Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Цішка Гартны - Свае блінцы

   У цэнтры апавядання «Свае блінцы» (1926) былы чырвонаармеец Вінцусь Шавель, які ў мірных абставінах адстойвае інтарэсы сялян. Усе яго намаганні скіраваны на тое, каб адрамантаваць стары млын, наладзіць там танны памол. Герой лічыць гэта надзвычай важным, бо «хлеб – бліжэйшая справа».
   Сарамлівы па натуры, Вінцусь тым не менш настойлівы ў імкненні рэалізаваць сваю задуму. Пісьменнік паказвае свайго героя ў роздуме, выяўляе яго багаты ўнутраны свет, гарачае жаданне быць карысным людзям, тым, з якімі некалі абараняў заваёвы рэвалюцыі і якія марылі пасля вайны пажыць па-чалавечы. Вінцусь адчувае асабістую адказнасць у распачатай ім працы: «Кожны павінен дасканала ведаць, павінен настойна дбаць аб тэй справе, на якую ён пастаўлены. Калі ўручаная справа патрабуе таго ці іншага вырашэння, то ці павінен яе кіраўнік маўчаць? Гэта значыла б, што кіраўнік не адпавядае свайму назначэнню...».
   Апавяданне «Свае блінцы» вызначаецца нетрадыцыйным падыходам да праблемы «чалавек і калектыў». Цішка Гартны парушае агульнапрынятае ўяўленне адносна таго, што калектыў у адрозненне ад асобнага чалавека, які можа памыляцца, заўсёды прадвызначае правільную лінію ў вырашэнні важных пытанняў. Вінцусь Шавель перакананы ў сваёй праўдзе. Ён ведае патрэбы сялян. «Трэба прыслухоўвацца да іх голасу – то голас зямлі», – гаворыць герой.
   Вінцусь, адстойваючы сваю пазіцыю, па сутнасці, паўстае супраць дэмагогіі начальства, якое абстрактна разважае аб светлай будучыні, не звяртаючы ўвагі на канкрэтныя праблемы людзей; ён ідзе супраць калектыву партыйнай ячэйкі, абураецца яе маўчаннем. «Што сабе таварышы думаюць! – злосна выказаў ён сам сабе, забываючы пра партыйную этыку, калектыўную думку і таварыскія пачуцці».
   Вінцусь Шавель дасягае пастаўленай мэты. У рэшце рэшт яго падтрымліваюць прадстаўнікі акруговай улады, убачыўшы ў ім разумнага чалавека, руплівага гаспадара, які да справы адносіцца творча, з натхненнем. «Савецкая ўлада, па-моему, – гэта жывая творчасць, несціханая чыннасць. Ад малога да вялікага і ад вялікага да малога яна ўсё-ўсенькае павінна перабудаваць, падстроіць... I дух будаўніцтва павінен прасякнуць усё насельніцтва нашае рэспублікі, бо няма харошага, калі яно нерухомае, нежывое...», – усхвалявана гаворыць Вінцусь. Апавяданне «Свае блінцы» давала ўзор новых адносін да працы. Раскрывала тыя недахопы, якія перашкаджалі аднаўляць разбураную гаспадарку, паляпшаць дабрабыт людзей.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!