Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Хроніка

   Хроніка (гр. chronika — летапіс) -
   1) жанр эпічнай літаратуры, які падае гістарычныя падзеі ў іх часавай паслядоўнасці. У хроніцы не характары і ўзаемаадносіны дзейных асоб, як у рамане, я найперш сама хада часу арганізуе сюжэт, прадвызначае лёсы персанажаў, сутнасць падзей і г. д. Такія "Палеская хроніка" Івана Мележа, цыкл ваенных раманаў Івана Чыгрынава ("Плач перапёлкі", "Апраўданне крыві", "Свае і чужынцы", "Вяртанне да віны", "Мы ўсе не згінем"), цыкл раманаў Вячаслава Адамчыка ("Чужая бацькаўшчына", "Год нулявы", "I скажа той, хто народзіцца", "Голас крыві брата твайго"), пенталогія Івана Шамякіна "Трывожнае шчасце" і інш.;
   2) летапісна-гістарычны твор, у якім падзеі фіксуюцца ў іх часавай паслядоўнасці. Парушэнне храналагічнай дакладнасці пры ўжыванні слоў, звязаных з пэўнай гістарычнай эпохай, вядзе да ўзнікнення анахранізму. Напрыклад: "У XVIII ст. ў Ленінградзе... " (назва горада на Няве, ужытая аўтарам, была невядома тады; правільнае напісанне - у Санкт-Пецярбургу). Хроніка вельмі блізкая да звычайнага летапісу, але адрозніваецца ад яго большай закончанасцю і цэласнасцю. У сярэднія вякі была вельмі пашырана ў Еўропе. З беларускіх хронік таго часу вылучаюцца "Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага", "Хроніка Быхаўца", "Баркулабаўская хроніка", "Магілёўская хроніка" і іншыя.
   Матэрыялы асобных хронік выкарыстоўваюцца ў мастацкай літаратуры. Так, у аснову рамана Леаніда Дайнекі "Меч князя Вячкі" ляглі асобныя падзеі, зафіксаваныя ў "Хроніцы Лівоніі" Генрыха Латвійскага (1224-1227).