крэўскіх майстроў сведчаць і велізарныя валуны, якія на недасягальнай вышыні завапнаваны ў сценах замка. Ці не з той пары захавалася ў людскім асяроддзі выслоўе: "Каб ты на Крэўскі замак валуны цягаў".
   Разам з Лідскім, Новагародскім, Медніцкім і Трокскім Крэўскі замак складаў адну лінію магутных крапасных умацаванняў, якія, кажуць, злучаліся між сабой падземнымі лёхамі-хадамі.
   Замак меў форму няправільнага чатырохвугольніка са сценамі ад 71 да 108 метраў і да 13 метраў увышкі. Ягоную магутнасць падкрэслівалі дзве вежы, размешчаныя па дыяганалі. Адна з іх і па сваёй архітэктурнай выразнасці, і па складу насельнікаў справядліва насіла гордую назву Княскай. Хоць Крэўскі замак вылучаўся найперш мясцовымі асаблівасцямі абарончага дойлідства, аднак меў ён і прыкметы еўрапейскай архітэктуры: нагадваў шырока распаўсюджаныя ў Еўропе замкі-кастэлі.
   За сваё доўгае жыццё замак зведаў славу і няслаўе, шум вялікіх бясед і гоман ведзьміных шабасаў, багацце і заняпад, разбурэнне і аднаўленне, візіты знаных гасцей, дзяржаўных асоб і непамысныя злачынствы. Пра тое сведчыць сама архітэктура манументальнага збудавання. Шыкоўна абстаўленыя верхнія пакоі — для велікакняскай знаці. Падземныя лёхі і вязніцы — для яе супраціўнікаў, няхай сабе і княскага паходжання. Як сведчыць гісторыя, не пуставалі ні першыя, ні другія.
   З лёсам Крэўскага замка цесна знітаваны лёс Вялікага княства Літоўскага. У ХІV-ХVII стагоддзях ён быў рэзідэнцыяй вялікіх князёў Гедымінавічаў. Тут станавілася на крыло наша дзяржаўнасць, тут спелілася рунь палітычных, дыпламатычных, культурных набыткаў ВКЛ. Гэта быў час не толькі ўмацавання дзяржавы, але і жорсткіх сутычак з крыжакамі, якія так расперазаліся, што славянам спасу ад іх не было, час міжусобных войнаў, што ганьбілі крэўныя повязі валадароў. На Крэўскі замак прыгоды, здарэнні і нягоды сыпаліся, як гарох з дзіравага меха.
   32 гады княскі пасад у Вялікім княстве Літоўскім займаў першабудаўнік замка, адзін з сямі сыноў Гедыміна вялікі князь Альгерд.
   За гэты час узвысілася слава дзяржавы, удвая павялічылася яе тэрыторыя. Але не стала Альгерда, і востры канфлікт выбуховым порахам успыхнуў паміж Кейстутам і Ягайлам.
   Як гэта часта здараецца ва ўладным асяроддзі, каб утрымаць захопленае верхавенства, трэба не дапусціць да яго іншых захопнікаў. Ці не адсюль узнікалі міжусобныя сутычкі, войны, забойствы? Не абмінуў гэткі лёс і Крэва.
   Па загаду вялікага князя Ягайлы ў 1382 годзе ў лёхах Княскай вежы адбылося страшнае зладзейства. Залатым матузком свайго ж урачыстага ўбору быў задушаны сын Гедыміна вялікі князь Кейстут. Вось як сказана пра гэта ў Супрасльскім летапісе: "Князя великого Кестутия, дяду своего, оковав, ко Креву послали и всадили во вежю... И тамо во Креиве пятои ноши князя великого Кестутия удавили коморникы князя великого Ягайлавы". Людзі адразу ж назвалі Княскую вежу вежай Кейстута.
   Падобны зыход рыхтавалі і сыну Кейстута, будучаму вялікаму князю Вітаўту, які таксама зведаў вязніцу Крэўскага замка. Аднак яму ўдалося ўцячы. Ён пераапрануўся ў адзенне жончынай служанкі, апынуўся спачатку за сценамі замка, а пасля ў стане крыжакоў. Разам з імі помсціў свайму крыўдзіцелю Ягайлу, спапяляючы велікакняскія гарады і крэпасці.
   Пачаўся цяжкі і заблытаны перыяд змоваў, інтрыгаў, бунтаў-пераваротаў, авантур. Знешняя небяспека, вострыя міжусобныя сваркі, жаданне ўмацаваць сваю ўладу вымусілі Ягайлу заключыць 14 жніўня 1385 года Крэўскую унію. Гэта быў саюз Вялікага княства Літоўскага і Польскага каралеўства, у выніку якога на чале дзвюх дзяржаў станавіўся адзін чалавек. У 1386 годзе вялікі князь Вялікага княства Літоўскага Ягайла стаў каралём польскім Уладзіславам II, заснавальнікам дынастыі Ягелонаў. Разам з каронай Ягайла атрымаў у жонкі польскую каралеву Ядвігу. Тады ж ён перадаў Крэва свайму брату Аляксандру — Вігунду, які ў 1391 годзе (такі няўдзячны лёс апошняга крэўскага князя) быў атручаны.
   Крэўская унія ўмацавала пазіцыі Вялікага княства ў Еўропе. Але яна паспрыяла ўзвышэнню ролі каталіцызму ў дзяржаве. Язычніцкія Гедымінавічы ў сваёй большасці перайшлі ў каталіцтва.
   Касцёл атрымаў мажлівасць ахрысціць апошні язычніцкі народ у Еўропе — літоўскі. Пры падтрымцы папы рымскага гэта рабіў Ягайла.
   Па загадзе караля ў 1387 годзе ў Крэве быў заснаваны адзін з першых у ВКЛ касцёл. Дэманстратыўна яго заклалі на рэштках язычніцкага капішча, дзе крывічы пакланяліся свайму богу Перуну.
   Ды нічога не даецца дарма. Суродзічы караля не маглі пагадзіцца з акаталічваннем беларускіх і ўкраінскіх земляў. Супраць Крэўскай уніі і ўлады Ягайлы выступалі полацкі князь Андрэй Альгердавіч і будучы вялікі князь Вітаўт.
   Не ладзілася і асабістае жыццё караля. У трыццаць пяць гадоў ажаніўшыся з дванаццацігадовай Ядвігай, праз трынаццаць гадоў сумеснага жыцця Ягайла аўдавеў, не займеўшы наследнікаў. Яшчэ тры разы жаніўся ён. I толькі з беларускай князёўнай Соф'яй Гальшанскай шлюб аказаўся ўдалым.
   Коштам жахлівых страт адстойвалі нашы продкі права быць гаспадаром у сваёй хаце, доме, горадзе, надзеле. Муры Крэва зведалі шматлікія аблогі і спусташэнні. Замак штурмам браў мяцежны князь Свідрыгайла, бамбардзіравалі крыжакі, некалькі разоў безвынікова штурмавалі татары. У 1519 годзе ён быў захоплены маскоўскімі войскамі.
   Тут меў прыстанішча рускі князь Андрэй Курбскі. У 1564 годзе ён уцёк ад дэспатызму Івана Грознага. Хто ведае, мо менавіта ў гэтым замку нараджаліся знакамітыя палемічныя лісты Курбскага да рускага цара...
   Разбурэнне манументальнай сярэднявечнай крэпасці дакончыла Першая сусветная вайна. Больш як тры гады Крэва знаходзілася на лініі фронту. У замку гаспадарылі немцы. Пад абстрэламі моцна пацярпела знакамітая Княская вежа, сам замак.
   А таленавіты творца і жорсткі знішчальнік час сваімі нястомнымі жорнамі перамалоў і велізарныя ледавіковыя валуны ў сценах Крэўскага замка, і самі легендарныя сцены. Руіны замка сёння нагадваюць разбуранае гняздо былой славы. Аднак і дагэтуль жыве і жыцьме слынная гісторыя замка-сімвала. Бо менавіта з яго вылузаліся ў свет шмат якія лёсавызначальныя не толькі для вялікалітоўскай дзяржавы, а і для Цэнтральнай і Усходняй Еўропы падзеі і з'явы.

Похожие статьи:

Анатоль БутэвічАнатоль Бутэвіч - Бярэсце

Анатоль БутэвічАнатоль Бутэвіч - Мір – цыганская сталіца

Анатоль БутэвічАнатоль Бутэвіч - У гасцях у вечнасці

Анатоль БутэвічАнатоль Бутэвіч - Музей валуноў

Анатоль БутэвічАнатоль Бутэвіч - Каложская царква