Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Алесь Гарун - Завіруха

Завіруха скача ноччу
Патарочай, плача, вые;
Пухавыя сыпе ў вочы
Снегавінкі мне; рагоча.
Йду навобмацк; ледзь жывы я,
Нежывыя суну ногі
Без дарогі. Цела ные,
Калянее; верставы я
Прамінаю слуп убогі,
Траярогі крыж збуцвелы,
Пасівелы, цёмны, строгі.
Не чакаю дапамогі...
Прыступае нехта белы,
Асмялелы. Вот ўсцігае,
Акаляе, скамянелы,
Пасінелы, – абнімае.

Завіруха –

Рагатуха сыпе снегу
I ў прабегу шэпча ў вуха:
«Заначуеш – не пачуеш:
Я завею, я угрэю,
Зараз ляжаш, дзякуй скажаш,
Мне ты скажаш». Завіруха –
Рагатуха шэпча ў вуха.

Ажно чую: раптам злая
Улягае, уціхае
Завіруха. Замірае.
Праясняе ў полі. Нікне,
Ані зыкне вецер-сватка.

Бачу – хатка.

Як тры зоркі, тры ваконцы
Пры гасцінцу. Вераценцы
Дыму ў неба ўюцца, пнуцца.
Хатка, вокны, дым смяюцца,
Клічуць, вабяць, сустрачаюць,
Прывячаюць, запрашаюць.
Голас чую родных, мілых.
Ўзмацаваўшыся на сілах,
Крыкнуць рады: «Згінь ты, гора».
А яно ў адказ гавора:

– Над табою
Снег гурбою.


1914 г. Сыбір

 

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыБура

Пераказы, дыктантыЗавіруха

Сяргей ГрахоўскіСяргей Грахоўскі - Зімовы сум

Эдзі АгняцветЭдзі Агняцвет - Галоўны дворнік

Міхась ЧаротМіхась Чарот - Завіруха