Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Хроніка Бахаўца

   «Хроніка Быхаўца» — выдатны помнік айчыннага летапісання, трэці, самы поўны летапісны звод. Назву летапіс атрымаў па імені беларускага пана А. Быхаўца, уладальніка адзінага рукапіснага экзэмпляра гэтага помніка. Рукапіс у другой палове XІX ст. быў згублены. Тэкст твора захаваўся дзякуючы гісторыку Т. Нарбуту, які апублікаваў яго ў 1846 г.  

   Пісьмовымі крыніцамі «Хронікі Быхаўца» з'явіліся «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», Беларуска-літоўскі летапіс 1446 г., з якога былі ўзяты ўсе, акрамя «Пахвалы Вітаўту», матэрыялы, «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх», многія іншыя матэрыялы па гісторыі ВКЛ.

   Аднак арыгінальная частка «Хронікі Быхаўца» прынцыпова адрозніваецца ад «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», у якой падзеі і героі паказаны пераважна трафарэтна. Шматлікія героі «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» часам адрозніваюцца толькі імёнамі, іх вобразы не напоўнены рэальным зместам. 

   У «Хроніцы Быхаўца» падзеі пададзены так яскрава, што чытач быццам становіцца іх непасрэдным удзельнікам. Эфект прысутнасці чытача дасягаецца падрабязным апісаннем месца падзей, наглядным адлюстраваннем кульмінацыйнага моманту. Вось, да прыкладу, апісанне гвалтоўнай смерці вялікага князя Сігізмунда ў 1440 г.: забойца Скабейка, непасрэдны выканаўца волі змоўшчыкаў, князёў Чартарыйскіх, уварваўшыся ў княжацкую спальню, «ухопил вилы в комине, што огонь поправуют, и тыми вилами вдарыл его в тот час, как божые тело подносил каплан, и кров скочыла з головы на стену, которая ж и до днесь ест на стене в ложницы его».  

   Змест арыгінальнай часткі «Хронікі Быхаўца», якая складае каля паловы яе тэксту, багаты і разнастайны. Тут і кароткія паведамленні, і падрабязныя аповеды з гісторыі рэлігіі BKЛ, аповеды пра асобныя княжацкія, магнацкія і іншыя знакамітыя роды (найбольш Гаштольдаў і князёў Слуцкіх), міжнародныя зносіны і ўнутранае жыццё дзяржавы і інш.  

   Характэрнай адметнасцю «Хронікі Быхаўца» з'яўляецца творчая апрацоўка храністамі выкарыстанага матэрыялу. Так, да прыкладу, выкарыстаўшы дакладны гістарычны факт паходаў Альгерда на Маскву, аўтар стварыў арыгінальнае мастацкае апавяданне. Маскоўскі князь Дзмітрый Іванавіч «без кождое прычыны, опустивши докончаня и прыязнь, и прыслал до великого князя Ольгерда посла своего со одповедию, а прыслал к нему огонь н саблю, и даючы ему видати, што «буду в земли твоей по красной весне, по тихому лету».  

   Альгерд адказаў маскоўскаму князю не менш дасціпна, але быў больш хуткі і рашучы ў сваіх дзеяннях. Ён дастаў з агніва губку і крэмень, запаліў губку і перадаў паслу, даўшы гэтым зразумець, што ў Вялікім княстве Літоўскім ёсць свой агонь. Маскоўскаму князю загадаў перадаць: «Я, дасть Бог, в него буду на Велик день а поцалую его красным яйцом через шчыт сулицою». Затым спешна сабраў войска і рушыў у паход. Раніцай на Вялікдзень, як і абяцаў, Альгерд з'явіўся на Паклоннай гары. Захоплены знянацку маскоўскі князь, не падрыхтаваны да сустрэчы няпрошанага госця, быў вымушаны прасіць міру.  

   Аўтар захапляецца Альгердам, яго ўменнем паставіць сапернікаў у безвыходнае становішча і такім чынам дыктаваць ім сваю волю. Аўтарская ацэнка Альгерда, пра якога нават маскоўскія летапісцы сведчылі, што ён «не толма силою, елико умением воеваша», не супярэчыць сапраўдным гістарычным фактам. Свядома белетрызу-ючы гістарычны аповед, аўтар імкнуўся захаваць дакладнасць, акдэнтуючы ўвагу чытача на тых момантах гісторыі, якія асабліва здольныя станоўча паўплываць на яго патрыятычныя пачуцці.  

   Так, апісваючы перамогу над крыжакамі ў Грунвальдскай бітве 1410 г., аўтар акцэнтуе ўвагу чытача на вызначальнай ролі ў перамозе войскаў Вялікага княства Літоўскага на чале з Вітаўтам, які «прыйшоўшы на дапамогу войску літоўскаму, пайшоў з войскам літоўскім, і разбілі на галаву немцаў, і самога магістра, і ўсіх яго комнураў забілі, і безліч немцаў пабілі і ўзялі ў палон» (пераклад на сучасную мову В. Чамярыцкага).  

   Многія даследчыкі адзначаюць, што аўтар «Хронікі Быхаўца» адыходзіць ад праўды, калі з пачуцця літоўска-беларускага патрыятызму абмяжоўвае ўдзел польскага войска ў Грунвальдскай бітве: «Войска ляцкие ничого им не помогали, только на то смотрели».  

   Тэндэнцыя гераізаваць гісторыю ВКЛ выразна праступае са старонак «Хронікі Быхаўца». Храніст выбраў самыя яркія і значныя моманты з айчыннай гісторыі, каб выклікаць у чытача пачуццё гордасці за сваё мінулае, за дзяржаву «ад мора і да мора». 

Похожие статьи:

ІншаеХроніка Вялікага княства Літоўскага i Жамойцкага

ХХроніка