Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Цішка Гартны

   Нарадзіўся Цішка Гартны (Зміцер Хведаравіч Жылуновіч) 4 лістапада (22 кастрычніка па старым стылі) 1887 года ў мястэчку Капыль. «То была пара, калі ў хаце пераходзілі ад цяжкое падзёншчыны на нудную, чуць не дарэмную “здзельшчыну”», – скажа пазней пісьменнік у сваёй аўтабіяграфіі «Абеглы саманарыс майго жыцця». У сям’і «не было ні каня, ні каровы, ні поля, каб рабіць». Бацька працаваў гарбаром, маці – падзёншчыцай. Рана вымушаны быў працаваць і будучы пісьменнік: у гарбарнай майстэрні, пастухом па найме.
   Чытаць «поверху» навучыў бацька. Потым была вучоба ў «дарэктараў», хатніх настаўнікаў. За гэты час «прайшоў усе царкоўна-славянскія кніжкі, якія толькі былі ў бацькі. Нават і на нейкую… хрэстаматыю ўзбіўся. Грамата давалася лёгка…». У 1902 г. паступіў у Капыльскае двухкласнае вучылішча, у 1905 скончыў яго. Летам працаваў – пасвіў каровы. «Пасучы, я бесперастанку чытаў. Меў надзвычайную цягу да чытання». Чытаў асабліва рускіх пісьменнікаў – Някрасава, Нікіціна, Надсана, Чэхава, Талстога, Горкага, Пісарава, Успенскага… Становіцца актыўным чытачом у бібліятэцы капыльскіх сацыял-дэмакратаў, захапляецца іх дзейнасцю, збліжаецца з імі. На доўгія гады звязвае з імі свой лёс. У 1906 г. яго выбіраюць членам камітэта сацыял-дэмакратычнай арганізацыі – адказным за культурна-асветніцкую работу сярод моладзі. Мясцовая паліцыя пільна сочыць за яго дзейнасцю. І калі ў 1906 годзе паспрабаваў паступіць у Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, то не быў прыняты якраз з-за «палітычнай ненадзейнасці». Усё гэта моцна стымулявала яго самаадукацыю.
   У гэтыя гады, настойліва займаючыся самаадукацыяй, шмат чытаючы, Гартны (тады яшчэ Жылуновіч) пачынае і сам пісаць. Піша вершы, апавяданні (на рускай мове), дзённікі «Дневник рабочего», «Дневник посадчика». Таварышы хвалілі напісанае, асабліва вершы. Але сам аўтар адчуваў нейкае ўнутранае незадавальненне. І не пакідала яно да таго часу, пакуль не натрапіў на газету «Наша ніва». Было гэта ў 1908 г.
   Ва ўспамінах «Дваццаць гадоў назад» так напіша пра сваё ўспрыманне гэтай беларускамоўнай газеты: «Першыя беларускія вершы, прачытаныя ў “Нашай ніве”, зрабілі на мяне сапраўды галавакружнае ўражанне. У маім нутры раптам усё перавярнулася, і цяга пісаць па-беларуску завалодала мною цалкам. Напісаныя раней па-расійску творы паказаліся мне шурпатымі, чэрствымі і бяздушнымі. У іх наглядалася нейкая штучнасць, хоць я, пішучы, стараўся ўкладаць у іх сваё заўсёды хвалюючае пачуццё. Ад нашаніўскіх вершаў павеяла цеплатою непасрэднага жыцця, у якім я адчуў і часціну свайго бытавання». Тут, у «Нашай ніве», Гартны знаёміцца з вершамі беларускіх паэтаў, найперш з вершамі Янкі Купалы і Якуба Коласа. Захапляецца імі. Гэтая газета, гэтыя вершы натхнілі пісаць па-беларуску. Гартны пасылае свае вершы ў «Нашу ніву». У студзені 1909 г. у газеце быў надрукаваны першы верш «Бяздольны». Прысвечаны ён быў Янку Купалу.
   Верш быў падпісаны псеўданімам: Цішка Гартны. У той жа газеце быў надрукаваны ў 1910 г. верш «Не хіліся, дуб зялёны», прысвечаны Якубу Коласу. «З гэтага моманту імёны Янкі Купалы і Якуба Коласа зацямнілі сабою ўсе іншыя, з якімі я пазнаўся раней», – будзе згадана пазней.
   У 1909–1912 гадах Гартны не раз пакідаў роднае мястэчка. У пошуках работы вандруе па гарадах Беларусі, Літвы, Украіны, Латвіі. Працаваў у гарбарных майстэрнях Вількаміра, Панявежыса, Шаўляя, Белай Царквы, Палтавы, Мітавы, Дзвінска, Магілёва, Жлобіна, Бабруйска, Смаргоні… Сустрэчы з новымі людзьмі, наведванне майстэрняў, прадпрыемстваў, нялёгкая шматгадзінная праца – то была належная школа жыцця. І для пісьменніка, і для грамадска-палітычнага дзеяча. Але ў гады гэтых вандровак у пошуках працы і наогул лепшай долі Гартны не парываў сувязі з родным мястэчкам: там жыла яго маці, сябры, што былі звязаны з сацыял-дэмакратычным рухам.
   У 1910 г. ён разам з сябрамі ствараюць тут літаратурна-грамадскі гурт «Самаадукацыя і самаразвіццё», які пачынае выдаваць рукапісны часопіс «Заря». У тым жа годзе (у другой палове) часопіс гэты быў закрыты. У 1911 выпуск рукапіснага часопіса адноўлены (пад назвай «Голос низа»). Рэдактарам быў Цішка Гартны (пад псеўданімамі Капылянін і Шулятнік). Часопіс меў дадатак на беларускай мове «Вольная думка» – зборнік твораў маладых аўтараў. Пазней паэт Алесь Гурло будзе ўспамінаць: «…Гэтыя часопісы, апрача свайго непасрэднага прызначэння – агітацыі сярод шырокіх мас, – былі ў некаторай ступені і літаратурнай школай для пачынаючых паэтаў і пісьменнікаў, у тым ліку і для мяне».
   Вясной 1913 г. Цішка Гартны прыехаў у Пецярбург і стаў працаваць фрэзероўшчыкам на заводзе «Вулкан». Пяць месяцаў працаваў тут, тры месяцы быў беспрацоўным. У гэты час наладжвае непасрэдныя кантакты з пралетарскай газетай «Правда», куды ён раней дасылаў і дзе друкаваў свае вершы – «Лишь только фабричный гудок прогудит», «Песня кузнеца», «Говор волн». Прымае ўдзел у рабоце культурна-асветніцкага таварыства «Знание». Жыццё ў буйным горадзе, пралетарскае асяроддзе, цесныя кантакты з землякамі-беларусамі фармавалі светапогляд паэта, садзейнічалі росту нацыянальнай свядомасці. У 1915 г. быў мабілізаваны ў войска. Праз месяц адпушчаны. У 1916 г. працаваў у Беларускім бежанскім камітэце, выдаваў газету «Дзянніца». З 49 нумароў, што выйшлі ў свет, 23 нумары былі падпісаны Зміцерам Жылуновічам як рэдактарам. У гэты час газета адыграла важную ролю ў гуртаванні беларускіх рэвалюцыйных сіл.
   На пачатку 1917 г. Ц. Гартны звязвае свой лёс з Беларускай сацыялістычнай грамадой. Становіцца адным з лідараў яе левага крыла. Падчас Лютаўскай рэвалюцыі сам прыняў у ёй актыўны ўдзел.
   Беларускі бежанскі камітэт у сакавіку Гартнага пасылае сваім дэпутатам у Петраградскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Многа змен адбываецца пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, найперш у грамадска-палітычным жыцці Цішкі Гартнага. У гэты час ён праяўляе вялікую актыўнасць і ў літаратурнай, і, асабліва ў грамадска-палітычнай дзейнасці. У лютым 1918 г. ён – сакратар Беларускага нацыянальнага камісарыята пры ўрадзе РСФСР. Некаторы час рэдагуе першую савецкую газету на беларускай мове «Дзянніца». У тым жа годзе, у кастрычніку, у Маскве быў прыняты ў члены РКП(б). Уваходзіў у склад бюро Беларускай секцыі РКП(б).
   30 снежня ў Смаленску пачалася VI Паўночна-Заходняя канферэнцыя, якая была аб’яўлена І з’ездам Камуністычнай партыі Беларусі. Было прызнана неабходным абвяшчэнне БССР. Абраны Часовы рабоча-сялянскі савецкі ўрад Беларусі. Узначаліў яго З. Жылуновіч. Ім быў напісаны Маніфест («Маніхвэст») пра абвяшчэнне БССР. Праўда, працаваць ураду гэтаму, па сутнасці, не давялося. Праз нейкі месяц уладу ўзялі прыхільнікі Цэнтральнага бюро КП(б) Беларусі, якую ўзначальваў прамаскоўскі дзеяч Аляксандр Мяснікянц. Утваралася Літоўска-Беларуская ССР. Дакумент аб яе стварэнні падпісалі: армянін Мяснікянц, літовец Капсукас, рускія Іваноў і Пятроў, яўрэі Іофе, Рэйнгольд, Пікель, Найдзянкоў. Беларусаў не было. Нейкі час (з сакавіка 1919 г.) Гартны з’яўляецца рэдактарам-выпускаючым і сакратаром газеты «Красная заря» (Харкаў). Летам (у чэрвені) 1919 г. па партыйнай мабілізацыі становіцца палітработнікам у 14-й арміі на Паўднёвым фронце, у лютым 1920 быў пераведзены ў штаб Заходняга фронту. Тут у поўнай меры праявіліся яго якасці публіцыста-агітатара. У 1921 г. пераехаў у Мінск, дзе яго здольнасці арганізатара, кіраўніка, партыйнага і грамадскага дзеяча раскрыліся асабліва шырока.
   Член ЦБ КП(б)Б (31.12.1918–4.3.1919), кандыдат у члены ЦК КП(б)Б (10.1.1927–6.2.1929), член ЦВК БССР (1920—1931). Працаваў рэдактарам газеты «Савецкая Беларусь», часопіса «Полымя», дырэктарам Дзяржаўнага выдавецтва і Дзяржаўнага архіва БССР. Быў намеснікам народнага камісара асветы БССР, членам Інбелкульта (Інстытут беларускай культуры). У 1928 г. абраны акадэмікам АН БССР.
   16.1.1931 з фармулёўкай «за свядомае правядзенне нацыянал-апартуністычнай і нацыянал-дэмакратычнай лініі, за ўдзел у антыпартыйных групоўках у КП(б)Б, за сувязь з чужымі і варожымі справе пралетарыяту нацдэмаўскімі і фашысцкімі элементамі» пастановай ЦКК КП(б)Б Цішка Гартны быў выключаны з партыі. ЦКК ВКП(б) пацвердзіла гэтую пастанову. Пазней, улічваючы прадстаўленую характарыстыку партарганізацыі завода «Камунар» і, галоўнае, прызнанне сваіх памылак, Прэзідыум ЦКК ВКП(б) палічыў магчымым праз год перагледзець гэтую пастанову. Але нічога не было перагледжана. 15 лістапада 1936 г. Цішка Гартны быў арыштаваны органамі НКУС. У Мінскай турме яго жорстка катавалі, выбіваючы «патрэбныя» спецорганам паказанні і прызнанні. Быў аб’яўлены псіхічна хворым. Пераведзены ў Магілёўскую псіхіятрычную лячэбніцу. Паводле афіцыйнай версіі, памёр ад гангрэны лёгкіх 11.4.1937. Па іншых звестках – скончыў жыццё самагубствам. Цішка Гартны быў рэабілітаваны ў грамадска-прававых адносінах, «за недаказанасцю злачынстваў», 15.10.1955. У 1988 г. адбылася поўная палітычная рэабілітацыя – «за адсутнасцю саставу злачынства».
   Сёння імем Цішкі Гартнага названы вуліцы ў Мінску і Капылі; на доме ў Капылі, дзе ён нарадзіўся (вул. К. Маркса, 39), а таксама на доме ў Мінску (К. Маркса, 30), дзе ён жыў, устаноўлены мемарыяльныя дошкі. Вобраз Ц. Гартнага ўвасоблены ў жывапісных творах многіх беларускіх мастакоў. Шэраг кампазітараў стварылі песні на яго словы.

Серафім Андраюк


Крыніца: Выбраныя творы / Цішка Гартны; уклад., прадм. і камент. С. Андраюка. – Мінск : Кнігазбор, 2012. – 608 с. : [8] с. іл. – («Беларускі кнігазбор»: Серыя 1. Мастацкая літаратура).

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!