Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Вячаслаў Адамчык

Фатаграфія Вячаслава Адамчыка   Вячаслаў Уладзіміравіч Адамчык нарадзіўся 1 лістапада 1933 года ў вёсцы Варакомшчына Слонімскага павета Навагрудскага ваяводства (зараз гэта Дзятлаўскі раён Гродзенскай вобласці). Прозвішча Адамчык паходзіць з памежжа Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай — з Берасцейшчыны. У Варакомшчыне продкі Адамчыкаў з'явіліся ў XIX стагоддзі, калі навакольныя землі перайшлі ва ўласнасць славутага роду Агінскіх. Па мацярынскай жа лініі, як прыгадваў сам Вячаслаў Адамчык у "Крэсках з аўтабіяграфіі", у яго былі ці не татарскія карані: "Калі даць веры размаітым даведнікам, то ў 1242 г. пад Лідаю быў разбіты літвінамі хан Шайбак з яго "цьмою". Палонных татар пасялілі на тутэйшых землях. Адсюль нашы суседнія вёскі называюцца дзікавата: Таркачы, Шайбакова. Адсюль і прозвішча мацярынскіх дзядоў і прадзедаў — Шайбакі".
   Бацькі пісьменніка Уладзімір (Ладзімер) Адамчык і Браніслава з роду Шайбакоў жылі ў бядоце. Паводле ўспамінаў Вячаслава Адамчыка, змешчаных у творы "Фатальная лічба "3". Генеалогія, альбо Радавод Адамчыкаў", "маладая сям'я, аддзяліўшыся ад дзеда Тодара, знайшла прытулак у падпаветцы, дзе стаялі вазы, сані, плугі, бароны і іншыя сялянскія прылады і рэчы. Там бацька адгарадзіў куток, прабіў аконца і паставіў невялікую печ".
   Дзяцінства Вячаслава прыпала на гады Вялікай Айчыннай вайны. Падчас акупацыі ён пачаў вучыцца ў сямігодцы ў Наваельні, якую закончыў у 1949 годзе. Каб дапамагаць бацькам, юнак перавёўся на вячэрняе навучанне і пайшоў працаваць грузчыкам на чыгуначную станцыю Наваельня. Тады ж і пачаў пісаць вершы, якія друкавала Дзятлаўская раённая газета "За новую вёску". Малады аўтар насіў свае творы ў рэдакцыю за 15 кіламетраў пехатой.
   У 1952 годзе, скончыўшы дзесяцігодку, Вячаслаў Адамчык стаў студэнтам аддзялення журналістыкі філалагічнага факультэта БДУ. Яго вершы з'явіліся ў рэспубліканскім друку, але пачаткам свайго творчага шляху ўсё ж і крытыкі, і ён сам лічылі 1957 год. Тады былі надрукаваныя яго першыя апавяданні "Свой чалавек" і "Зоня". Вось як прыгадвае гэты час Васіль Быкаў у дакументальнай кнізе "Доўгая дарога дадому": "Паўтара дзесятка ўдзельнікаў (штогадовага пісьменніцкага семінара ў Каралішчавічах), што прыехалі з правінцыі, чыталі і абмяркоўвалі прывезенае з сабой, хаця ўсё тое было так сабе і не запомнілася. Апроч хіба "Зоні" маладога Вячаслава Адамчыка. Адамчык быў прызнаны несумненным талентам...".
   Сам Вячаслаў Адамчык у "Крэсках з аўтабіяграфіі" сцвярджаў: "Першыя апавяданні — былі нібы кароткі разгон, каб паверыць у сябе і нябрацца адвагі і моцы". У 1958 годзе выйшла першая кніга маладога пісьменніка — зборнік апавяданняў "Свой чалавек", а ў 1960 годзе наступная — "Млечны шлях". Літаратурная крытыка ў творах Вячаслава Адамчыка адзначала перавагу індывідуальна-псіхалагічнага, прыватнага зместу над сацыяльным і гістарычным, што выглядала самабытным і арыгінальным у тагачаснай літаратуры. Гэтая ж якасць будзе адчувальнай пазней і ў яго раманах. У 1965 годзе пісьменнік скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы пры Літаратурным інстытуце ў Маскве. Працаваў у рэдакцыях часопісаў "Нёман", "Полымя", "Маладосць", на кінастудыі "Беларусьфільм", у выдавецтве "Мастацкая літаратура", а таксама досыць доўгі час галоўным рэдактарам дзіцячага часопіса "Бярозка". Адначасова пісаў. Большасці апавяданняў Вячаслава Адамчыка ўласціва сумяшчэнне розных часоў і ў сюжэце, і ў праблематыцы, таму некаторыя з іх, як, напрыклад, "Два злоты", нагадваюць мініяцюрныя раманы. "Апавяданні Адамчыка нялёгкія для чытача, яны не развесяляць, не заспакояць і не закалышуць чалавека ў ружовых снах, яны не малююць перад ім лёгкіх шляхоў у жыцці. Яны суровыя. Яны рыхтуюць чалавека да жыцця сапраўднага, такога, якое яно і ёсць і якім можа быць заўтра і паслязаўтра, выхоўваюць любоў і навагу да чалавека", — падкрэсліваў вядомы сучасны літаратуразнавец Серафім Андраюк.
   У 1980 годзе В. Адамчык узнагароджаны Літаратурнай прэміяй імя І. Мележа за раман "Чужая бацькаўшчына", а ў 1988 годзе яму прысуджана Дзяржаўная прэмія БССР імя Якуба Коласа.

   Памёр Вячаслаў Адамчык ад цяжкай хваробы ў 2001 годзе ў Мінску. Пахаваны на Кальварыйскіх могілках.

 

Крыніца: Беларуская літаратура ХІХ-ХХ стагоддзяў: час і асобы: вучэб. дапам. / Г.К. Тычко. — Мінск: Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, 2010. — 267 с.

Похожие статьи:

Вячаслаў АдамчыкВячаслаў Адамчык - Голас крыві брата твайго

Вячаслаў АдамчыкВячаслаў Адамчык - Сонечны зайчык

Вячаслаў АдамчыкВячаслаў Адамчык - На тутэйшай зямлі

Вячаслаў АдамчыкВячаслаў Адамчык - Пагарэльцы

Вячаслаў АдамчыкВячаслаў Адамчык - Дзікі голуб