Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Цётка - Сірата

Увага! Поўны змест

   Сямі гадоў асталася Настулька круглаю сіратою. Перш-наперш памерла маці з гарачкі, а праз два рокі бацьку забіла дрэва ў лесе. Прыйшлі людзі на хаўтуры, пабедавалі, а нават некаторыя паплакалі. I тым скончылася тое. Бацьку пахавалі, а Настулька асталася адна-адзінютка, як палец, на белым свеце. Некаму Настульку накарміць, ані сарочку перамяніць. Жыла яна з нябожчыкам бацькам у Саладухі Канцавога на гасподзе. Асталося крыху адзення па бацьках: кажух, армяк, ботаў прышвы, жыта з паўтары шаснасткі ды круп з гарчык. Вот і ўся гаспадарка сіраціны, а і тую разабралі за доўг.
   Было лета. Людзі высыпалі на палеткі на работу. Адны дзеці ды сабакі асталіся ў вёсцы. Сіраціна села на прызбе і давай плакаць, давай крычаць:
   — Тата, тата, тата!
   А тата далёка, ляжыць у сырой зямлі глыбока, не чуе, як галодная дачка плача. Дзеці малыя пасхадзіліся, абступілі Настульку. Хто меў яблыка, грушку, хто кусок кашы, хто скарынку хлеба, клалі ў ручкі малой Настульцы. Будзькін Міхась пабег дахаты і ўсе свае цацкі прынёс дзяўчынцы. Але Настулька нічога не брала, нічога не слухала; яна ўжо не плакала і не крычала, а, чыста ссінеўшы, толькі хліпала. Ажно паказалася старая жабрачка, сіва, моў галубка; ішла памаленьку, апіраючыся на кіёк. Падышла бабуля да дзетак, распыталася, прыгарнула сіраціну да сябе, пагладзіла па галоўцы, кажучы: "Ціха, ціха, тата прыйдзе, абаранку прынясе, вунь туды пайшоў, за лес, зараз прыйдзе". Выняла з торбы хлеба, сыра, накарміла, завяла пад студню, вымыла ёй тварык, зняла сарочку, ахаяла ў карыце, высушыла, прыбрала Настульку і павяла з сабою, прыгаварваючы: "Пойдзем, дачулька, да таты, пойдзем". Ніхто не пытаў: па што, куды і скуль бабуля. Сіраціны як бы і не было, як бы яна і не радзілася ў Прудзянах.
   Прайшло гэта гадоў з чатырнаццаць. Нядзелькаю ўлетку павыходзілі прудзянскія на вуліцу. Старыя сабе гаварылі, маладыя гулялі. Ажно бач! Сівая каніна, запрэжаная ў каламажку, астанавілася проці Саладухавай хаты. Выскачыла маладая дзяўчынка, пекная, проста не нагледзецца, як з казкі каралеўна, ды давай вітацца з усімі, давай цалавацца з бабамі, дзяцьмі, дзяўчатамі. А тут ніхто не знае і не думае, што гэта сіраціна Настуля прыехала адведаць бацькавы магілы. Пасля толькі памалу-памалу разгаварыліся так ды сяк, прыпомнілі.
   Настулька расказала, што бабуля завяла яе ў вялікі горад, аддала добрым людзям, тыя яе выгадавалі, вывучылі і што цяпер яна вучыцельніцаў у Лебядзянскай воласці. Пабыла Настуля колькі дзён у Прудзянах, пагасціла і давай выбірацца ехаць назад. А вясковыя кажуць:
   — Не, мы цябе не пусцім; мы табе спадабаліся, а і ты нам. Ніхто яшчэ так з намі не гаварыў добра, як ты. Аставайся! У нашай воласці такжа ёсць школа, так ты і вучы нашых дзетак.
   Тым тое кончылася. Настуля пажагналася і паехала дахаты.
   Прайшло лета, восень, настала зіма. Прудзянскія гаспадары, нічога не ведаючы, забралі хлопцаў і павялі ў воласць вучыць. Глядзяць: Настуля вучыцельніцай, прымае, запісвае хлопцаў як мае быць. Ато ж была радасць...
   У другую нядзелю бабы, дзяўчаты, хлопцы пайшлі адведаць Настулю. Пасля Настуля стала прыязджаць у госці да прудзян ужо са сваімі вучнямі.
   А старое бабулі так ніхто больш не бачыў. Скуль прыйшла, куды пайшла, дзе падзелася, бог яе знае, ані слыху!

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!