Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Янка Маўр - Максімка

Увага! Поўны змест

   Дзіцячы дом стаяў у зацішным кутку, сярод узгоркаў, парослых самымі разнастайнымі дрэвамі — хвоямі, бярозамі, дубамі. Унізе — рачулка, лазнякі, паплавы. Воддаль была чыгуначная станцыя. Гудкі паравозаў сведчылі, што гэты зацішны куток усё ж такі звязаны з шумным светам. А асноўнае насельніцтва дзіцячага дома нават вельмі звяртала ўвагу на гэтыя гудкі: яны напаміналі, што да каго-небудзь з іх можа прыехаць татка або мамка. Але да каго?
   Некаторая частка больш дарослых загадзя ведала, што да іх прыедзе хто-небудзь з бацькоў і возьме дадому. Але такіх было вельмі мала; большасць ведала, што па іх ніхто ўжо не прыедзе... Ведалі яны гэта даўно, прымірыліся з лёсам і толькі з зайздрасцю пазіралі на тых, да каго прыязджалі бацькі.
   I была яшчэ значная група грамадзян чатырох-пяцігадовага ўзросту, якія ўсе былі ўпэўнены, што да іх заўтра прыедзе татка. Ні ў якім разе не мамка, а толькі татка, у пагонах, з медалямі, з рэвальверам.
   Довадаў было колькі хочаш. Па-першае, вайна скончылася, і ўсе таткі, пабіўшы і забраўшы ў палон фашыстаў, павінны вярнуцца дадому. Аб гэтым казалі ўсе — і цётка Каця, і старэйшыя дзеці, і самі малышы, працуючы ў пяску.
   Знаходзіўся гэты пясок на сонечным баку ўзгорка, на якім раслі хвоі. Туды ахвотна ішлі на працу не толькі нашы малышы, але і больш дарослыя дзеці. Там заўсёды капашыўся народ, і ўся гэтая мясціна мела акурат такі самы выгляд, які маюць здалёк вялікія горныя распрацоўкі.
   Тут кожны знаходзіў сабе працу па гусце. Тут можна было і бліндажы будаваць, і супрацьтанкавыя равы, а пад карэннямі хвояў — нават сапраўдныя зямлянкі. Можна было і хлеб пячы, і лялькі рабіць, і гарады адбудоўваць, і купацца ў пяску — і ад усяго гэтага мець самае светлае дзіцячае шчасце.
   Малышы займалі на гэтай пляцоўцы цэнтральнае месца. Іх участак быў найбольш насычаны рознымі механізмамі: лапаткамі, вядзёрцамі, тачкамі, скрыначкамі, дошчачкамі, аўтамашынамі, мячыкамі, драўлянымі яйкамі і матрошкамі. Тут адбываліся і дыскусіі па важнейшых пытаннях бягучага жыцця. Так, напрыклад, калі скончылася вайна, адразу ж на абгаварэнне было пастаўлена пытанне аб ролі татак у Айчыннай вайне. Спрэчкі распачаў Юра. Ён сказаў:
   — Мой татка пабіў многа-многа фашыстаў.
   — А мой татка пабіў столькі і яшчэ столькі,— зараз жа адказаў Бора, паказваючы рукамі на лясы і ўзгоркі.
   — А мой татка пабіў усіх фашыстаў і там, і там, і ўсюды,— абвясціў Сеня.
   Было іх тут чалавек дзесяць, і кожны лічыў патрэбным выступіць з такой заявай незалежна ад таго, памятаў хто свайго татку ці не. Аднак усе яны мелі права выказвацца па ваенных пытаннях, бо ў кожнага з іх было ваеннае мінулае. Мінулае з тых часоў, калі ім было па гадку ці два.
   Ці захаваліся ў іх якія ўспаміны аб тых падзеях? Былі ўспаміны, і вельмі яркія, ды несвядомыя, паміж сабой не звязаныя. Вось гэты самы Юра добра памятае, як гарэлі хаты, і зусім не ведае, што ў гэты час згарэлі яго маці, бабка, сястра і брат. А Бора памятае лес, памятае, як беглі людзі, крычалі, стралялі, а не ведае, што ён быў знойдзены ў лесе каля забітай мамкі. Сеня памятае толькі, як мамка везла яго на саначках, як было весела і цікава. Нават ветэран Алёша, у якога немец страляў з рэвальвера і ў якога да гэтага часу застаўся на шчацэ шрам ад раны, нават гэты сталы і разважлівы Алёша памятае толькі немцаву каску ды чорныя вусікі, а больш нічога.
   Тут, у дзіцячым доме, іх веды значна папоўніліся. Перш за ўсё яны даведаліся, што іхнія мамы, існавання якіх адмаўляць ніхто не адважваўся, вельмі заняты рознымі важнымі справамі і ніяк не могуць наведаць сваіх дзяцей. Кожны дзень яны збіраюцца прыйсці, ды ўсё не выпадае: то не выраслі яшчэ яблыкі, якія адна мама хоча прынесці, то другая мама аніяк не можа знайсці самага лепшага пеўніка, без якога ехаць зусім немагчыма, а трэцяя мама ўсё шые нейкую цудоўную кашулю. У некаторых выпадках мамы не ехалі таму, што іхнія дзеткі былі тут нядобрыя: не слухаліся, не елі, не хацелі спаць і крыўдзілі таварышаў. Часам мама была ўжо тут недзе блізка, але не ішла, чакала, пакуль яе Уладзік зробіцца зусім добрым.
   Так стаяла пытанне наконт мам. I хоць мамы могуць пакрыўдзіцца, мы адважымся сказаць, што пытанне гэтае не было надта вострым і актуальным. Вострым не было таму, што цётка Каця і нянька Насця досыць паспяхова замяшчалі невядомых мам. А актуальным не было таму, што ў ваенны час, як ні кажы, а на першы план усё ж такі выступалі таты.
   Усе дзеці ведалі, што іхнія таткі на вайне, б'юць фашыстаў. Нават Віця, у якога бацька памёр перад вайной, быў упэўнены, што яго татка цяпер ваюе не горш за другіх. Калі да іх даходзіла гаворка, што там ці там нашы пабілі немцаў і ўзялі горад, то кожны ведаў, што гэта зрабіў галоўным чынам яго татка.
   I вось цяпер яны пачулі, што вайна скончана, кожны можа чакаць, што да яго прыедзе татка.
   Першаму пашанцавала Сярожу. Ніхто нічога не бачыў, не ведаў, а раптам і цётка Каця і нянька пачалі шукаць і клікаць яго:
   — Сярожа! Ідзі сюды, да цябе татка прыехаў!
   Той як усхопіцца, як пабяжыць! А за ім і Юра, і Бора, і Алёша, і Максімка. Сярожу зараз жа ўзяла за руку цётка Каця і павяла, а ўсе іншыя ішлі ззаду самі, і ніхто на іх не звяртаў увагі.
   Цётка Каця прывяла Сярожу ў сталовую, падвяла да высокага вайскоўца і сказала:
   — Вось ён!
   Вайсковец схапіў Сярожу ў абдымкі, стаў цалаваць, гладзіць па галаве і ўсё гаварыў:
   — Во які ты маладзец! I пазнаць нельга!
   Сярожа саромеўся і нічога не казаў. Але адным вокам усё пазіраў на сваіх таварышаў, якія ціскаліся ў дзвярах, каб паглядзець на гэтую сустрэчу.    Сярожа ведаў, што таварышы яму зайздросцяць, і вельмі задаваўся. Гэта відаць было па яго правым воку, якое было хітрае-хітрае і выразна паказвала, што Сярожа надта хоча сказаць: «Ага!»
   Але тут цётка Каця чамусьці стала адганяць дзяцей ад дзвярэй:
   — Ну, чаго вы лезеце сюды? Не перашкаджайце. Ідзіце на свой пясочак. Калі будзеце добрымі, то і да вас таткі прыедуць.
   Ну як тут не быць добрым! На Максімку ніхто не скардзіўся; Максімку хваліла і цётка Каця і нянька Насця; Максімка старанна еў тады, калі яму зусім не хацелася есці, і ціхенька ляжаў, калі яму зусім не хацелася спаць. Аднак ён адразу адгукнуўся на словы цёткі Каці:
   — А я не запэцкаўся! — і паказаў свой сіні, з белымі палоскамі, халацік. З кішэні высоўвалася насавая хустачка, а з носа — белая кропелька. Сустрэцца ім усё неяк не шанцавала.
   — Ведаю, што Максімка добры хлопчык! — сказала цётка Каця.— Затое татка да яго прыедзе і пахваліць. Толькі ты хустачкай нос выцірай, хустачку аб нос можна пэцкаць.
   Максімка нязграбна, абедзвюма рукамі выцягнуў хустачку, ссунуў сваю кроплю набок і сяк-так зноў запхнуў хустачку ў кішэню. Цяпер ужо татка яго абавязкова пахваліць.
   На другі дзень на пясчаных распрацоўках Сярожы ўжо не было,— ён паехаў са сваім таткам. Мусіць, кожны падумаў: як цікава яму цяпер!
   — I мой татка ўчора прыедзе! — катэгарычна абвясціў Юра, нібы толькі што атрымаў тэлеграму.
   Але яго зараз жа перакрыў Уладзік (яго татка загінуў пад Севастопалем):
   — А мой татка прыедзе заўтра і прывязе мне стрэльбу!
   — А мой татка прывязе мне самалёт! — крыкнуў Сеня.— I я буду на ім катацца.
   Гэтыя словы пачуў васьмігадовы Толя, які працаваў на суседнім участку. Толя ўжо лічыў сябе сталым чалавекам. Ён памятаў і свайго татку і сваю мамку. А цётка Каця яшчэ казала, што яны шукаюць яго.
   Дзіцячыя, беспадстаўныя меркаванні Сені здаліся Толю зусім недарэчнымі, і ён насмешліва сказаў:
   — На такім самалёце лятаць нельга — ён для гульні. А мне татка купіць веласіпед сапраўдны, на якім можна ездзіць.
   Максімка адчуў, што маўчаць болей нельга, што трэба ратаваць свой гонар і гонар свайго таткі. Ён устаў на ўвесь рост і ўрачыста сказаў:
   — А мой татка прывязе мне машыну!
   Усе яго канкурэнты прыціхлі: што ні кажы, а супраць машыны выступаць цяжка.
   Але раптам у Максімкі пацямнела ў вачах: хтосьці абхапіў яго галаву і вочы, пацалаваў і прамовіў:
   — Гаротны ты мой!..
   Гэта была нянька. Яна ведала, што ў яго няма ні таткі, ні мамкі, і словы яго разанулі ёй сэрца... Але Максімка не звярнуў на гэта ўвагі: ён быў ахоплены пачуццём перамогі над таварышамі і вельмі канкрэтна ўяўляў сабе татку і машыну.
   Юра ўбачыў, што ён застаўся далёка ззаду, і крыкнуў:
   — А мой татка прывязе мне сто машын!
   Тады выступіў Алёша з заявай, што яго татка прывязе яму тысячу машын. Нехта ўжыў нават слова «мільён», але ўсе гэтыя выступленні ўжо не зрабілі ніякага ўражання, бо выразна адчувалася, што прамоўцы самі не вераць сваім словам і гавораць так сабе, абы не саступіць другім.
   Падобныя гутаркі паўтараліся не раз. Асабліва тады, калі які-небудзь татка сапраўды прыязджаў. А такіх выпадкаў за лета было тры. Было яшчэ некалькі выпадкаў, калі прыязджалі мамы або цёткі. Але іх прыезд зусім не рабіў такога шуму, як прыезд героя-таткі. Таму зусім не дзіва, што кожнаму хацелася пахваліцца іменна сваім таткам. Хацелася і Уладзіку, і Максімку, і яшчэ многім з тых, чые таткі ляжалі пад Сталінградам, Будапештам, Берлінам... Дзеці не ведалі гэтага і ведаць не жадалі, нават каб і знайшоўся такі чалавек, які адважыўся б ім растлумачыць.

   Аднаго разу, у жніўні, па дарозе ад станцыі ішоў вайсковец. На левай руцэ ў яго вісеў шынель, у правай ён нёс невялікі чамадан. Здалёк відаць было, як блішчалі на яго грудзях ордэны і медалі.
   Максімка ў гэты час адзін у кутку саду паляваў на нейкага залатога жука. Але зараз жа пакінуў яго, калі ўбачыў, што ў гэты бок ідзе нечы вайсковы татка.
   А можа, гэта ўжо ягоны татка?..
   Дарога ў дзіцячы дом ішла каля самага плота. Максімка, рызыкуючы апячыся аб крапіву, прасунуў скрозь плот галаву і прагна сачыў за падарожнікам. Той набліжаўся шпарка ; ён рабіў такія крокі, што толькі боты паблісквалі.
   Калі мужчына падышоў зусім блізка, Максімка ўбачыў,— ён плячысты і такі высокі, што адны боты былі б Максімку да падбародка. А твар у дзядзькі светлы і вельмі прыемны. Ды яшчэ медалі блішчаць. Магчыма, гэта і ёсць яго татка. Але як пазнаць яго? А можа, ён сам пазнае Максімку?
   I хлопчык стараўся яшчэ болей высунуць галаву. Сярод крапівы ды лапухоў твар яго вызначаўся, як белая кветка, а вочкі гарэлі, бы вугольчыкі. I столькі прагнага імкнення было ў гэтых вачах, што яны спынілі б вялікага дзядзьку нават і тады, каб былі накіраваны яму ў спіну.
   Вайсковец прыпыніўся.
   — Ты куды, браток, ушчаміўся, га? — сказаў ён са смехам.— Назад не вылезеш? Можа, дапамагчы табе?
   — А вось і вылезу! — адказаў Максімка і адсунуўся назад, каб паказаць, што ніякай бяды няма.
   Вайскоўцу нічога не заставалася, як ісці далей. А Максімка садам пайшоў за ім следам. Адзіная думка валодала ім: чый гэта татка? I тут жа разам цёплая надзея і мацнейшае жаданне штурхалі на другое пытанне: а можа, мой?..
   Калі Максімка прыйшоў у дом, то ўбачыў, што вайсковец сядзіць адзін у сталовай і нібы кагосьці чакае. Ці не яго, Максімку?.. Маленькае сэрца застукала моцна-моцна. Ён стаіўся ля дзвярэй і стаў наглядаць. Вайсковец то ўставаў, падыходзіў да акна, то зноў садзіўся.
   Чаму да яго ніхто не ідзе? I цёткі Каці няма. А яна ж заўсёды ведае, чый татка прыехаў і каго трэба паклікаць.
   Не, відаць, ён не чый татка, а Максімкаў. Максімка адразу пазнаў яго: акурат пра такога самага татку ён заўсёды і думаў — і боты, і медалі, і дужы, і добры. I бачыў ён яго раней, калі быў малы. А татка цяпер не пазнаў Максімку таму, што ён ужо вырас...
   Схіліўшы галаву і хвалюючыся, Максімка ўвайшоў у сталовую і бокам-бокам пасунуўся да вайскоўца. Той сядзеў, абапёршыся локцямі аб калені, і штосьці такое думаў. У гэтую мінуту Максімка, сарамліва ўсміхаючыся, праціснуўся паміж каленяў і шчыра прытуліўся да яго грудзей.
   Вайсковец зараз жа абняў Максімку, прытуліў, стаў гладзіць па галаве, гаворачы:
   — Гэта ты, мой пацан? Той, што ўшчаміўся ў плоце? Добры хлапец. А як цябе зваць?
   — Максімка,— ціха адказаў хлопчык, кратаючы медалі.
   — Максімка? Вельмі добрае імя. У нас на вайне Максімкі здорава білі фашыстаў. Як зададуць ім — та-та-та! Фашысты ходу, дагары нагамі ляцяць. Во якія ў нас былі Максімкі!
   — А яны былі вялікія?
   — Не, малыя, такія самыя, як ты,— смяецца татка,— і мы іх вазілі на калёсках.
   Максімка зараз жа ўявіў сабе, як хлопчыкі сядзяць на калёсачках, а таткі шпарка-шпарка вязуць іх на немцаў. Максімкі страляюць — та-та-та! — а немцы ўцякаюць. Як шкада, што яго, Максімкі, там не было. I яго татка пакатаў бы, і яны разам фашыстаў білі б.
   — А чаму ты мяне не ўзяў? — папікнуў Максімка татку.
   — Не ведаў, братка ты мой, дзе ты жывеш,— зноў смяецца татка.
   Ад гэтага смеху твар таткі робіцца яшчэ больш прыгожым і добрым. Максімка туліцца да яго бліжэй, перабірае рукою бліскучыя гузікі, рамяні. Ад кожнага руху таткі гэтыя рамяні рыпаюць, і ад іх ідзе нейкі прыемны пах. Ніколі не было Максімку так прыемна, так цёпла на сэрцы. Ён прытуліўся шчакой да таткавай рукі і спытаў:
   — А машыну мне прывёз?
   Раптам з таткам нешта здарылася: ён перастаў смяяцца, спахмурнеў, нават адсунуў руку ад Максімкавай шчакі, нібы чагосьці спалохаўся. Потым дзвюма рукамі моцна сціснуў Максімку за плечы, паглядзеў на яго сур'ёзна, нібы сурова, і ціха прамовіў:
   — Бедны хлопчык!..
   Затым устаў. заспяшаўся, схіліўся над сваім чамаданам...
   У гэтую хвіліну ў сталовую ўвайшла цётка Каця, а з ёю Толя. Толя крыкнуў: «Тата!» —і пабег да вайскоўца, а той пайшоў яму насустрач, схапіў пад пахі, падняў высока-высока, а потым прыціснуў да сябе, пацалаваў і сказаў:
   — А які ж ты вялікі зрабіўся!
   Павярнуўшыся, ён зноў убачыў Максімку. Той стаяў ля яго чамадана, апусціўшы рукі, і з вялікай пакутай глядзеў на бацьку з сынам. З вачэй яго збіраліся скаціцца дзве кропелькі.
   Зноў вайсковец перастаў смяяцца, спахмурнеў.
   — Хто гэты хлопчык? Ці ёсць у яго бацькі? — ціха спытаў ён у цёткі Каці.
   — Гэта наш слаўны Максімка,— адказала цётка Каця.— Бацька яго загінуў пад Сталінградам, а маці закатавалі немцы.
   Больш у яго нікога няма.
   — Калі ласка, прашу вас,— стаў прасіць вайсковец,— суцешце яго як-небудзь. Ён жа палічыў мяне за свайго бацьку.
   Вайсковец паставіў свайго сына на зямлю, падбег да чамадана, адчыніў яго і хуценька пачаў вымаць: дасканалую аўтамашыну, некалькі плітак шакаладу, размаляваную кніжку і яшчэ нейкія цікавыя рэчы. Усё гэта вылажыў ён каля ног Максімкі і сказаў:
   — Бяры, Максімка, гэта табе прыслалі.
   Тады пакрыўдзіўся Толя і плакучым голасам сказаў:
   — А мне?.. Мне дык нічога...
   — Табе, братка, крыўдзіцца ніяк нельга,— сказаў бацька, зачыняючы чамадан.— У цябе ёсць усё і будзе ўсё, што толькі захочаш.
   А Максімка нават не паварушыўся. Ён глядзеў некуды ўбок, а дзве кропелькі ўжо каціліся ўніз... Але ён маўчаў. Ён разумеў, што ні ад каго не можа патрабаваць, каб гэты дзядзька стаў яго таткам.
   Тут яго падхапіла на рукі цётка Каця, пачала цалаваць, мілаваць ды прыгаворваць:
   — Паглядзі, Максімка, якую табе машыну прывезлі. Ніхто такой не мае... А кніжка якая!..
   Пры гэтым яна старалася стаць так, каб засланіць ад яго бацьку з сынам.
   А бацька абы-як зачыніў чамадан, узяў за руку Толю і ціха пайшоў за дзверы з такім выглядам і адчуваннем, нібы зрабіў нешта нядобрае, нібы ён нечым вінаваты.

   ...Цёпла, светла, утульна ў кватэры. Толя мае ўласны кут, а ў ім усё, што хочаш,— і машыны, і кніжкі, і ўсялякія цацкі. За сталом — бацька і маці.
   — Я і да гэтага часу не магу прывыкнуць, што мы зноў сабраліся разам,— кажа маці.— Ты — недзе на фронце, я — у палявым шпіталі, а Толя з бабуляй і зусім невядома дзе.
   — Навошта ўсё гэта ўспамінаць? — кажа бацька.— Скончылася шчасліва для нас — і годзе.
   — Так... для нас,— задумліва сказала маці.— А для іншых?.. Скажам, для таго Максімкі, пра якога ты расказваў...
   Бацька зморшчыўся, нібы яму што забалела, і сказаў:
   — Зноў ты напомніла мне пра гэтага хлопчыка! Ён і так заўсёды стаіць у маіх вачах.
   — Ды і я не забываю яго, хоць сама і не бачыла,— мякка ўсміхаючыся, сказала маці.
   — Яму там зусім нядрэнна: і сыты, і дагледжаны, і жыве нібы ў сям'і.
   На другі дзень, калі бацька і маці сядзелі на канапе, да іх падбег Толя, вясёлы, шчаслівы. Ён праціснуўся паміж каленяў бацькі, прытуліўся да яго і сказаў:
   — А веласіпед сапраўды мне купіш?
   — Куплю, сынок, куплю. Толькі пакуль што няма дзе купіць,— адказаў бацька, а потым звярнуўся да жонкі: — Акурат таксама той хлопчык прытуліўся да мяне і прасіў машыну. Ён так быў упэўнены, што перад ім яго татка...
   Маці сказала:
   — Ведаеш, што я думаю: ці мае права наш Толя быць такім шчаслівым, калі столькі дзяцей засталося без бацькоў?
   — Чаму ж не? — адказаў бацька.— Ён нічыё месца не займае. А вось мы займаем месцы забітых бацькоў, таму не маем права забываць пра іх дзяцей.
   Так Максімка, сам таго не ведаючы, увайшоў у жыццё гэтай шчаслівай сям'і. Увайшоў і заняў пэўнае месца ў сэрцы не толькі бацькі, але і маткі, якой часам здавалася, нібы яна сама прысутнічала пры той сустрэчы: надта ўжо выразна перадаў ёй муж усю сцэну. I пры кожным выпадку яны з замілаваннем успаміналі незнаёмага, далёкага хлопчыка Максімку.
   ... Была ўжо восень. Дрэвы вакол дзіцячага дома пажоўклі. Апусцелі пясчаныя распрацоўкі. Пранізлівы вецер без перашкоды гуляў па пералесках і ўзгорках. З зачыненага дома ішоў гул, як з устрывожанага вулля.
   Малышы перанеслі сваё будаўніцтва ў памяшканне. Замест пяску ў іх цяпер былі бярвенні, фермы, блокі, кубікі. Як і раней, яны чакалі, што заўтра ці ўчора прыедзе татка і прывязе нешта такое... такое...
   — А мой татка прывязе мне сто кубікаў!
   — А мой татка прывязе мне поўны дом кубікаў!..
   Раптам падышла цётка Каця:
   — Максімка, ідзі сюды! Да цябе татка прыехаў!
   Нельга сказаць, каб Максімка вельмі здзівіўся: ён і без таго ведаў, што калі-небудзь ды татка прыедзе. Але ўсё ж такі ён захваляваўся і пачырванеў.
   Цётка Каця ўзяла яго за руку і павяла. А ззаду самі ішлі Алёшка, Віцька, Сенька, Борка, і на іх ніхто не звяртаў увагі. Хутка Максімка ўбачыў высокага дзядзьку і адразу пазнаў, што гэта той самы татка, які прывёз яму машыну, але тады чамусьці не захацеў узяць яго з сабой. Затое цяпер ён сам падышоў да Максімкі, узяў яго на рукі і сказаў:
   — Ну, Максімка, збірайся: едзем дадому, мама чакае.
   I зноў Максімка ўбачыў той самы светлы, прыемны твар, зноў адчуў цеплыню на сэрцы і зноў шчыра прытуліўся да грудзей таткі.
   Але адно вока яго глядзела на таварышаў хітра-хітра, ён не мог стрымаць сябе і сказаў ім:
   — Ага!..

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!