Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Цішка Гартны (Зміцер Жылуновіч) - Штрэйкбрэхер

Увага! Поўны змест

I

   — Анупрэй, га, Анупрэй, уставай! Уставай, ужо абед хутка. Валяецца ў пасцелі цэлымі днямі і нібыта той! Без клопату, бяздумна. Уставай, уставай! Можна ўжо дагэтуль вылежацца! Нябось — лёг учора звечара і праз усенькую ноч праляжаў. Анупрэй, га, Анупрэй, ці чуеш ты? Уставай — ды пойдзеш праведаеш, як парашылі там...
   Луцэя злосна паківала галавою, уздыхнула і паглядзела ў акно. Пасля зноў абярнулася да гаспадара і пачала яго катурхаць, прыгаворваючы:
   — Ці чуеш ты, ці не, Анупрэй? Разаспаўся вельмі! Нагараваўся задужа, небарака... Гуляеш, бач, другі тыдзень, дык можна выспацца ўволю. Людзі вунь калі ўжо на поле пайшлі, а гэта... Эх, няшчасная я!..
   Луцэя зноў адхілілася ад полу і скрывіла жаласлівую міну.
   А Анупрэй, чуючы праз сон прычытанне жонкі, знарок нічога не адказваў ёй, толькі хвілінамі расплюшчваў вочы і балюча пакрэктваў.
   — Бок адлежаў, небарака. Уставаай! — са злосцю пракрычала Луцэя над самым вухам мужа.
   Анупрэй і на гэта нічога не адказаў, а, нібы наперакор, адвярнуўся да сцяны і маўчаў.
   — Ды ўстанеш ты сёння ці мо ўжо да вечара будзеш тухнуць? — папракнула ўголас Луцэя.
   — Ну чаго ты прыстала да мяне сённека? — не выцерпеў нарэшце Анупрэй, паднімаючыся з падушкі. — Чаго цябе ліха здрочыць, чаго? Кожны дзень гаўкае безупынку. Не падабаецца, што я гуляю? Хацела б, каб несціханна працаваў, — ведаю! Не, галубка, па-твойму не будзе...
   Луцэя ажно збляднела ад злосці: ёй нямерна стала крыўдна на мужа за яго агрызанне на яе справядлівыя словы.
   Вось ужо хутка два тыдні міне, як у іх хаце цягнуцца спрэчкі і сваркі. Два тыдні, як у хаце згінуў сямейны лад і спакой. А хто і што таму віною? Луцэя колькі разоў запэўняла мужа, што яна не злуе на яго і не вініць яго за ўдзел у забастоўцы; яна запэўняла Анупрэя, што ёй вядома ўсё, як і што павінна весціся змаганне з гаспадарамі за паляпшэнне становішча працаўнікоў. Яна добра ведала, што будзе шмат лепш і ёй тады, калі разам з другімі яе Анупрэй будзе менш працаваць, а больш зарабляць. Ведала ўсё гэта Луцэя і памятала, толькі ўжо занадта цяжка складалася іх жыццё: недастаткі ў хаце, якія прыйшлі з забастоўкаю, саматугам застаўлялі яе забываць усё і абурвацца на Анупрэя з упікамі і са злосцю. Калі муж працаваў — стачалі канцы з канцамі і жылі, а цяпер так туга! Луцэі думалася, што мужу самому заўважна хатняе становішча, але ён без моцы, каб памагчы, тады яна спусціла тон і пачала разважаць спакойлівей.
   — Анупрэйка, ну ты ж сам толькі, здароў, падумай, як жа мы будзем жыць далей? Запасаў жа ў нас ніякіх няма, ты сам добра ведаеш, — не назбіралі — не з нашых заработкаў іх збіраць. А есці, нябось, штодня трэба. Ні Стэпка, ні Сцёпка не пытаюць, ёсцека яда ці не, а ім давай. Чыя ж галава баліць? Толькі мая, бо найперш яны кідаюцца да мяне: "Мама, дай хлеба, мама, дай к хлебу!" Дзе хочаш бяры, а адказаць — не адкажаш дзецям. Дый самі духам святым не пражывём. А цэлых жа два тыдні ні капейкі ў хату не прыбавілася... як жа не крычаць, як не ўзлавацца часамі?
   — Але ж не ачамераю лезці ў вочы, — паднімаў голас Анупрэй, — каб добра ды ціха, дык яно зусім іначай, а то ўвесь час тое і робіш, што точыш мяне несупынна. Кажаш, усё добра ведаеш, а, нябось, тычаш пальцам. А ласне тут я вінаваты? Разыгралася забастоўка і захапіла ў сваё кола і мяне. Трыццаць чалавек разам — не папрэш супроціў. Як змагацца, дык усім разам. Хто ідзе супроціў — той здраднік... і ты, пэўна, не ведаеш, што з гэткімі бывае.
   Анупрэй злез з полу, пацягнуўся некалькі разоў, апрануўся ў стары, будзённы, увесь зашмальцованы дзёгцем гарнітур і, не думаючы ўмывацца, з брудным вуграстым тварам, з тлустымі ад шмальцу рукамі падышоў да акна і ўтаропіўся поглядам на вуліцу. Да жонкі не казаў нічога.
   Гэта скрыўдзіла Луцэю, і яна адышлася да запечку. Але доўга не магла стаяць спакойліва і, паглядзеўшы ў бок мужа, загаварыла:
   — Бастуюць! Добра ім баставаць! Нежанатыя, а многія і хлеб свой маюць. Якаво ім адходзіць — хоць бы Міколу Капачу, ці Антосю Скубу, ці Андрэю Гляку? Гэта ж усё гаспадарскія сынкі, якім не страшна і месяц цэлы прабаставаць. Ці ж табе зраўняцца з імі! У цябе вось цэлая сям'я на руках, а для яе зараз і крошкі хлеба-а не будзе. Вазьмі ты гэта ўцям!
   Анупрэя гэта зноў раздражніла.
   — Кінь балабоніць ліха ведае што, — перабіў ён жонку, адвярнуўшыся на хату, — вось калі ваб'е сабе ў голаў, дык і дыхнуць не дае... Няўжо ты зразумець не можаш, што... Ужо ж не раз, здаецца, казаў я табе, што тут справа не аднаго мая, а агульная, хаўрусная, таварыская справа. Вось яна і вымушае кожнага трымацца ўсім разам. Тут, галубка, зусім не гадзіцца твая дзяльба на жанатых і нежанатых або на гаспадароў і беззямельных. Перад абіраннем і здзекамі гаспадароў — усе работнікі мусяць быць роўнымі. Мусіць быць еднасць між імі.
   — Добра, еднасць! Я ж сваё кажу, ці магчыма табе з Мікалаем раўняцца? Сам, нябось, адчуваеш, што не. Вось калі ўсе так налягаеце на еднасць, дык хай бы адзін другога і падтрымоўвалі. Дык гэтага штосьці не відаць.
   Анупрэй моўчкі адышоў ад акна і прысеў на ўслоне. Спрачацца больш з жонкаю яму не хацелася, бо ён добра ведаў, што гэтым спрэчкам не будзе канца да таго часу, пакуль ён нанова не пачне ўспорвацца з цёмнага і спяшыць, часта не снедаўшы, у майстэрню. Пераканаць жа жонку ў патрэбнасці агулам, усім разам, падтрымліваць забастоўку, каб выйграць яе і палепшыць умовы працы, — Анупрэй не мог: ён ведаў, што гэта пытанне разбіваецца аб іх сямейнае становішча.
   Анупрэй бачыў, што гутарка жонкі не блазная баўтаўня, што яе рыхтуюць тыя цяжкія ўмовы, у якія ўпіхнула яго і яго сям'ю двухтыднёвая забастоўка. Штораз, хоць і злаваўшыя Анупрэя, размовы жонкі рабіліся больш балючымі і бліжэй краталі яго бацькава і гаспадарова сэрца.
   Вось, прысеўшы на ўслоне, Анупрэй міжвольна паддаўся роздуму над сваім становішчам: "Праўда, яно-та мне зусім цяжка пераносіць гэту забастоўку. Дужа цяжка. І я ведаю, што гэты цяжар гняце і Луцэю. Але ж што зрабіць? Нельга ж ісці супроць усіх — нічога не выйдзе, трэ як-кольвечы канца чакаць..." Анупрэй кінуў вачыма на жонку: "А які яшчэ канец будзе, таксама пытанне? Можа, прабастуем яшчэ тыдзень — другі ці больш і нічога не выйграем, а болей бяды наклічам. Ці раз ужо так траплялася: баставалі-баставалі — а пасля на старых умовах назад да работы... Чаго добрага, і цяпер можа так быць... Вось тады будзе-э!.."
   Анупрэй падняўся з услона і пачаў тупаць па хаце.
   Луцэя ўвесь час сядзела мэрам прыбітая да лаўкі і незмігутна сачыла поглядам у адну кропку на вулічнай сцяне. Спакойлівы выгляд яе твару, відаць было, стрымоўваў выраз глыбокага болю ў яе сэрцы.
   Анупрэй некалькі разоў паглядзеў на жонку і за кожным разам усё бліжэй адчуваў на сабе яе перажыванні. Нарэшце не вытрываў і пачаў казаць:
   — Слухай, Луцэя, усё-такі ты не гаруй так. Я пастараюся трохі грошай — мне Мэндаль Крупнік абяцаў пазычыць рублёў пяць. Ліха яго бяры — аддамо калі-кольвечы... Але ж ты сама павінна ведаць, што пратрымацца да канца трэба. Пратрымаемся дружна — то выйграем, а выйграем — дык я буду зарабляць у тыдзень сем рублёў. Падумай толькі — чуць не ў два разы болей, ніж цяпер... Усё зможам спагнаць за адзін месяц... Трэба дацярпець... Бачыш, я ж не адзін такі: Пранук, Лейзар — таксама не ў лепшых умовах.
   Луцэя падняла голаў і паглядзела на мужа. Перад ёю прамігнула яскраваю палоскаю надзея; змякла сэрца, і свяжысты подых прайшоў яе нутром.
   — А ці хутка ты возьмеш у Мэндаля гэтыя пяць рублёў? — запытала яна мужа.
   — Пэўна, сёння вечарам... а мо заўтра, — адказаў Анупрэй.
   Луцэя яшчэ больш прасвятлела.
   — Я таму, Анупрэйка, пытаю, што на заўтра ў хаце ні капейкі не засталося; хлеба купіць незашта.
   Анупрэй, як тупаў, так зразу і спыніўся сярод хаты: дагэтуль ён неяк не верыў, што ў хаце дайшло да ніткі, а думаў, што Луцэя папераджае яго заўчасна, каб не дапусціць да крайняга, пакуль цягнецца сяк-так.
   — І хлеба, кажаш, няма? — спалохана прамовіў ён.
   — Не хлушу, Анупрэйка.
   Нічога не кажучы, Анупрэй надзеў шапку, ускінуў напашкі жакету і павярнуў да дзвярэй.
   — Куды ж ты? — спыніла яго Луцэя.
   — Да Мэндаля пайду, — адказаў Анупрэй.
   — Пастой! Я надумалася зрабіць вось што: ці ты з Лейбам не сварыўся, як пакідаў работу?
   Анупрэй задумана памаўчаў.
   — Не. Чаму?
   — Як не, дык, па-мойму, пайшоў бы да яго і пазычыў бы якіх рублёў з пяць. Мне здаецца, што табе ўсё роўна прыйдзецца вярнуцца на работу да яго, так ці сяк. А з Мэндалем... хопіць і таго разу: успомні, як ачамярэў ён нам тады... Слухай, Анупрэй, сапраўды, пайдзі лепш да Лейбы і... вось хай толькі змеркне крыху. Надоечы дык ён сам, спаткаўшыся, напрошваўся ў мяне: "Хай прыйдзе, кажа, Анупрэй да мяне, і я яму грошай дам, а то мо ў вас іх няма". Пайдзі да Лейбы, пайдзі. Паслухай мяне.
   Анупрэй пастаяў крыху моўчкі, пасля адказаў:
   — Падумаю, ведаеш... Вельмі ж ніякавата будзе, як таварышы праведаюць аб гэтым.
   — Чаго ніякавата? У першых, хто ж дазнаецца, калі ты ціха зробіш, а другое, калі і даведаюцца — то што? Няўжо ж з голаду ўміраць? Нябось, ніхто не прынясе з сваіх, каб падтрымаць... Нечага баяцца.
   — Можна будзе ўзяць рублёў два з камітэта... Я думаю, што ёсць там крыху грошай.
   — Ёсць — ёсць... Дык чаму ж дасюль не дагадаўся ўзяць? Сарамяжы вельмі. Вось глядзі, каб і камітэта раней цябе не абабралі.
   Анупрэй нічога не адказаў і моўчкі выйшаў з хаты.
 

II

   Праз колькі хвілін пасля выхаду Анупрэя ў хату ўбег Сцёпка — старэйшы хлопчык Анупрэя і Луцэі, гадкоў васьмі-дзевяці, бледненькі, замораны, запэцканы ў гразь і ў парваным адзенні.
   — Мама, — звярнуўся ён да Луцэі, — куды ж то наш татка пайшоў? Дазволь мне за ім пайсці, дазволь, мамачка?
   Луцэя ў злосці агрызнулася на сынка:
   — Чаго табе за бацькам? Я табе пакажу, распуснік! Сядзі вось у хаце.
   Сцёпка паслушна схіліў галоўку, закапыліў губкі і, усадзіўшы ў рот пальчык, ціхутка стаў каля стала, спадлоб'я пазіраючы на мацеру.
   — То дайце мне хлеба лустачку на вуліцу, — асмеліўся ён вымавіць, спусціўшы з паўгадзіны.
   — Хлеба! Хлеба! Розак табе, а не хлеба! Яшчэ што ўшалопаеш! Хлеб на вуліцу цягаць! Расцягалі ўжо ўвесь. Цягаеш два тыдні, а ў хату ніхто не прыцягне. Няма ў мяне хлеба. Вось вернецца бацька — у яго папросіш.
   Сцёпка скрывіўся і заплакаў. Перш зацягнуў ён уголас, а пасля, скмеціўшы злосны пагляд мацеры, прыцішыў голас; з яго вачэй кідаліся на стол буйныя празрыстыя слёзы, якія хлопчык часта пераймаў каравым рукавом кашулі. Луцэя ані не зважала гэтага і задуменна пазірала ў акно. Але няўвага мацеры крыўдзіла Сцёпку, і ён хутка зноў падняў голас. Луцэя не сцярпела, адхілілася ад акна і закрычала на сынка:
   — Ну, а гэта што? Чаго хліпіш? Пугі, нябось, захацеў! Сціхні, кажу табе! Маўчы!
   Луцэя прытупнула нагою і паківала пальцам. Яна нават намерылася падысці да Сцёпкі, каб рукамі спыніць яго плач, але стук у дзверы яе перапыніў. Луцэя адвярнулася да дзвярэй.
   — Мамачка, га, мамачка, дай мне хлеба! Усе дзеткі на вуліцы ядуць хлеб, і мне хочацца, — убегшы ў хату, пралепятала Стэпка.
   — Ах на іх усяліхое! — вылаялася Луцэя. — Якраз тады на іх прорва напала, калі нічога няма.
   Не зважаючы на воражнасць з боку мацеры, дзяўчынка яшчэ раз пераказала просьбу і пачала чакаць ад мацеры хлеба.
   — Атруты вам, на вас проглая, а не хлеба! — яшчэ зычней вырачылася на дзяўчынку Луцэя.
   Абураная гэтым, Стэпка сагнулася ў кручок і перабегла да стала ды прытулілася да братка.
   — Чаму ж вось Янку маці дала хлеба, а вы мне шкадуеце, — папракнуў Сцёпка мацеру.
   — Мне хлеба мамка ніколі не шкадуе, — пахваліўся Янка.
   — Твая маці багатая, у вас хлеба процьма, — спыніла яго Луцэя і, каб адвязацца ад дзяцей, дадала: — Ідзіце вось гуляйце! Чаго вы таўчацеся ў хаце ў пагоду? Марш вон!
   Янка, смеючыся, выбег з хаты, моцна бразнуўшы дзвярыма. Сцёпка з Стэпкаю асталіся. Луцэя вылаялася на дзяцей і зноў адвярнулася ў акно.
   Але стаяць спакойна не магла. Праз хвіліну яна вылезла з акна, прайшла колькі разоў па хаце, пасля прысела каля стала і пачала ўголас думаць: "Не, усё ж крыку мала! Крыкам ды лаянкаю дзяцей не накорміш. І так цяжка глядзець на іх: сухія, блядыя, мізэрныя. Паглядзець на чужых, дык, як пурэчачкі, ружовыя. А гэта — заморышы... А ўсё ж ад таго, што вось гэткія сцэны. На добры лад, то гэта б трэ было ім і малака, і мяса, і яшчэ сякіх-такіх лагод, але — адкуль узяць? Зарабляў вось рублёў па чатыры ў тыдзень, то ці ж магло старчыць іх на ўсё-ўсёнькае для чатырох душ сям'і? Свайго ж ні каліва, ні кастрычынкі няма... Усё ж пражывалася сяк-так, працягалася з дня на дзень.
   І мо б цягнулася так далей, каб яно аднакава роўна ішло, а то — час ад часу, глядзіш, і перабой, і перабой: то няма работы, то захварэе, то яшчэ якая-кольвечы прымха. А плаціць — ніхто не плаціць. Хай жа бы ўлічаў гэта — дык не. Баставаць! Добра вельмі, што не трэба рабіць... Чалавек не заглядае ўперад, не рупіцца... Каб меў жаласць да сям'і, не пільнаваўся б так шчыра ўсякіх там пастаноў. Добра таму гэта рабіць, хто мае з чым і як вывернуцца, або хто вольны, не звязаны сям'ёю... Ох, бяда, бяда! Цяжка мне жыць!.."
   Ад натужных думак Луцэя стамілася і, бязвольна апусціўшыся на стол, задрамала.
   Дзеці цішком панырпалілі ў мыцельніку і пад прыпечкам, пакруціліся каля стала і без нічога выйшлі на вуліцу.
 

III

   Луцэя спакойна спала.
   Праз паўгадзіны, не болей, яе разбудзіў стук у дзверы. Луцэя хутка ўсхапілася, працерла вочы і прыгатовілася стрэціць, хто ўвойдзе ў хату. "Пэўна, Анупрэй", — парашыла яна, не дачакаўшыся, і нездавальняюча адвярнулася ад дзвярэй.
   Услед гэтаму прачыніліся дзверы, і Анупрэй увайшоў у хату.
   — Дзе ты цягаешся несупынна? — упічліва запытала Луцэя.
   Анупрэя хапіла за сэрца, і ён перш сурова паглядзеў на жонку, крутнуў нездаволена галавою і прайшоў к вулічнаму акну, пасля павярнуўся да яе і сказаў:
   — Ці ты звар'яцела? Сама пасылала... — вырачыўся ён і зразу ж перамяніў тон. — Я да гаспадара заходзіў... Грошы прасіў пазычыць у лік будучае працы... Я сам бачу, што нельга далей так быць... Што ж, няхай прабачаюць таварышы. Я не самахоць...
   — То ці ж бачыў хто? — з надышоўшай палёгкай на сэрца запытала Луцэя і прысела супроціў мужа. Той апусціў пагляд і спагадліва адказаў:
   — Бачылі... Вядома што бачылі... Каб і не бачылі, то дазналіся б. Ласне захаваешся?.. Ахрэмава жонка бачыла...
   — Як ты ішоў ці як выходзіў?
   — Як выходзіў... Што ж, усё роўна... Я ўжо гэтым запляміў сябе... Прадаў таварыскасць і справу...
   — Ну, а што ж Лейба? Даў табе грошы ці не? — пераняла Луцэя, каб ведаць, як ацаніць мужаў паступак.
   — Даў дзесяць рублёў... дзесяць срэбранікаў, нібы...
   Анупрэй не мог супакоіцца ад нутраных папрокаў і затупаў па хаце.
   — Кінь ты плявузгаць ліха ведае што, — расцяжна заўважыла Луцэя. — Што ты прадаў? Наадварот, ты выратаваў трое душ ад голаду. Не дастаў бы грошы — заўтра сядзелі б без крошкі хлеба. Бедныя дзеці і сёння ўжо амаль нічога не елі. Ды калі пазычыў, то ці ж гэта значыць, што і прадаў?    Гэта ж не на работу пайшоў... Пакінь лепш дратаваць сябе...
   Анупрэй нейкі час памаўчаў.
   — Маўчы лепш, Луцэя, калі не разбіраешся ні ў чым. Забастоўка — гэта вайна... А ў вайну нельга аднаму супроціў усіх весці перамовы з ворагам. Гэта ёсць здрада... Глядзі, два тыдні ідзе змаганне, і гэтыя паганцы гаспадары не здаюцца. Думаюць прымусіць нас пайсці на міравую. Хітрыкамі, зморам, забавамі — думаюць... Не паддавацца, трымацца як мага — вось чым можна перамагчы... А я... бачыш...
   Анупрэй міжвольна скочыў к акну, за якім вуліцаю прайшло двое мужчын: яму паказалася, нібы то ідуць да яго Мікола Капач і Антось Скуба...
   — Я штрэйкбрэхерам цяпер лічуся... Першым пайшоў за гаспадарскай ласкаю, — дадаў Анупрэй, як бы хочучы пакараць сябе за заход да Лейбы.
   — За гэта? Не разумею цябе, Анупрэй.
   — Кінь... Бяры лепш павячэраем, што ёсць. Заві дзяцей.
   Луцэя самапэўнасцю пайшла ў мыцельнік і стала ўвіхацца каля начыння. Анупрэй задуменна прачыніў акно і пазваў дзяцей.
   Хутка ўсёю сям'ёю ўселіся за стол, нагнуўшыся над міскай варанае крапівы.
   А тым часам у хаце цямнела.
 

IV

   Праз усю ноч Анупрэй не мог супакоіцца і заснуць як след. Толькі надыходзіў сон, плюшчыліся вочы і мярцвела цела, як раптам унутры штосьці адрывалася, прабягала па ўсёй постаці калючая дрыготка — і сон прападаў. Чарадою віліся чорныя думкі-сумненні, і натужна працавалі мазгі над пытаннем, як жа абыдзецца яго праступак?
   Анупрэй і находзіў і не находзіў сабе апраўданні. Пасудзіць з боку галавы сям'і, з боку бацькі — то ён зусім не здрадзіў. Луцэя — як шчырая маці-гаспадыня — была права. Але з погляду таварыскасці — зусім няма апраўдання. Анупрэй згаджаўся, што ён віноўнік перад таварышамі, што ён зрабіў цяжкую абмылку. Раз-адразу адзнанне свае віны ён адчуваў усё больш і прыкрэй, раз-адразу яе здань выразней насоўвалася на яго.
   Хацелася скарэй ведаць, чым усё гэта скончыцца.
   Маляваліся розныя скуткі, якія дасць вырашэнне пытання. І ўжо зараней ні ў адным з іх не бачыў Анупрэй сябе правым. Яму здавалася, лежачы, нібы хтось побач яго сцеражэ. Шамаў вецер за сцяною, шоргала мыш у запечку, скрыпеў шашаль у шалёўках акон, а паказвалася, што хтосьці гаворыць пра яго справу. Анупрэй паднімаў голаў і кідаў вачыма ў шэры змрок хаты, прыслухоўваючыся, ці спіць Луцэя з дзецьмі.
   Тыя спакойліва храплі. І Анупрэй міжвольна кратаўся думкамі аб сям'і. "Луцэя здаволена, што я ёй прынёс дзесяць рублёў, — перабіраў ён у думках. — Ды сапраўды, якое ёй дзела да ўсякіх там салідарнасцей і іншае, калі ў хаце ні капейкі грошай ці скарынкі хлеба. Двое дзетак сапраўды абадраных, бледных, ці ж замарыць іх голадам? Дзеці".
   Толькі чапала гэта слова Анупрэя, як ён хапаўся за іх, загладжваючы свой неспакой і сваю трывогу.
   Анупрэй ужо на світанні спыніўся на гэткім плане адказу таварышам, калі тыя паставяць аб ім пытанне рубам: "Я ратаваў сям'ю". Няўжо ж такі і гэта іх не ўрэзоніць?
   І вось назаўтра, з самага рання, калі жонка пайшла на рынак, Анупрэй неспакойліва пазіраў у акно, чакаючы каго-кольвечы да сябе. Ніводнага прахожага не прапускаў, каб не агледзець. Брала падазронасць, каб на рынку, чаго добрага, не прагаварылася каму Луцэя. Ён верыў у яе стрыманасць, але штось падточвала гэту веру. Хацелася, каб Луцэя хутчэй вярнулася дамоў. А мо хто што казаў пра яго ды яна чула? Расказала б мне.
   Анупрэй прачыніў акно, каб паглядзець, ці не ідзе часамі Луцэя. Паглядзеў управа — няма. Штось падштурхнула павярнуць голаў улева. Анупрэй раптам схамянуўся: недалёчка, хат праз дзве, ішоў Ахрэм Клін. Не трэба было сумнявацца — да яго. Анупрэю зрабілася млосна: так рана — то пэўна знарок. Яго жонка не змоўчала, бо гэткая язычніца. Нашчабятала, нябось, багата. Ужо ўсякія чуткі пойдуць... Чаго не было — дададуць... У людзей языкі свярбячыя — адно крані — мянташкамі пойдуць.
   Каб Ахрэм не падмеціў, Анупрэй выняў голаў з акна, зачыніў яго на кручок і адышоў на хату.
   Задумаўся, як і што гаварыць з таварышам. Трэба ж апраўдацца! Ды на гэта ёсць важкія прычыны.
   Анупрэй паглядзеў на пол, дзе варушыліся разбуджаныя дзеткі. Бацькаў погляд, праведзены спадлоб'я, сур'ёзны, паказаўся дзеткам за нейкую пагрозу на іх з боку бацькі; яны прысмірэлі і захуталіся ў акрывала.
   Анупрэй скмеціў прычыну дзяцінага манеўру і спагадліва ўсміхнуўся. "Бедныя дзеткі, усё з-за вас", — прапусціў ён у думках; і ад гэтых думак, як ад выходнага пункту да далейшых роздумаў, ён накідаў рысы наступнай гутаркі...
   Так і так. Ці ж ёсць праступак?
   Увайшоў Ахрэм, і Анупрэй перарваў думкі, віноўна стаў наўпрост перад увайшоўшым таварышам.
   — Ты, пэўна, не чакаў мяне, Анупрэй? — пацікавіўся Ахрэм.
   — Н-не-э, — раптам адказаў Анупрэй.
   — А вось я зайшоў, каб табе...
   Анупрэй перабіў таварыша, не даўшы таму дасказаць:
   — Я ведаю, дзеля чаго ты прыйшоў... Тут ужо адкрытая справа, ясна. Але слухай, братка, я іначай не мог. Не мог, даю табе таварыскае слова... Вось дзеці, — Анупрэй паказаў пальцам на пол, — так прыперла, што без хлеба, без... і хапіла за горла пытанне, як быць? Дапушчаць, каб уміралі, ці пайсці на папрошную... Мучыла, паверыш, адзнанне віны перад агульнай справай, але...
   Ахрэм паслухаў Анупрэя, увесь час гледзячы яму ў твар і ловячы ў ім трывогу ды раскаянне, пачакаў крыху і суцешна адказаў:
   — Я сазнаю ўсё... Ласне, думаеш, мне невядома тваё становішча? Тут цяжка ўстаяць... Я ўчора казаў сваёй жонцы: маўчы, тут не злачынства і не здрада, а вымус жыцця...
   Анупрэй павесялеў, крыху сцешыўся і задаволена дадаў:
   — Я і ведаў, што ты справядліва рассудзіш. Але прасіцьму цябе, пераканай, браток, і другіх, калі яны паднімуць на мяне лаянку... Ёсць жа ўсякія людзі!..
   — Я не веру, каб хто што нядобрае падумаў на цябе... Ды ніхто і ведаць не павінен... Я вось і сам прыйшоў да цябе зусім не па гэтым... Я, ведаеш, хачу запытаць у цябе, ці нельга было б дастаць у цябе пілкі? Думаю пайсці ў лес паставіць якую шурку дроў, пакуль гуляю... А ў цябе, здаецца, была пілка...
   — Так, ёсць недзе... я выскачу ў сенцы...
   Анупрэй намерыўся ісці, але знадворку стукнулі дзверы, і ён спыніўся.
   Пачакаў; у хату ўвайшла Луцэя.
   — Дзень добры! — прывіталася з Ахрэмам, падазрона кінуўшы на яго порсткі погляд.
   — Адкуль так рана? — запытаў Ахрэм.
   — На места бегала... Хлеба не было ў хаце, — сухім голасам, не азіраючыся на Ахрэма, адказала Луцэя. І, спусціўшы хвілінку, дадала: — Але, здаецца, рана, а людзі ўжо паспелі даняць.
   Мужчыны насцярожана паглядзелі ў бок Луцэі.
   — У чым справа? — разам запыталі.
   — Усё ў тваім паступку... штрэйкбрэхерам завуць. Сустрэла Кастуся Вілку і Боруха... Абодва з пенаю ў роце накінуліся на мяне...
   Анупрэй збялеў не то ад сполаху, не то ад злосці і, як бы шукаючы падмогі, павярнуўся да Ахрэма.
   — Чуеш, брат?
   Ахрэму стала няёмка: Анупрэевы словы адначасова былі і глыбокім укорам яму за павядзенне яго жонкі.
   — То, пэўна, яна паспела распусціць чуткі па мястэчку.
   Ахрэм пачырванеў ад няёмкасці. І, каб выйсці з гэтага становішча, рашуча падняўся з месца, матнуў рукою і чуць не крыкам выказаў:
   — Яна не павінна была казаць! Я ўчора ёй рашуча забараніў. То чортведама што! Брахунцы! Самі маюць усё бацькава, а лаюцца.
   Прайшоў сюды-туды па хаце, паглядзеў у акно і адвярнуўся да Луцэі.
   — Не думай! — уважліва загаварыў да яе. — Не думай, суседка, што то знарок... Я запэўняю сябе, што непаздаровіцца жонцы, калі то яна разбрахала.
   Луцэя адвярнулася на Ахрэма, змякчыла суровасць выгляду і адказала:
   — Ахрэмка, братка, ты сам ведаеш, як балюча гэта слухаць... То ж крый чаго, пойдуць супроціў яго, што ён рабіцьме? Віна ўся мая, бо я Анупрэя выправіла да гаспадара за грашыма... Ён сам нізашто не хацеў... Не карайце ж за мяне дзяцей...
   Анупрэй маўчліва стаяў на адным месцы, сочачы за Ахрэмам.
   А слова "штрэйкбрэхер", як малатком, стукала яму па галаве, разліваючы ўнутры балючую трывогу.

1918

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!