Свет бязмоўна дапытваецца ў мяне, куды
я іду.
Але хіба я ведаю сваю канчатковую мэту?
Я толькі спраўджваю тое, на што здатны, што
вымагае ад мяне жыццё:
засмяглы – п’ю ваду,
галодны – ем хлеб,
зняможаны – адпачываю,
адпачыўшы, імкнуся наперад – і апынаюся
на сваіх слядах.
Я ў крузе, дзе слова шукае Слова, а чалавек –
Чалавека.
Аналіз верша.
Верш з’яўляецца версэтам, які быў змешчаны ў кнізе «Вастрыё стралы». Ён невялікі па форме і нескладаны для разумення. У цэнтры твора – вобраз лірычнага героя, які шукае адказ на быційнае пытанне, што перадае яму Свет, куды ён ідзе. Назваць мэту свайго руху чалавеку цяжка, бо ён і сам яе не ведае. Лірычны герой хутчэй разважае, чым адказвае: «Я толькі спраўджваю тое, на што здатны, што вымагае ад мяне жыццё: ...п’ю ваду, ...ем хлеб, ...адпачываю, зноў ...імкнуся наперад – і апынаюся на сваіх слядах».
У чытача складваецца першаснае ўражанне, што лірычны герой увасобіўся аўтарам як асоба пасіўная, якой рухаюць толькі жыццёвыя інстынкты. Магчыма, гэта і так, калі чалавек знаходзіцца на першым крузе свайго жыцця. Сюжэтная канва верша на гэтым заканчваецца, але сэнс апошняга адасобленага сінтаксічнага перыяду версэта наводзіць на роздум, ці сапраўды такі просты круг, калі ў паўтарэнні шукаеш іншую якасць, вяршыню, арыенцір: у слове – Слова, у чалавеку – Чалавека. Выкарыстаная вялікая літара – гэта ўжо ацэнка і слову, і чалавеку, гэта ўжо акрэсліванне мэты, да якой накіраваны рух.
Похожие статьи:
Алесь Разанаў → Алесь Разанаў - Арышт Кастуся Каліноўскага
Алесь Разанаў → Алесь Разанаў - Радзіма
Алесь Разанаў → Алесь Разанаў - Рагнеда
Алесь Разанаў → Творчасць Алеся Разанава
Алесь Разанаў → Алесь Разанаў - Вецер