Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Тэма вайны ў творчасці Алеся Адамовіча
Большасць літаратурных твораў Алеся Адамовіча прысвечана Вялікай Айчыннай вайне, што абумоўлена фактамі біяграфіі пісьменніка (яго актыўным удзелам у падпольнай і партызанскай барацьбе). Вопыт перажытага падчас вайны знайшоў сваё адлюстраванне ў дылогіі "Партызаны" (раманы "Вайна пад стрэхамі" і "Сыны ідуць у бой").
Вялікая Айчынная вайна закранула дом кожнага беларускага жыхара, кожную сям’ю. Пісьменнік, імкнучыся замацаваць у народнай памяці трагедыю кожнага чалавека, аб’ездзіў (разам з Я. Брылём і У. Калеснікам) амаль усю Беларусь, запісаў звыш 300 жахлівых маналогаў-успамінаў ад удзельнікаў вайны і ахвяр фашызму. У выніку з’явілася кніга "Я з вогненнай вёскі"– публіцыстычны дакумент-абвінавачанне фашызму, малюнак жудаснага генацыду. Антычалавечая сутнасць фашызму, псіхалогія здрадніцтва раскрываецца ў аповесці А. Адамовіча "Карнікі" – жахлівым расказе пра людзей, якія ператварыліся ў катаў, нелюдзяў.
"Хатынская аповесць", як і многія іншыя творы А. Адамовіча, заснавана на дакументальных фактах. Твор як бы сатканы з успамінаў жывых сведак спаленння беларускіх вёсак, партызанаў, падпольшчыкаў. Галоўным героем аповесці з’яўляецца Фларыян Пятровіч Гайшун, ветэран вайны, выкладчык псіхалогіі. Ён разам з былымі партызанамі Касачом, Косцем, Сталетавым, Лапцёнкам едзе ў Хатынь. Перад вачамі Гайшуна, сляпога чалавека, як бы ажывае ваеннае ліхалецце. Падлеткам ён ваяваў у партызанскім атрадзе, цудам вырваўся з "вогненнай вёскі", бачыў смерць блізкіх людзей, сяброў. Ніколі не можа сцерціся з памяці героя твора жудасная расправа карнікаў над мірнымі жыхарамі вёскі Пераходы, смерць маці, дзвюх сястрычак-блізнят, лепшага сябра... Аповесць гучыць як мастацкі дакумент, абвінавачанне фашызму, як заклік да аб’яднання ў барацьбе з карычневай чумой. Важнае месца ў "Хатынскай аповесці" займае палеміка Гайшуна з яго аспірантам Бокіем, праз якую аўтар спрабуе асэнсаваць складаныя і супярэчлівыя пытанні сучаснасці, абараніць вечныя гуманістычныя каштоўнасці чалавека.
Па матывах "Хатынскай аповесці" ў Дзяржаўным рускім драматычным тэатры БССР пастаўлена п’еса "Вяртанне ў Хатынь". Кінарэжысёрам Э. Клімавым у 1985 г. знята мастацкая кінастужка "Ідзі і глядзі", у аснову якой пакладзена "Хатынская аповесць". Фільм атрымаў першую прэмію на Маскоўскім міжнародным кінафестывалі і ўзнагароджаны залатым медалём.
Похожие статьи:
Іван Шамякін → Іван Шамякін - Алёша-разведчык
Мікола Гіль → Мікола Гіль - Партызанскі фотаздымак
Сучасная літаратура Беларусі → Тэма Вялікай Айчыннай вайны ў сучаснай беларускай прозе