Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Авяр’ян Дзеружынскі - Як кураняткі сонейка адшукалі

Сумавалі кураняткі,
Сумавалі нездарма:
Хмара неба засланіла,
Сонейка тры дні няма.
– Маці, маці,
Не ўтрываць,
Пойдзем сонейка шукаць.
– А куды вы, а куды?
Не наклікайце бяды!
Дзе жыве свяціла тое –
Вы ж не знаеце ўсе трое.
– Знаем, маці, ці не знаем,
Але сонца пашукаем.

Палажыла кураняткам
Маці ў торбачку зярняткі.
І ад роднага парога
Ў свет іх вывела дарога.

Вось ідуць яны паволі
Сцежкай, што віецца ў полі,
Раптам каля ручайка
Сустракаюць куліка.
– Можа, знаеш,
Родненькі,
Як знайсці нам сонейка?
– Не, не знаю.
Ды сарока
Тут стракоча недалёка.
А яна заўсёды рада
Ўсім даваць свае парады.

Белабока,
Бы чакала,
У той жа міг залапатала:
– А куды вы, кураняткі,
Ідзіцё адны,
Без маткі?
Дзе былі вы,
Дзе хадзілі,
Можа, часам заблудзілі?
– Мы ідзём па белым свеце –
Сонейка тры дні не свеціць.
Ці не можаш падказаць,
Дзе яго нам адшукаць?
– Дзе шукаць?
І я не знаю.
Запытацца, можа, ў зая?..

Касавокі выйшаў з хаткі:
– Што вам трэба, кураняткі?
– Ці не можаш ты сказаць,
Дзе нам сонейка шукаць?

– Я не ведаю,
Не знаю,
Вось у качкі запытаю:
– Гэй, суседка, –
Крыкнуў шэры, –
Не хавайся ты ў аеры.
Падкажы, дзе сонейка –
Ў рэчцы ці ў сасонніку?

Качка выйшла тут з двара
І сказала:
– Кра-кра-кра,
Пакуль сонца не відно,
Я не знаю, дзе яно.
Можа, ў вожыка спытаць,
Дзе яго вам адшукаць?..

Пад старой бярозай вожык
Засцілаў старанна ложак.
Але раптам чуе:
– Братка!
Заяц, качка, кураняткі
І сарока-белабока
Да цябе прыйшлі здалёку.
Ці не можаш ты сказаць,
Дзе нам сонца адшукаць?
Кажа вожык:
– За гарой,
Дзе абрыў навіс круты,
Вечароваю парой
Ходзіць месяц залаты.
Ён бывае ў той старонцы,
Дзе шукаць вам трэба сонца.
І сам тут жа з ложка – скок.
Сукаваты ўзяў кіёк
Ды, напяўшы капялюшык,
У дарогу першы рушыў.
А за ім услед сябры
Падаліся да гары.

А вяршыня –
Гэта ж трэба! –
Узвышалася да неба.
Вось насустрач ім плыве
Месяц ясны ў сіняве.

– Месяц, месяц светлавокі,
Мы прайшлі ўжо шлях далёкі.
Не па службе-абавязку
Ты зрабі нам, браце, ласку.
Дзе, скажы,
Ў якой старонцы
Адшукаць мы можам сонца?
Месяц бліснуў у адказ:
– Вы паспелі ў самы раз.
Той знаходзіць,
Хто шукае –
Сонца ў хмары спачывае...

І сарока ўжо лапоча,
Вожык –
Той кійком грукоча,
Заяц б’е штосілы ў ладкі,
І сакочуць кураняткі.
Качка-крачка:
– Кра-кра-кра,
Уставаць даўно пара!..

– Хто крычыць тут пад акном,
Хто грукоча тут кійком?! –
Запытала сонейка. –
Спаць хачу сягоннейка!
– Сонца,
Ты ж не абібок!
Мы прыйшлі к табе здалёк.
Вельмі просім, уставай
І цяпло-святло нам дай.
На дварэ ўжо раніца,
Чаго ж табе бавіцца?!

Лена сонца адказала:
– Хмара чорная хавала
Ад усіх мяне тры дні.
І гайдала,
І люляла,
І казала:
«Спі-засні».
Спаць мне хочацца яшчэ.
Як жа сон сагнаць з вачэй?..

Зай, пачуўшы пра бяду,
За вядро–
І па ваду.
Кожны ведаў, што рабіць:
Качка стала
Сонца мыць,
Вожык шчоткай
Шураваць,
Кураняткі –
Выціраць.
Памагала ўсім сарока,
Лапатала белабока.

Выйшла сонейка з-за хмары,
Асвяціла скрозь абшары
Пушчаў цёмных і лясоў.
Кураняткі
Рады зноў.

...Сонца весела смяецца,
Выйшла курыца пагрэцца,
Аглянулася чубатка,
Бачыць –
Дзеткі-кураняткі
Бегаюць,
Дзяўбуць зярняткі,
Як нідзе
І не бывалі.
Толькі маці як пазналі,
То адразу закрычалі:
– Сонейка мы адшукалі!

 

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыГімн жыццю

Эдзі АгняцветЭдзі Агняцвет - Галоўны дворнік

Пераказы, дыктантыСонца не стаіць на месцы

Васіль ВіткаВасіль Вітка - Хто памагае сонцу

Якуб КоласЯкуб Колас - Усход сонца